Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў – пра «сымбаль беларускага народу» Лукашэнкі


Уладзімер Мядзьведзеў

Уладзімер Мядзьведзеў

Прэм’ер-міністар Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітрый Мядзьведзеў працягае распачатую напярэдадні палеміку пра ролю асобы Ёсіфа Сталіна ў гісторыі ХХ стагодзьдзя.

Сёньня на сваёй старонцы ў Facebook ён напісаў: «Сталіністам быць камфортна толькі тады, калі ведаеш, што за табой ня прыйдуць уначы».

Гэта стала адказам на ягоныя ранейшыя выказваньні, калі 30 кастрычніка падчас сустрэчы з актывам партыі «Единая Россия» Мядзьведзеў заявіў, што Сталін ды іншыя кіраўнікі савецкай дзяржавы таго часу вартыя самай жорсткай ацэнкі, паколькі вялі вайну з уласным народам. На гэтую рэпліку расейскі прэм’ер атрымаў паўтысячы камэнтароў, прычым вялікая колькасьць карыстальнікаў абараняла Сталіна і «жалезны парадак», які ён усталяваў.

«Любоў да памерлых тыранаў — звычайная чалавечая памылка. Добра быць сталіністам, разумеючы, што ніхто не зацьвярджае ў кабінэтнай цішы аловачкам расстрэльныя сьпісы», — разьвіў сваю думку Дзьмітрый Мядзьведзеў.

Як кажа кіраўнік руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, цяперашнія беларускія ўлады, гэтаксама як і крытыкі Мядзьведзева, непрыхавана настальгуюць па часах Сталіна, спрабуючы ўсталяваць аналягічны «парадак» у сучаснай Беларусі:

Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык

«У нас ёсьць унікальныя адказы з КДБ, зь іншых органаў, і калі б не сама па сабе страшная, трагедыйная праблема, іх можна было б друкаваць у гумарыстычным пляне. Напрыклад, такія, што расстрэлы ў 1937–38 гадах на тэрыторыі БССР былі (у прыватнасьці, на тэрыторыі Гомельскай вобласьці), але ж дадзеных, дзе гэта адбывалася, у іх нібыта няма. І прыкладаў такіх „няведаньняў“ процьма. Таму ў нас у гэтым сэнсе абсалютна трагедыйная сытуацыя. Варта нагадаць, што размова ідзе пра людзей, рэпрэсаваных рознымі хвалямі камуністычнага тэрору. Рэпрэсіі пачаліся адразу, як толькі бальшавікі захапілі ўладу: гэта і 1920-я гады, і 1930-я, і 1940-я. Зараз ужо ХХІ стагодзьдзе, і размова ідзе пра ўнукаў тых людзей, якія былі рэпрэсаваныя. Бо шмат у каго ўвогуле нікога не засталося — сталіністы зьнішчалі цэлыя сем’і, цэлыя роды, цэлыя вёскі».

Аляксандар Лукашэнка дастаткова высока ацэньвае ролю Сталіна для «ўмацаваньня» пазыцый СССР. Ня так даўно ён распавёў пра гэта расейскім журналістам. Але ўдакладніў, што яму да Сталіна «яшчэ тупаць і тупаць». Варта нагадаць, што ў 2006 годзе на адкрыцьці будынку нацыянальнай бібліятэкі Лукашэнка заявіў: «Ленін і Сталін — сымбалі беларускага народу»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG