Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвэстараў хочуць прывабіць, скасаваўшы консульскі збор


Кіраўніцтва Беларусі шукае спосабы, як завабіць дзелавых людзей з замежжа на VII Беларускі інвэстыцыйны форум, заплянаваны ў Менску на сярэдзіну лістапада.

Высокапастаўленыя чыноўнікі асабіста наведваюць гэтымі днямі некаторыя рэгіёны, якія ўяўляюць для Беларусі стратэгічны інтарэс. Апроч таго, удзельнікаў форуму пастаноўлена вызваліць ад сплаты консульскага збору. Пра гэта заявілі ў Нацыянальным агенцтве інвэстыцый і прыватызацыі.

Аднак экспэрты перакананыя: пры рэальнай цікавасьці да беларускай эканомікі замежным бізнэсоўцам ня цяжка будзе заплаціць нават 100 даляраў за нацыянальную візу. Іншая справа — ці захоча нехта рызыкаваць сваімі актывамі? Як кажа фінансавы аналітык Сяргей Чалы, апошні прыклад фактычнай нацыяналізацыі кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак» наглядна сьведчыць, куды насамрэч могуць пайсьці грошы інвэстараў:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
«Вядома, гэта праўда, што інвэстыцыйная прывабнасьць Беларусі пасьля гэтага прыкметна зьнізілася. І зроблена ўсё менавіта тады, калі для краіны настолькі важнае пытаньне станоўчага інвэстыцыйнага клімату. Плюс да ўсяго — адпаведныя словы так і прагучалі, бо Лукашэнка адкрытым тэкстам сказаў: на інвэстыцыйны клімат пляваць, для нас інтарэсы народу — вышэй за ўсё. Але ў дадзеным выпадку, хутчэй, інтарэсы дзяржавы, бо гаворка пра аднаўленьне долі дзяржавы, а ніякага не народу. Так што калі хтосьці не зразумеў, то яшчэ і на словах, адкрытым тэкстам было патлумачана, як усё гэта трэба разумець насамрэч».

Яшчэ некалькі гадоў таму беларускі ўрад паставіў задачу трапіць у трыццатку дзяржаў з найбольш прывабным інвэстыцыйным кліматам. Аднак адсутнасьць прыватызацыйных працэсаў у краіне і неабароненасьць патэнцыйных інвэстараў ад выпадкаў накшталт таго, які здарыўся з акцыянэрамі «Камунаркі» і «Спартака», спыняюць любы імпэт распачынаць бізнэс у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG