Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Суп з кашы, якую вязьні не даелі ўчора»


Гарадзенская турма

Гарадзенская турма

У якую турму можа трапіць палітвязень Зьміцер Дашкевіч?

З такім пытаньнем карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да праваабаронцы з ужо ліквідаванай уладамі ўстановы «Плятформа», былога палітвязьня Андрэя Бандарэнкі.

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка мяркуе, што Зьмітра Дашкевіча могуць перавесьці ў любую з трох беларускіх турмаў — жодзінскую, гарадзенскую і нават магілёўскую. Паводле зьвестак Андрэя Бандарэнкі, аргумэнт пра тое, што магілёўская турма прызначаная толькі для вязьняў, якія асуджаныя ўпершыню, ужо ня ёсьць актуальным. Але ў магілёўскай турме, паводле праваабаронцы, ужо ўтрымліваюць вядомага палітвязьня, былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча і для ўладаў «гэта непажаданае суседзтва». Такім чынам, для разьмяшчэньня Дашкевіча, мяркуе Бандарэнка, застаюцца жодзінская ці гарадзенская турмы. Вось што праваабаронца распавёў пра ўмовы ў гэтых установах.

«Тое, што адбываецца ў жодзінскай турме — дастаткова вядома, бо яна знаходзіцца непадалёк ад Менску і шмат людзей празь яе праходзіць. Як асаблівасьць — узмоцнены рэжым, жорсткае стаўленьне да вязьняў, прычым разнастайныя перашкоды ў рэалізацыі іх правоў. І нават, як мы шмат разоў казалі, ёсьць небясьпека жыцьцю. Але адначасова варта адзначыць, што бытавыя ўмовы там найбольш набліжаныя да стандартаў, калі ня браць харчаваньне і мэдычнае абслугоўваньне. Гэта я пра стан камэр, асьвятленьне, наяўнасьць сьвежага паветра, якасьць душавых кабінаў».

Карэспандэнт: «Паводле былых вязьняў Жодзіна, жорсткасьць ахоўнікаў там тлумачыцца тым, што ў гэтай турме ўтрымліваць пажыцьцёва зьняволеных. Таму, маўляў, адна зьмена ахоўнікаў нармальная, а другая — надзвычай жорсткая. Гэта так?»

Бандарэнка: «Мяркую, гэта памылковае меркаваньне. Калі я там утрымліваўся ў СІЗА, у нас было тры зьмены. Адна жорсткая, другая крыху мякчэйшая, а трэцяя ніякая — нейкія самадуры, ад якіх можна было чакаць чаго заўгодна, як добрага, гэтак і дрэннага. У тых, хто сядзеў у турме, гэтаксама было тры зьмены ахоўнікаў. На вартаўнікоў, якія ахоўваюць пажыцьцёвых зьняволеных, безумоўна накладае адбітак іх праца, але яны працуюць у сваім блёку і да астатніх іх не пускалі. У іх свае інструкцыі, свае загады, свая спэцыфіка. Але ў турме, канечне, усё роўна даволі жорстка. Нельга днём спаць і адпаведна ляжаць на ложку, за гэта караюць. На ноч выключаюць ваду, з-за чаго вязьні вымушаныя набіраць яе ў адмысловую тару. Нельга спазьніцца на адбой і адпаведна на пад’ём. То бок усё паводле раскладу. Калі б была лепшай ежа і добрае мэдычнае абслугоўваньне, магчыма, менш было б прэтэнзій да гэтай турмы.
Жодзінская турма

Жодзінская турма


Што да гарадзенскай турмы, там усё ж патрабаваньні адміністрацыі прасьцейшыя, але бытавыя ўмовы горшыя. Турма ў старым, яшчэ царскіх часоў, будынку. Але перакананы, што большасьць вязьняў на месцы Дашкевіча імкнуліся б трапіць менавіта ў Горадню. Бо да бытавых умоваў, якія б яны ні былі, лепшыя ці горшыя, прызвычайваесься на другі-трэці дзень. А маральны прэсінг у Жодзіне адчуваецца. Да таго ж, мы ня раз адзначалі там наяўнасьць «прэс-хат». Гэтым вядомая жодзінская турма, чаго пакуль мы не выявілі ў Горадні.

Карэспандэнт: «Тым ня менш, вось Аўтуховіч знаходзіцца ў гарадзенскай турме і піша, што ў камэры вельмі холадна. Сваякі паведамляюць пра яго, што даводзілася ў шапцы спаць. Чаму такое магчыма?»
У жодзінскай турме ёсьць стравы, якія ўжываць проста небясьпечна. Зьняволеныя пра гэта ведаюць і папярэджваюць навічкоў

Бандарэнка: «Гэта тычыцца ўсіх турмаў. Трэба разумець, што якой бы лепшай не была ў чымсьці турма, заўсёды ў ёй знойдуцца „адмысловыя“ памяшканьні, куды будуць зьмяшчаць пэўнага асуджанага, каб аказаць на яго ціск. Вось як з Аўтуховічам, якога зьмясьцілі ў вуглавую камэру. Гэта стандартны варыянт: вуглавая камэра, хвароба ўсёй нашай пэнітэнцыярнай сыстэмы. Такія камэры не ўцяплёныя, батарэі ня могуць прагрэць камэру як мае быць, вокны добра не зачыняюцца, і калі на двары холадна, то ў такой камэры тэмпэратура значна ніжэй за норму. Але казаць, што ўсе камэры толькі дрэнныя, гэтак я б сказаў толькі пра Валадарку».

Карэспандэнт: «Вы казалі пра жодзінскую турму, што там дрэннае мэдычнае абслугоўваньне і харчаваньне. Што гэта азначае канкрэтна?»

Бандарэнка: «Што да мэдычнага абслугоўваньня — гэта абсалютная праблема ўсёй пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі. Якаснага мэдычнага абслугоўваньня зьняволеныя не атрымліваюць, як не атрымліваюць і патрэбнага забясьпячэньня мэдыкамэнтамі. Гэта тычыцца ўсіх устаноў. Магчыма, тут крыху лепшая толькі „Віцьба“, але збольшага ўсе на адным узроўні. Гэта старое абсталяваньне, недахоп пэрсаналу, недахоп лекаў. І вельмі нізкая кваліфікацыя супрацоўнікаў мэдычных частак.

Што да харчаваньня, то ў кожнай зоне ўсё ж па-рознаму. Мы зараз кажам пра Жодзіна, дык там якасьць ежы я б назваў нават бліжэй да адмоўнай. Бо там ёсьць стравы, якія ўжываць проста небясьпечна. Зьняволеныя пра гэта ведаюць і папярэджваюць навічкоў. Было дастаткова выпадкаў атручваньня, у тым ліку сур’ёзнага. Гэта тычыцца ўжываньня страваў з пратухлай рыбы, ці гэтак званага бігуса — стравы з кіслай капусты. Зусім не даюць там малака і малочных прадуктаў. Вось тут варта адзначыць турму на Валадарскага, дзе даюць і малако, і тварог, ёсьць магчымасьць атрымаць малочныя супы. У Жодзіна гэтага няма. Там стандартны набор супоў, якія звычайна гатуюць з той кашы, якую вязьні не даелі зь вечара. Гэта пра ўсю пэнітэнцыярную сыстэму можна казаць, што харчаваньне дрэннае, але ў параўнаньні з той жа Валадаркай Жодзіна на некалькі парадкаў горш. Што да гарадзенскай турмы, там харчаваньне я б назваў сярэднім. Добрым не назавеш, але ва ўсякім разе тое, што даюць у гарадзенскай турме, можна есьці».

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка мяркуе, што ў Дашкевіча ўсё ж больш шанцаў трапіць у гарадзенскую турму. Паводле яго, галоўны аргумэнт — тое, што жодзінская турма знаходзіцца непадалёк ад Менску і верагоднасьць правядзеньня там акцый пратэсту і салідарнасьці з такім вядомым вязьнем, як Дашкевіч, большая. «А ўладам гэта не патрэбна», — мяркуе Бандарэнка.
XS
SM
MD
LG