Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі выканкам супраць дэмакратаў, лік 150:0


Гомельскі гарвыканкам за апошнія сем гадоў не дазволіў дэмакратычным актывістам правесьці ніводнага з больш як 150 заяўленых пікетаў і мітынгаў.

Апошні раз гарвыканкам забараніў прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) правесьці пікет 7 кастрычніка, у сусьветны Дзень дзеяньняў за годную працу. Прафсаюз хацеў пікетам прыцягнуць увагу да сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў рэгіёне.

Прадстаўнік прафсаюзу Віктар Казлоў падаў скаргу на гарвыканкам у суд. 30 кастрычніка судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Жана Андрэйчык адхіліла гэтую скаргу.

Прадстаўнік Гомельскага гарвыканкаму ў судзе, галоўны спэцыяліст юрыдычнага аддзелу Эльнура Бядуліна заявіла, што кожны арганізатар масавых мерапрыемстваў павінен за асабісты кошт аплаціць паслугі міліцыі, хуткай мэдычнай дапамогі й спэцаўтапрадпрыемства, якія будуць абслугоўваць пікет. Гэтага патрабуе рашэньне гарвыканкаму ад 2008 году. Суд зь ёй пагадзіўся.

Прававы інспэктар прафсаюзу РЭП у Гомельскай вобласьці, юрыст Леанід Судаленка лічыць, што Беларусь ігнаруе рашэньні міжнародных арганізацыяў:

«Нядаўна Камітэт ААН па правах чалавека па нашай скарзе прыняў рашэньне, паводле якога Беларусь ня толькі парушае правы сваіх грамадзян на свабоду правядзеньня мірных сходаў, але яшчэ й абавязана зьмяніць нацыянальнае заканадаўства на гэты конт, якое й вядзе да парушэньня права кожнага беларуса на свабоду выказваньня сваіх меркаваньняў і мірных сходаў».

Паводле Судаленкі, прадстаўнік гарвыканкаму заявіў, што гэтага ня ведае й ня хоча ведаць, і што пікет забаронены на падставе існуючага заканадаўства.
XS
SM
MD
LG