Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агенцтва «Прайм» паведаміла, што Расея патрабуе ад Беларусі вярнуць 1,5 мільярда даляраў за растваральнікі. У чым прычына нафтавых супярэчнасьцяў? Чаго насамрэч дамагаецца Расея? Чым скончацца перамовы па нафце?

Удзельнікі: журналістка газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак зь Менску і экспэрт у пытаньнях энэргетыкі Дзьмітрый Балкунец з Масквы.


У чым прычына нафтавых супярэчнасьцяў?


Валер Карбалевіч: «Гледзячы па ўсім, нафтавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй знаходзіцца ў фазе абвастрэньня. Усё пачалося з таго, што Расея скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь у чацьвёртым квартале на 26%. З улікам таго, што ў першай палове году нафтапрадукты давалі да 40% даходаў ад усяго беларускага экспарту, гэта моцны ўдар у самае ўразьлівае месца беларускай эканомікі.

Аднак гэта быў толькі першы ўдар. Высьвятляецца, што Масква хоча зьнізіць пастаўкі нафты наступным годам. Ці, ва ўсялякім разе, гэта дэкляруе. Мінулым тыднем прайшлі перамовы паміж віцэ-прэм’ерамі Беларусі і Расеі Сямашкам і Дварковічам. Гледзячы па ўсім, яны закончыліся безвынікова.

У чым сутнасьць супярэчнасьцяў? Здаецца, пытаньне пра растваральнікі-разбаўляльнікі, якое азмрочвала двухбаковыя адносіны, зьнятае з парадку дня. Тым ня менш канфлікт абвастраецца. У чым яго прычына?»

Тацяна Манёнак: «Традыцыйна напрыканцы году Беларусь і Расея заключаюць дамовы аб балянсах па пастаўках энэргарэсурсаў на наступны год. Сёлета Беларусь мела вельмі выгадныя ўмовы імпарту расейскай нафты. Беларусь атрымае за год 21,5 млн тон. нафты праз трубаправод. Раней гэтая лічба складала 18 млн тон. Зразумела, наступным годам Менск хацеў бы пралянгіраваць такія спрыяльныя ўмовы.

Але атмасфэру сапсавала пытаньне растваральнікаў. Расея патрабуе вярнуць 1,5 млрд даляраў, якія яна страціла ад гэтага бізнэсу. Акрамя таго, балянс прадугледжвае, што сёлета Беларусь мае паставіць на расейскі рынак 5,8 млн тон нафтапрадуктаў. І пасол Сурыкаў сказаў, што пакуль Беларусь ня выканае гэтай умовы, то наўрад ці яна атрымае патрэбны ёй балянс імпарту нафты наступным годам. Гэта 23 млн тон. Бо беларускія заводы мадэрнізаваліся і ў стане перапрацоўваць больш нафты, чым раней. Але калі пастаўкі на расейскі рынак беларускіх нафтапрадуктаў нявыгадныя, наўрад ці можна прымусіць гэта рабіць сілай. Канфлікт пакуль ня выйшаў на публічны ўзровень».
Спроба Беларусі дывэрсыфікаваць пастаўкі энэргарэсурсаў правалілася

Дзьмітрый Балкунец: «Галоўная праблема ў двухбаковых адносінах палягае ў тым, што бакі не выконваюць падпісаныя пагадненьні. Беларусь шмат гадоў атрымлівае энэргетычныя субсыдыі ад Расеі і хацела б, каб гэта працягвалася і далей. Гэтыя субсыдыі выкарыстоўваліся Менскам нерацыянальна. Беларусь увесь час шукае нейкія шэрыя схемы, каб зарабляць грошы. Раней Менск выкарыстоўваў дзеля гэтага адсутнасьць мытнай мяжы з Расеяй. І вось цяпер растваральнікі. Лічу, што патрабаваньні Расеі, каб Беларусь вярнула 1,5 млрд даляраў, справядлівыя.

Беларусь вельмі моцна залежыць ад Расеі. У 2005–2011 гадах доля экспарту энэргетычных тавараў у агульным беларускім экспарце складала 30–35%. Спроба Беларусі дывэрсыфікаваць пастаўкі энэргарэсурсаў правалілася. Гэта аказалася нерэнтабэльна».


Чаго насамрэч дамагаецца Расея?


Карбалевіч: «Сп-ня Манёнак, вы сказалі, што пакуль гэты канфлікт ня выйшаў на публічны ўзровень. Але вось расейскія афіцыйныя і паўафіцыйныя асобы (у прыватнасьці, кіраўнікі кампаніі „Транснафта“) робяць пагрозьлівыя заявы на адрас Беларусі. І вось агенцтва „Прайм“ паведаміла, што Расея патрабуе ад Беларусі вярнуць 1,5 мільярда даляраў за растваральнікі. Патрабаваньне нейкае несур’ёзнае. Бо дзеля гэтага няма юрыдычных падстаў. Гэта нейкі шантаж? Чаго насамрэч дамагаецца Расея ад Беларусі?»

Манёнак: «Так, гэтае патрабаваньне аб вяртаньні грошай — проста ход у працэсе перамоваў. Адказнасьць за гэты нядобрасумленны „растваральны бізнэс“ нясуць ня толькі беларускія, але і расейскія кампаніі. Таму і гэтыя 1,5 млрд даляраў трэба разьдзяліць паміж імі. Дарэчы, сёлета каля 50% нафты, якая перапрацоўваецца на беларускіх НПЗ, належыць расейскім кампаніям. Ім гэта выгадна, і яны будуць лабіраваць павялічэньне балянсу пастаўкі нафты ў Беларусь.
Адказнасьць за гэты нядобрасумленны „растваральны бізнэс“ нясуць ня толькі беларускія, але і расейскія кампаніі

І яшчэ прэм’ер Беларусі Мясьніковіч запэўніваў, што 4 жніўня адышоў апошні вагон з растваральнікамі. Але я маю дакладную інфармацыю, што ў верасьні Беларусь экспартавала біядызэль, газойль і іншыя сублімаваныя нафтапрадукты.

Заканадаўча забараніць гэты бізнэс складана. Эўразійская эканамічная камісія, якая разглядала адпаведныя прапановы Расеі, расьпісалася ў бясьсільлі вырашыць гэтую праблему. Беларусі бок катэгарычна супраць увядзеньня мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў межах Адзінай эканамічнай прасторы.

Афіцыйныя прадстаўнікі „Транснафты“ заяўляюць, што пастаўкі нафты ў Беларусь нявыгадныя. Бо сёлета РФ запусьціла другую нітку Расейскай трубаправоднай сыстэмы. У Расеі зьявіўся прафіцыт магутнасьцяў транспартаваньня нафты. І „Транснафта“ хацела б на гэты калідор перанакіраваць нафту, якая цяпер пастаўляецца ў Беларусь».

Балкунец: «Праблема Беларусі ў тым, што яе эканоміка нерэфармаваная. Таму яна вельмі залежыць ад ільготных умоваў паставак расейскіх энэргарэсурсаў. Таму Беларусь можа ператварыцца ў дэпрэсіўны рэгіён».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG