Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўская апазыцыя: моладзь баіцца, ветэраны адыходзяць


28 кастрычніка да крыжа памяці, усталяванага на месцы масавых расстрэлаў, прыйшлі ўсяго чацьвёра актывістаў.
28 кастрычніка да крыжа памяці, усталяванага на месцы масавых расстрэлаў, прыйшлі ўсяго чацьвёра актывістаў.
Дзьве публікацыі на мінулым тыдні пра падзеі ў Магілёве апынуліся сярод найбольш чытаных на сайце беларускай «Свабоды». Дыскусію ў камэнтарах выклікаў матэрыял пра адзіную вучаніцу адзінай беларускамоўнай клясы абласнога цэнтру Ялінку Салаўёву. Тое ж адбылося і з публікацыяй, прысьвечанай таму, як у Магілёве 28 кастрычніка мясцовая апазыцыя адзначыла Дзяды. Да крыжа памяці, усталяванага на месцы масавых расстрэлаў, прыйшлі чацьвёра актывістаў.

Што адбываецца ў асяроддзі магілёўскай апазыцыі? Ці сапраўды яна забываецца на знакавыя даты гісторыі і выклікі часу?

Першае сваё пытаньне я адрасаваў маці Ялінкі Салаўёвай — спадарыні Надзеі. Адна рэч найбольш уразіла ў камэнтарах да публікацыі пра навучаньне ейнай дачкі: акрамя захапленьня ўчынкам бацькоў, былі й кпіны — што, маўляў, вы сваю дачку робіце закладніцай уласных перакананьняў?

Надзея Салаўёва
Надзея Салаўёва
«Гэта нас абурыла. Супярэчнасьцяў у гэтым няма. Жаданьне дзіцяці такое ж самае, як і ў бацькоў. Я не лічу, што яна нейкая непаўнавартасная, што мы сапсуём ёй жыцьцё. Яна жыве ў нармальным грамадзтве. Ялінка навучаецца ў нармальнай школе з усімі дзецьмі. У яе ёсьць настаўніца, ёсьць пакой. Ёсьць забесьпячэньне — кніжкі, праграма распрацаваная. У яе ёсьць нават больш. У яе ёсьць кампутар у клясе. Мультымэдыйныя матэрыялы, якія мы распрацоўвалі і якія ТБШ зь Менску дасылала», — зазначае Надзея Салаўёва.

У водгуках гучала і тое, што мясцовая апазыцыя, перадусім нацыянальна арыентаваная, магла б дапамагчы сям’і Салаўёвых знайсьці дачцэ аднаклясьнікаў. Дык ці дапамагае, пытаюся ў спадарыня Надзеі:
Усё, што рабілі — рабілі мы. Салідарнасьці няма

«Я думаю, што магла б. Прынамсі патэлефанаваць. Падыйсьці — запытацца, што трэба, чым дапамагчы. Такія людзі былі, але гэта былі адзінкі. ТБМ быў, але яны так на пачатку навучальнага году цікавяцца звычайна. А так усе ініцыятывы, ідэі наконт разьвіцьця клясы паходзяць ад нас. Усё, што рабілі — рабілі мы. Салідарнасьці няма. Што тут хаваць? Я кажу як ёсьць».

Больш за два гады таму магілёўская грамадзкасьць дамаглася адкрыцьця беларускамоўнай клясы. Аддзел адукацыі гарвыканкаму тады ставіў пытаньне рубам: «Будуць вучні — будзе кляса». З тых, хто патрабаваў, аддалі дзіця вучыцца па беларуску толькі Салаўёвы. За прамінулы час імпэт у пашырэньні беларускамоўнага школьніцтва ў Магілёве пакрысе аціх. Чаму? Былы настаўнік матэматыкі і сябра ТБМ, цяпер пэнсіянэр Міхась Булавацкі зазначае:

Міхась Булавацкі
Міхась Булавацкі
«Ён не аціх, а прытаіўся. Людзі чакаюць нейкіх зручных варункаў. Каб людзі былі зацікаўленыя аддаваць дзіця ў беларускамоўную клясу — яны павінны мець нейкую выгоду з гэтага. Я вось чакаю, пакуль Ялінка дарасьце да пятай клясы. Тады я займуся гэтай праблемай. Я прапаную школе зрабіць беларускамоўную клясу з матэматычнай спэцыялізацыяй і абвясьціць набор у пятую беларускамоўную клясу. Я ўпэўнены, што там ужо будзе не адна Ялінка, а будзе сама меней дзясятак чалавек».

У 2002 годзе Міхась Булавацкі, як ён кажа, амаль дамогся адкрыцьця ў Магілёве адразу сёмай беларускамоўнай клясы з матэматычнай спэцыялізацыяй. Было чацьвёра ахвотных вучыцца ў ёй. Аднак, паводле настаўніка, адкрыцьця не адбылося, бо чыноўнікі не знайшлі фінансаваньня для клясы.

Пытаньне пра імпэт у пашырэньні беларускамоўнага школьніцтва ў Магілёве я задаў і мясцоваму палітыку, сябру партыі БНФ Віталю Макаранку:

Віталь Макаранка
Віталь Макаранка
«Што аціх, тое відавочна. Не было дасягнута, нягледзячы на ўсе высілкі, заплянаванага выніку. Мінімальна прыкметнага. Людзі, якія былі заангажаваныя ў гэтую дзейнасьць, зразумелі, што без спрыяньня дзяржавы нічога ня будзе насамрэч. Таму тыя, хто гэтую ідэю рухаў, цяпер на такім раздарожжы. Відавочна, што трэба шукаць нейкія новыя падыходы, новыя варыянты дзейнасьці».

А чым апазыцыйная грамадзкасьць, спадар Макаранка, магла б дапамагчы такім, як сям’я Салаўёвых?

«Тут пытаньне не да апазыцыйнай грамадзкасьці. Што апазыцыйная грамадзкасьць? Маё дзіця жыве ў іншай краіне. Што я магу? Нічога. Каб у мяне дзіця было тут, тады б можна было мне задаваць пытаньне: „Чаму ты не аддаеш дзіця ў беларускамоўную клясу?“ Гэта пытаньне да тых, хто мае дзяцей і выбірае нешта іншае, акрамя беларускамоўнай клясы».

28 кастрычніка на Дзяды ў Магілёве да крыжа памяці, што на праспэкце Дзімітрава, прыйшлі чацьвёра апазыцыянэраў. Да іх на месца масавых расстрэлаў часоў бальшавіцкага і сталінскага тэрору прыходзілі яшчэ людзі — гэта было відаць па не замерзлых на непагадзі кветках. Звычайна да крыжа на Дзяды прыходзяць сваякі расстраляных. Яны не чакаюць апазыцыйнай грамады. Сёлета памінальную акцыю арганізаваў сябра партыі БНФ Сяргей Гіркін. Ён адзначае:

«Калі мы зладзілі гэтую акцыю, то шмат хто пачаў казаць, што я ня меў права сам гэтага рабіць — што гэтае сьвята павінна адзначацца пазьней. Хоць куды ўжо пазьней? Пра гэта наўпрост ніхто ня думаў, а спахапіліся, калі мы правялі акцыю. Чыста чалавечы досьвед паказвае, што мы можам зьбірацца паасобку, а цяпер, калі ў краіне такая сытуацыя палітычная — мы павінны быць усё ж такі разам».

Крыж па-над кар’ерам, дзе выявілі парэшткі расстраляных, усталявалі пры канцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя. У першыя гады пасьля ўсталяваньня да гэтага сымбаля памяці зьбіраліся дзясяткі людзей. У апошнія гады — грамада зрэдку налічвала дзясятак чалавек. Дык няўжо сёлета магілёўская апазыцыя забылася на Дзяды?

Зьміцер Салаўёў
Зьміцер Салаўёў
Старшыня абласной структуры партыі БНФ Зьміцер Салаўёў: «Ніхто ні на што не забыўся. Кааліцыя дэмакратычных сіл разглядала гэтае пытаньне і вырашала праводзіць Дзяды менавіта ў дзень Дзядоў, 2 лістапада. Тое, што прыйшлі людзі да крыжа 28 лістапада — гэта іх прыватная ініцыятыва. Мы жывём самастойна і не азіраемся на Менск і самі вырашаем, калі што адзначаць».

Ці адзначыць Дзяды магілёўская апазыцыя 2 лістапада, невядома. Тым ня менш пытаньне застаецца — наколькі шматлюднай будзе грамада? На яго адказвае кааардынатар кааліцыі дэмакратычных сіл Юры Новікаў:

«Паводле досьведу мінулых гадоў гэтая акцыя ніколі шматлюднай не была. Прыходзілі ў асноўным людзі сьвядомыя. Тут, вядома, і наша недапрацоўка. Мы ніяк не прапагандуем гэтую дату. Сярод моладзі не працуем. Што зьвязана з гэтай датай, то апошнія некалькі гадоў праблемаў зь міліцыянтамі ў нас не было. Прыедуць яны, паглядзяць, але ніколі ня ўмешваліся ў нашу цырымонію».

Нешматлюднымі сталі і іншыя публічныя акцыі. Напрыклад, адзначэньне гадавіны Чарнобылю альбо прызнаньня магілёўцамі ўлады БНР. Летась да будынка абласнога музэю, дзе адбыўся ў 1918 годзе памятны сход магілёўцаў, не прыйшоў ніхто. Пяцігадовая традыцыя перарвалася. Аднаго з арганізатараў акцыі Зьмітра Салаўёва паставілі ў 2011 годзе за ўскладаньне кветак на прафіляктычны ўлік у КДБ.

Былі і іншыя мерапрыемствы, у якіх апазыцыйныя актывісты ўдзельнічалі, ня лішне азіраючыся на спэцслужбы. Напрыклад, зьбіралі подпісы за адбудову ратушы ў Магілёве. Альбо нядаўняе — збор сродкаў, каб выкупіць для музэю Магілёва два старадрукі, у тым ліку Статут Вялікага Княства Літоўскага. Абодвум мерапрыемствам спрыялі дзяржаўныя органы. Было і яшчэ адно. Група апазыцыянэраў выступіла супраць усталяваньня ў Магілёве бюста апошняга расейскага самадзержца Мікалая ІІ. Гарвыканкам вымушаны быў адрэагаваць, і падарунак з Масквы схавалі ў музэі. Сярод тых, хто выступаў супраць бюста, быў Валадар Цурпанаў. Што адбываецца з апазыцыйным асяродкам? — пытаюся ў лідэра нефармальнай ініцыятывы «Рушаньне «Магілёўская лучнасьць». Валадар Цурпанаў апавядае:

Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў
«Апошнія год, два ці, можа, тры і болей тут усё расьцярушана. Ёсьць толькі так званыя функцыянэры, якія і рэпрэзэнтуюць нешта, што мы прызвычаіліся называць апазыцыяй. Таму выснова мая вось такая: «Таму няма ў нас апазыцыі ў Магілёве дзейнай і публічнай».

Паводле Валадара Цурпанава, стан апазыцыі ў Магілёве ня надта адрозьніваецца ад апазыцыйных асяродкаў у іншых гарадах Беларусі. Моладзь ня надта гатовая папаўняць апазыцыйныя шэрагі, таму што баіцца перасьледу, а вэтэраны апазыцыйнага руху пакрысе адыходзяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG