Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўца Рамана Васільева асудзілі на 5 сутак


Раман Васільеў

Раман Васільеў

У Мёрскі раённы суд яго даставілі з раённага шпіталя, куды ўчора ён трапіў з дыягназам «гіпэртанічны крыз».

Хлопцу стала кепска падчас учорашняга судовага пасяджэньня, дзе яго разам зь Зьмітром Крамянецкім судзілі па абвінавачаньні ў дробным хуліганстве. Крамянецкаму прысудзілі 5 сутак учора, а працэс над Васільевым быў адтэрмінаваны на няпэўны час — пакуль яго здароўе не палепшае.

Каля 14-й гадзіны Рамана Васільева выпісалі з шпіталя і ўручылі позву ў суд. Туды ж яго і даставілі пад міліцэйскай аховай.

Старшыня райсуду Натальля Грыгор’ева прысуділа хлопцу арышт на 5 сутак паводле адміністрацыйнага артыкулу 17.1.

Абодва маладафронтаўцы, Крамянецкі і Васільеў, атрымалі аднолькавае пакараньне нібыта за нецэнзурную лаянку падчас затрыманьня. Хлопцаў затрымалі 27 кастрычніка ў Мёрах, дзе яны былі гасьцямі на вясельлі свайго сябра, таксама маладафронтаўца, Міколы Дземідзенкі. Побач з кавярняй, дзе адзначалі вясельле, міліцыянты затрымалі Зьмітра Крамянецкага, а Рамана Васільева затрымалі, калі ён ужо вяртаўся ў Менск, спыніўшы машыну, у якой ён ехаў.

Паволде меркавання аднадумцаў, хлопцаў затрымалі знарок — бо яны меліся ўдзельнічаць у шэсьці ў Курапаты і мітынгу, якія адбыліся ў Менску 28 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG