Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сівакоў: Магчымая і крымінальная адказнасьць кіраўнікоў спорту


Юры Сівакоў
Юры Сівакоў

Заявы Аляксандра Лукашэнкі пра карупцыю ў кіраўніцтве Мінспорту і НАК «Свабода» папрасіла пракамэнтаваць былога міністра спорту і міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Сівакова.

«Напэўна, прэзыдэнт ня той чалавек, які будзе ўголас казаць неправераную інфармацыю. Напэўна, яму былі прадстаўленыя аргумэнты і факты, якія і прадвызначылі такія эмацыйныя ягоныя выказваньні з гэтай нагоды. Вядома, гэта прыкра, і вельмі непрыемна, што нашыя чыноўнікі могуць карміцца за кошт спартоўцаў. Але, напэўна, у пэўнай ступені гэта так. Думаю, што спачатку было слова, сказанае на сходзе, а потым будзе справа, у тым ліку праваахоўных органаў, якія разьбяруцца, наколькі прадстаўленыя прэзыдэнту для справаздачы факты адпавядаюць сапраўднасьці.

Трэба ведаць нашую сыстэму: калі прэзыдэнтам было заяўлена, а мы бачылі, што сярод удзельнікаў гэтага сходу былі ўсе службовыя асобы: і старшыня КДБ, і міністар унутраных спраў, і міністар абароны — усе яны кіраўнікі нейкіх фэдэрацый; акрамя таго, і пратакол даручэньняў па выніках гэтай нарады будзе складзены, і адпаведная сьледчая працэдура ў гэтай сувязі будзе праведзеная. Пытаньне ў тым, наколькі ўсё гэта пацьвердзіцца і паводле якога артыкула Крымінальнага кодэксу будзе кваліфікавацца. У гэтым і будзе адказнасьць, і ня думаю, што толькі адміністратыўная. Цалкам магчыма, што і крымінальная».

Сярод іншага Лукашэнка заявіў, што ў фэдэрацыі коннага спорту выяўлена нямэтавае выкарыстаньне сродкаў — каля 600 мільёнаў рублёў: «Праўда, Заічкоў гэта з дакладу прэзыдэнта прыбраў і выхваляўся свайму падзельніку: „Ты не хвалюйся, я выкрасьліў!“ Ды вас толькі з-за гэтага трэба ўзяць і выгнаць з працы!»

Юры Сівакоў з гэтай нагоды зазначыў: «Памочнік прэзыдэнта — гэта адзін з удзельнікаў распрацоўкі матэрыялаў і выступаў, зьвязаных са спортам. Таму натуральна, што матэрыялы справаздачы, перш чым легчы на стол прэзыдэнту, праходзілі праз памочніка. Такое выкрэсьліваньне цалкам магчымае. Ну, а сумнявацца ў тым, што існуе сыстэма кантролю за дзейнасьцю чыноўнікаў, у тым ліку і тэхнічнымі сродкамі, не выпадае».
Гэта, пагадзіцеся, забойчая пасада, калі міністра будуць пасьля кожнай алімпіяды здымаць

Юры Сівакоў мяркуе, што каб навесьці парадак у спартовай галіне, трэба не 2 і не 3 гады:

«Але, напэўна, магчыма знайсьці ў той жа галіне, з тых жа спартоўцаў людзей, якія валодаюць ня толькі фізычнымі дадзенымі, але і арганізатарскімі здольнасьцямі, чалавека, які зьяўляецца і дастаткова забясьпечаным у выніку дасягнутых вынікаў у спорце, таго, хто ведае гэтую сыстэму знутры і карыстаецца аўтарытэтам і мае маральнае права кіраваць такімі, як ён».

Разам з тым Сівакоў не выключае, што на пасаду міністра спорту цяпер многія пабаяцца пайсьці:

«Гэта, пагадзіцеся, забойчая пасада, калі міністра будуць пасьля кожнай алімпіяды здымаць. Я разумею, калі ёсьць такія факты хабарніцтва, карупцыі, але кожны мае права на памылку. Таму цяпер я думаю, што кожны, перш чым даць згоду на прызначэньне на гэтую пасаду, сто разоў падумае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG