Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадзім Карасёў: Украіну чакае пэрыяд мяккага аўтарытарызму


Вадзім Карасёў
Вадзім Карасёў

Ва Ўкраіне трэці дзень працягваецца падлік галасоў, пададзеных на выбарах Вярхоўнай Рады 28 красавіка. З розных рэгіёнаў ідзе шмат паведамленьняў пра наўмыснае зацягваньне працэдур у акруговых камісіях, канфлікты, спрэчкі, фальсыфікацыі.

Паводле партыйных сьпісаў лідзіруе кіроўная Партыя рэгіёнаў, якая пасьля апрацоўкі 89,39 адсотка бюлетэняў мае каля 31,6 працэнта галасоў. Аб’яднаная апазыцыя «Бацькаўшчына» набірае 24,43%; кампартыя Ўкраіны — 13,8, партыя Віталя Клічко «УДАР» — 13,5, праварадыкальная «Свабода» — 9,66%. Паводле папярэдніх вынікаў выбараў па мажарытарных акругах, каля чвэрці месцаў у парлямэнце заваёўваюць кандыдаты ад партыі ўлады, яшчэ чвэрць — апазыцыя і незалежныя кандыдаты.

Кіеўскі палітоляг, дырэктар Інстытуту глябальных стратэгій Вадзім Карасёў дапускае, што Партыя рэгіёнаў разам зь ейнымі саюзьнікамі з КПУ і дэпутатамі-самавылучэнцамі, якія перамагаюць у мажарытарных акругах, можа атрымаць у парлямэнце канстытуцыйную большасьць:

«Гэта магчыма. 300 галасоў Партыі рэгіёнаў спатрэбяцца, бо працуе Канстытуцыйная асамблея, якая рыхтуе новую Канстытуцыю. Новы Асноўны Закон ім патрэбен не для таго, каб прэзыдэнта абіралі ў парлямэнце, як палохае ўкраінская апазыцыя, а для таго, каб памяняць яе сацыяльныя палажэньні, скасаваць бясплатную адукацыю і ахову здароўя, напрыклад. Каб ухваліць Канстытуцыю, якая б адпавядала рэаліям дзікага капіталізму, а не абапіралася на яшчэ сацыялістычныя працоўныя і сацыяльныя правы паводле савецкай Канстытуцыі».

Посьпех на мінулых выбарах камуністаў і нацыяналістаў Вадзім Карасёў тлумачыць «радыкалізацыяй і пралетарызацыяй краіны»:
Ніводная лібэральная сіла не перамагла на гэтых выбарах. Перамаглі кансэрватары — правыя і левыя

«Ніводная лібэральная сіла не перамагла на гэтых выбарах. Перамаглі кансэрватары — правыя і левыя. Бедныя на Ўсходзе краіны галасуюць за камуністаў і Партыю рэгіёнаў, а бедныя на Захадзе — за „Свабоду“ і „Бацькаўшчыну“. І там, і там — бедныя і зьнядоленыя грамадзяне, якія хочуць помсты і ня хочуць прагрэсіўных зьменаў у краіне, а калі і хочуць, то ня бачаць, хто можа ўвасобіць гэтыя зьмены на партыйна-палітычным узроўні».

Паводле спадара Карасёва, вынікі гэтых выбараў — на карысьць прэзыдэнта Януковіча:

«Самае галоўнае, што Януковіч атрымаў зручных спарынг-партнэраў на прэзыдэнцкія выбары, напрыклад, Цягнібока са „Свабоды“. Можа спрацаваць сцэнар, калі ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў выйдуць Януковіч і Цягнібок».

Зь іншага боку, Януковіч хацеў бы пасьля гэтых выбараў пазбавіцца залежнасьці ад партнэраў-камуністаў, якія цяпер кантралююць мытню, лясную гаспадарку Ўкраіны, кажа спадар Карасёў.

«Партыя рэгіёнаў ня хоча ні з кім дзяліцца ні ўладай, ні паўнамоцтвамі, ні ўласнасьцю. А па-другое, яны хацелі б выглядаць цэнтрыстамі: камуністы будуць зьлева, нацыяналісты і „Бацькаўшчына“ — справа, а па цэнтры — Партыя рэгіёнаў, якая будзе рэспэктабэльнай палітычнай сілай на фоне радыкальных камуністаў і нацыяналістаў і будзе мець большасьць, каб прымаць любыя законы, якія будуць патрэбныя гэтай уладзе».

На гэтых выбарах ва Ўкраіне вярнулі мажарытарную сыстэму, паводле якой абіраецца палова Вярхоўнай Рады. Пераможцы ў гэтых акругах — гэта пераважна «людзі грошай», кажа Вадзім Карасёў.
Новы парлямэнт у цэлым адлюстроўвае грамадзтва ва ўмовах сацыяльна-эканамічнага і фінансавага крызісу, фрустрацыі і дэпрэсіі

«У мажарытарных акругах перамагаюць альбо людзі грошай, альбо людзі партыйных брэндаў. А паколькі ўлада непапулярная, то яна хавае сваіх кандыдатаў за самавылучэнцамі. А гэта, як правіла, багатыя людзі, якія не шкадуюць грошай, каб атрымаць мандат. Яны, хутчэй за ўсё, будуць з Рэгіёнамі. Некаторыя, можа, і застануцца самастойнымі, але ў асноўным гэта прыхаваныя рэгіяналы і непрыхаваныя апазыцыянэры».

Парушэньні і фальсыфікацыі, пра якія ёсьць шмат сьведчаньняў, уплываюць на вынік выбараў, але неістотна, мяркуе спадар Карасёў. Больш паўплывалі арышт і асуджэньне Юліі Цімашэнкі і Юрыя Луцэнкі.

«А гэтыя фальсыфікацыі — гэта баі мясцовага значэньня, у асобных мажарытарных акругах, у асобных рэгіёнах. Новы парлямэнт у цэлым адлюстроўвае грамадзтва ва ўмовах сацыяльна-эканамічнага і фінансавага крызісу, фрустрацыі і дэпрэсіі».

Вадзім Карасёў мяркуе, што пасьля выбараў у разьвіцьці Ўкраіны будзе паўза ў дэмакратычным разьвіцьці:

«Будзе сыстэма мяккага, аксамітнага, расьсеянага, у адрозьненьне ад беларускага варыянту, аўтарытарызму».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG