Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Моладзевыя актывісты арганізацыі «Эўрапейская пэрспэктыва» правялі акцыю ў падтрымку мясцовых жыхароў, якія змагаюцца за захаваньне парку Дружбы народаў.

Зранку 30-га кастрычніка ў парку на дрэвах зьявіліся плякаты: «Інвэстары, сябруйце з паркам!», «Беражыце прыроду... ад чыноўнікаў», «Чыноўнікі нас высякаюць!»

Мэта акцыі — падтрымаць людзей, якія выступаюць супраць таго, каб у парку высеклі больш за сотню дрэваў.

На гэтым месцы плянуюць пабудаваць спартовую пляцоўку.

«Апошнім часам у Менску пачасьціліся выпадкі зьнішчэньня зялёных зонаў дзеля камэрцыйнага будаўніцтва. Гэта робіцца насуперак думцы мясцовых жыхароў, а часта і пад пратэсты грамадзкасьці. Зялёныя зоны, якіх застаецца ўсё менш, не павінны быць аб’ектам для будаўніцтва, а павінны захоўвацца дзеля спрыяльнай экалёгіі», — заявіў прадстаўнік «Эўрапейскай пэрспэктывы» Дзяніс Кобрусеў.



Глядзець Парк Дружбы народаў на вялікай мапе

Змаганньні за менскія паркі

Вясной 2012-га жыхары Менску выказваліся супраць таго, каб вырубіць частку Парка 40-годзьдзя кастрычніка, а на тым месцы пабудаваць гатэль «Пэкін». Аднак частку парка ўсё ж вырубілі, а будаўніцтва працягваецца.

Ад 1996 году жыхары Першамайскага раёну Менску бароняць ад зьнішчэньня Севастопальскі парк, на месцы якога плянуюць пабудаваць элітныя дамы з падземнымі гаражамі, а таксама пракладкі трэцяга аўтамабільнага кальца. У 2008 годзе ўлады агучылі пляны па рэканструкцыі масіву з будаўніцтвам тэнісных кортаў, кавярняў і рэстаранаў. Ва ўсе інстанцыі менчукі сталі пісаць лісты з патрабаваньнямі пакінуць парк у некранутым выглядзе, а таксама ня нішчыць сьвідравіны. Артэзіянская вада зь іх паступае ў кватэры 500 тысяч жыхароў сталіцы.
XS
SM
MD
LG