Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея будзе прасоўваць Беларусь у Раду Эўропы


Уладзімер Макей і Сяргей Лаўроў, архіўнае фота
Уладзімер Макей і Сяргей Лаўроў, архіўнае фота

Расея дапаможа Беларусі ўвайсьці ў шэраг міжнародных рэгіянальных структураў.

Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Расейскай Фэдэрацыі Сяргей Лаўроў, які знаходзіцца з аднадзённым візытам у Менску.

Лаўроў сказаў, што Расея будзе дапамагаць Беларусі ў прасоўваньні ў Раду Эўропы, Раду краін Балтыйскага мора і іншыя рэгіянальныя структуры. Гэта зьвязана з тым, што палітыка санкцыяў, якую праводзяць краіны Захаду адносна Беларусі, не дае вынікаў.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей з гэтай нагоды сказаў журналістам: «Мы катэгарычна выступаем супраць любых санкцыяў. Мы лічым, што чым больш краіна ўцягнутая ў міжнародныя працэсы, тым больш у яе будзе посьпехаў у розных галінах, напрыклад, у выбарчым заканадаўстве».

Гэтую думку працягнуў Сяргей Лаўроў, які сказаў , што палітыка аднабаковых санкцыяў контрапрадуктыўная. Больш за тое, на думку расейскага міністра, яна парушае асновы ААН, бо толькі Рада бясьпекі ААН мае права ўводзіць санкцыі супраць нейкай дзяржавы, якая парушае міжнароднае заканадаўства.

Макей: Не хачу сказаць, што пазыцыя Беларусі наконт прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі зьмянілася

Міністру замежных спраў Беларусі Ўладзімеру Макею нагадалі, што Расея некалькі разоў уздымала перад Беларусьсю пытаньне аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, аднак да гэтага часу рашэньне з боку Беларусі не прынятае.

На гэта Ўладзімер Макей адказаў:

«Жыцьцё не стаіць на месцы. Усё цячэ, усё зьмяняецца. Сёньня мы закраналі гэтую тэму, але ў агульным кантэксьце беларуска-грузінскіх і расейска-грузінскіх дачыненьняў, дзейнасьці АДКБ. Я не магу сказаць, што пазыцыя Беларусі наконт прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі зьмянілася. Але яшчэ раз хачу нагадаць, што жыцьцё не стаіць на месцы. І мы будзем аналізаваць сытуацыю на былой постсавецкай прасторы, на міжнароднай арэне. І будзем прымаць рашэньні, натуральна, зыходзячы з нашых нацыянальных інтарэсаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG