Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея не зьбіраецца заплюшчваць вочы на праблему правоў чалавека ў Беларусі». Прыемна пачаць матэрыял такой загадкавай фразай, прымушаючы чытача ў разгубленасьці паціскаць плячыма і напружана думаць: «Што і калі я прапусьціў?» Сапраўды, фраза настолькі фантастычная для сёньняшніх беларуска-расейскіх рэаліяў, што выглядае як нешта з далёкага мінулага.

Між тым, гэта было сказана ня так і даўно, 3 лютага мінулага году. Давайце яшчэ раз паслухаем гэтыя словы — магчыма, мы няхутка пачуем нешта падобнае. «Беларусь — наша брацкая краіна, стратэгічны партнэр, але гэта не азначае, што мы заплюшчым вочы на парушэньне асноўных правоў і свабодаў,» — сказаў тады міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

Адказу Лукашэнкі давялося чакаць дастаткова доўга. Знаходзячыся ў траўні таго ж году з візытам у Казахстане, Лукашэнка ўзгадаў словы Лаўрова. «Чыя б карова мычала», — пад воплескі казахстанскай публікі сказаў беларускі прэзыдэнт. У прынцыпе, не сумняваюся, што іронія наконт расейскай «заклапочанасьці» правамі чалавека выклікала б воплескі ня толькі ў Казахстане, а ў большасьці краінаў постсавецкай прасторы.

Здаецца, было гэта страшна даўно, у той эпосе, калі беларускае і расейскае кіраўніцтва штомесяц абменьваліся ўколамі ці кепікамі, а то і адкрытымі абразамі. Цяпер жа вонкава адносіны афіцыйнага Менску і Масквы найлепш адлюстроўвае іншая фраза: «У беларуска-расейскіх дачыненьнях ні па водным пытаньні няма напружанасьці». Гэта заявіў Лукашэнка сёлета ў жніўні падчас сустрэчы з тым самым Сяргеем Лаўровым. У якасьці доказу быў прыведзены той факт, што цягам гэтага году Беларусь з візытам наведвалі прэзыдэнт Расеі, прэм’ер-міністар, кіраўнікі абедзьвюх палатаў расейскага парлямэнту, шматлікія губэрнатары.

І вось на гэтым пастаральным фоне 30 кастрычніка ў Беларусь з чарговым візытам прыяжджае міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў, адбудзецца сумеснае паседжаньне калегіяў міністэрстваў Беларусі і Расеі. Можна загадзя прадказаць рашэньні калегіі: вынікі выбараў ў Беларусі — ухваляць, заходнюю крытыку — адрынуць, парушэньні правоў чалавека на Захадзе — асудзяць.

Але на ўсё гэта хочацца адказаць цытатай Лукашэнкі: «Чыя б карова мычала».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG