Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З-за ўрагану эвакуяваны былы дырэктар беларускай Свабоды


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заклікаў суграмадзянаў падрыхтавацца да ўрагану «Сэндзі», які можа ўдарыць па ўсходнім узьбярэжжы краіны і затапіць.

Выступаючы на брыфінгу ў Белым доме, Абама заявіў, што ўраган будзе магутным, і што стыхія можа закрануць мільёны людзей. Ён заклікаў жыхароў прыбярэжных усходніх штатаў прымаць рашэньне аб эвакуацыі — у залежнасьці ад рэкамэндацыяў мясцовых уладаў.

Хуткасьць ветру ў цэнтры ўрагану дасягае 140 кілямэтраў на гадзіну. У некалькіх штатах, а таксама ў сталіцы, уведзены рэжым надзвычайнага становішча. Прыпынена праца шэрагу прадпрыемстваў, скасоўваюцца авіярэйсы, унесеныя зьмены ў рух грамадзкага транспарту. Абвешчана аб скасаваньні таргоў на Нью-Ёрскай фондавай біржы. Мэр Нью-Ёрку Майкл Блумбэрг аддаў загад аб эвакуацыі каля 375 тысяч чалавек з найбольш верагодных месцаў, куды можа ўдарыць стыхія.

Мапа руху урагану «Сэндзі»

Мапа руху урагану «Сэндзі»



Пра тое, як жыхары Нью-Ёрку рыхтуюцца да ўрагану, Свабодзе распавяла жыхарка Лонг-Айлэнду, прафэсар Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту Ала Орса-Рамана:

«Гэты ўраган пакуль далёка ад нас, але страшэнны наплыў вады, і залівае. І ўжо поўна залітага. Між іншага, Вячку Станкевіча (былога дырэктара беларускай службы Радыё Свабода — рэд,) эвакуявалі, ён жыве ў такім раёне Нью-Джэрсі, дзе з аднаго боку акіян, а з другога боку — возера. Мы пакуль трымаемся. Я думаю, што самае горшае — што электрычнасьці ня будзе. Дзяржаўныя службоўцы тэлефануюць у кожны дом і раяць, што трэба рабіць. Напрыклад, каб не размарозіліся лядоўні, рэкамэндуюць ужо цяпер пакласьці бутэлькі з вадой у маразілку, тады даўжэй будзе трымацца холад. Даюць таксама экстраныя нумары тэлефонаў. Так што — чуемся дагледжанымі, турбуюцца за нас.»

Ахвярамі ўрагану «Сэндзі» ў краінах Карыбскага басэйну на мінулым тыдні сталі больш за 60 чалавек. Мяркуецца, што «Сэндзі» па вышыні хваляў можа пераўзысьці ўраган «Айрын», які абрынуўся на Нью-Йорк летась.

XS
SM
MD
LG