Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ грошай ня дасьць


Умоваў для адкрыцьця Міжнародным валютным фондам новай крэдытнай праграмы ў Беларусі пакуль няма. Аб гэтым заявіў у Менску кіраўнік місіі МВФ Дэйвід Хофман.

Некалькімі гадзінамі раней на сустрэчы з кіраўніком місіі МВФ прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч зазначыў, што Беларусь разьлічвае на новую праграму супрацоўніцтва з Фондам.

Ірына Тачыцкая
Ірына Тачыцкая
«Жаданьне ўраду заканамернае, бо грошы эканоміцы патрэбныя, а крэдыты МВФ — гэта грошы пад вельмі камфортныя працэнты, у адрозьненьне ад спробаў займаць пры дапамозе эўрабондаў, — пракамэнтавала дыялёг паміж беларускім урадам і місіяй МВФ экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Ірына Тачыцкая. — Але МВФ зараз вельмі дакладна настойвае на структурных рэформах. Пасьля першай крэдытнай праграмы ўрадоўцы казалі: нам МВФ сказаў зрабіць дэвальвацыю, зрабіць тое і тое. Зараз МВФ кажа — вы самі стварыце праграму, а мы яе з вамі абмяркуем. Пра гэтую праграму ішлося яшчэ з часоў першага крэдыту.

Гэты абмен думкамі будзе працягвацца, але я ня віжу пакуль падставаў для збліжэньня пазыцыяў.»

Місія МВФ працавала ў Менску з 18 па 29 кастрычніка. Экспэрты фонду сустрэліся з кіраўніцтвам Нацыянальнага банку, Міністэрства эканомікі, службовымі асобамі Адміністрацыі прэзыдэнта.

«Узмацненьне жорсткасьці макраэканамічнай палітыкі, зробленае беларускімі ўладамі ў канцы 2011 году, было вельмі пасьпяховым, атрымалася значна скараціць інфляцыю. Але зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня і высокія тэмпы росту заробкаў цяпер вядуць да ціску на цэны і абменны курс», — заявіў Дэйвід Хофман.

Ён лічыць, што дасягненьне заплянаванага беларускімі ўладамі росту ВУП на 5% у 2012 годзе і на 8,5% у 2013 годзе «немагчымае без таго, каб не стварыць небясьпеку макраэканамічнай стабільнасьці».

Леанід Заіка
Леанід Заіка
Неадкладнасьць рэформаў для Беларусі прадстаўнік МВФ патлумачыў «нядаўнім уступленьнем Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, што павышае міжнародную канкурэнцыю для беларускіх прадпрыемстваў , а таксама ў сувязі з пашырэньнем міграцыі кваліфікаванай рабочай сілы за межы Беларусі».

Даваць Беларусі грошы небясьпечна, мяркуе кіраўнік досьледнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«Зараз у нас агульная дзяржаўная і прыватная пазыка — 32 мільярды даляраў. І, практычна, Беларусь ня мае вопыту аддаваць пазыкі. Пасьля злоўжываньня расейскай нафтай, расейцы будуць патрабаваць да двух мільярдаў вяртаньня пазыкаў экспартнага мыта. Таму ўжо ў такіх умовах, калі разбэсьціліся і на кожную сям’ю прыходзіцца каля 13 тысяч даляраў пазыкі, даваць Беларусі грошы проста небясьпечна. Гэта першае. А другое — міжнародныя арганізацыі могуць даваць крэдыт толькі на дзьвюх умовах: што цяперашняе кіраўніцтва будзе прадаваць уласнасьць, якую яно не зарабляла, альбо Беларусь пачне нейкі варыянт эфэктыўнай эканомікі. Але варыянт зьмены эканамічнай палітыкі малаверагодны. Таму я, як грамадзянін краіны, супраць таго, каб прэм’ер-міністар і міністар фінансаў, ці нехта яшчэ пазычалі грошы. Мне гэтыя пазыкі не патрэбныя.»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG