Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьмітра Дашкевіча да канца тэрміну адправілі ў «крытую» турму


Выязны Мазырскі суд пастанавіў накіраваць палітвязьня Зьмітра Дашкевіча ў «крытую» турму строгага рэжыму.

У якую дакладна турму накіруюць Дашкевіча, стане вядома толькі пасьля яго прыбыцьця. «Але вядома, што этап у яго ўжо сёньня», — паведаміла нявеста палітвязьня Наста Палажанка, якая чакала рашэньня суду каля ўваходу ў калёнію. Вось што Наста Палажанка паведаміла ў тэлефоннай размове адразу пасьля сустрэчы з адвакатам пра абгрунтаваньне такога рашэньня суду:

«Да яго былі стандартныя пытаньні — давяраеш суду ці не давяраеш. Ён адказаў, што не давярае. А калі дапытваліся пра лінію паводзін, якую абраў у калёніі, ён заявіў, што лічыць сябе невінаватым і таму мае маральнае права не выконваць незаконныя, як ён лічыць, патрабаваньні».

Карэспандэнт: «Як ён выглядае, як сябе паводзіў?»

Палажанка: «Выглядаў быццам нармальна, але, безумоўна, хвалюецца перад новым этапам. Тым больш ён будзе дастаткова хутка — адразу пасьля суду».

З трох турмаў — магілёўскай, гарадзенскай і жодзінскай — Зьміцер Дашкевіч можа апынуцца ў дзьвюх — гарадзенскай ці жодзінскай, бо магілёўская турма прызначаная для тых вязьняў, якія адбываюць тэрміны ўпершыню. Паводле Насты Палажанкі, Дашкевіч мяркуе, што яго накіруюць у Гарадзенскую турму. Прычыны, чаму ён так лічыць, актывістцы невядомыя.

Вось як Наста Палажанка пракамэнтавала тое, што Зьмітра Дашкевіча вырашылі накіраваць у «крытую» турму:

«Безумоўна, гэта пагаршэньне ўмоваў для яго: новы этап, новыя людзі, новая турма. Толькі месяц таму ў яго быў этап, і зараз будзе новы — гэта такое вымотваньне чалавека. Яго хочуць больш ізаляваць, каб і зьняволеныя ня бачылі і ня ведалі пра яго. Але найперш — пагоршыць яму ўмовы».

Год пазбаўленьня волі, які Зьміцер Дашкевіч атрымаў за непадпарадкаваньне адміністрацыі, скончыцца ў жніўні. Такім чынам, рэшту гэтага тэрміну актывіст правядзе ў крытай турме, калі яго ня вызваляць, як сталася зь некаторымі палітвязьнямі, датэрмінова.




Справа Дашкевіча


19 верасьня Дашкевіча перавялі ў папраўчую калёнію № 20, якая месьціцца ў Мазыры Гомельскай вобласьці.

21-га ён абвясьціў галадоўку ў сувязі зь «нялюдзкімі паводзінамі адміністрацыі калёніі, у тым ліку яе начальніка Юрыя Збароўскага».

28 жніўня 2012 году на закрытым выязным пасяджэньні суд прызнаў Зьмітра Дашкевіча вінаватым у «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» і пакараў яго годам пазбаўленьня волі.

24 сакавіка 2011 году суд асудзіў Дашкевіча на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, а Лобава — на чатыры гады.

Зьміцер Дашкевіч на судзе заявіў, што бойка, пасьля якой яго арыштавалі, была справакаваная ўладамі, каб нэўтралізаваць яго перад выбарамі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала лідэра «Маладога фронту» вязьнем сумленьня.


Турмы Зьмітра Дашкевіча




Глядзець Турмы Зьмітра Дашкевіча на вялікай мапе




Даведка «Свабоды»: Зьміцер Дашкевіч


Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушнеры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці.

У 2001 г. далучыўся да Маладога Фронту. Увосень 2001 г. браў удзел у вахце памяці ва ўрочышчы Курапаты ў часе будаўніцтва кальцавой дарогі. Скончыў завочнае аддзяленьне факультэту славістыкі Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту.

Нежанаты. Нявеста — намесьніца старшыні Маладога Фронту Наста Палажанка.

Актыўны ўдзельнік і арганізатар шматлікіх масавых акцыяў і мерапрыемстваў дэмакратычных сілаў Беларусі.

Ад 2004 г. — лідэр Маладога Фронту.

У 2005—2006 г. — удзельнік перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча.

У сакавіку 2006 г. — адзін зь лідэраў намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, быў пакараны арыштамі й штрафамі.

15 верасьня 2006 г. Зьміцер Дашкевіч быў арыштаваны і абвінавачаны ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. 1 лістапада 2006 г. асуджаны да паўтара года зьняволеньня.

22 студзеня 2008 г. Вярхоўны суд перагледзеў справу Дашкевіча і зьмяніў тэрмін яго пакараньня на адзін год зьняволеньня. За кратамі Зьміцер знаходзіўся год і чатыры месяцы.

24 сакавіка 2011 г. судзьдзя Маскоўскага суду Менску Алена Шылько асудзіла Дашкевіча на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Суд прызнаў, што 18 сьнежня 2010 г. Зьміцер Дашкевіч і актывіст Маладога Фронту Эдуард Лобаў зьбілі ў Менску мінакоў. Дашкевіч і Лобаў сваёй віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG