Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прысуды ў Сьвіслачы прагучаць 30 кастрычніка


Станіслава Гусакова і Алесь Крот

Станіслава Гусакова і Алесь Крот

Сьвіслацкі раённы суд разгледзеў міліцэйскі пратакол адносна Станіславы Гусаковай зь Віцебску. Прысуд перанесены на 30 кастрычніка.

Яе вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і выкарыстаньні незарэгістраванай сымболікі. Гусакову затрымалі ў суботу пасьля акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Затрыманых разам Алеся Крата зь Менску, Віталя Ашурку зь Бярозаўкі Лідзкага раёну і Віталя Лопасава з Горадні будуць судзіць 30 кастрычніка.

Суд над удзельнікамі акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы пачаўся толькі пасьля абеду. Усе, каго затрымалі ў суботу, акрамя Віталя Лопасава з Горадні, знаходзіліся да суду ў сьвіслацкім сьледчым ізалятары.

У суботу Лопасава адпусьцілі дамоў — як ён сам сказаў «Свабодзе», ён папрасіўся ў міліцыянтаў, бо зь ім разам быў непаўналетні сын. У панядзелак ён зьявіўся ў суд.

Станіслава Гусакова, якую судзілі сёньня, сказала «Свабодзе», што яе вінавацяць у парушэньні правілаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Яна трымала ў руках бел-чырвона-белы сьцяг, які сама пашыла дома. І вось за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі яе і судзілі.

Сьведчылі супраць яе толькі міліцыянты, зь ейнага боку сьведак не было. Суд зацягнуўся, бо спачатку чакалі сьведак, а потым шмат часу пайшло на прагляд відэаматэрыялу.

Пасьля прысуду я нагадаў Станіславе словы, якія яна сказала ў інтэрвію нашаму радыё ў суботу падчас акцыі — што, маўляў, ейны лёс даўно зьвязаны з Каліноўскім, бо за ўдзел у паўстаньні 1863 году на высылку трапіў ейны прапрапрадзед. Я запытаўся, ці адчула яна за гэтыя дні насамрэч сваю сувязь зь імем Кастуся Каліноўскага?

Гусакова: «Я пра гэта ўжо думала раней. Бо перш чым паехала і адвучылася па праграме Каліноўскага, перад гэтым адседзела ў Жодзіне 12 сутак за ўдзел у Плошчы. Дзіўнае гэтае прозьвішча… Цяпер буду сядзець у хаце і чакаць нарачонага з такім прозьвішчам, а не прападаць недзе па ІВС-ах».

Алесь Крот зь Менску, якога затрымалі разам з Гусаковай, перакананы, што і затрыманьне, і суд над імі — незаконныя, бо ніякага пікетаваньня і мітынгу не было.
Ну як можна казаць пра бел-чырвона-белы сьцяг як пра незарэгістраваную сымболіку, калі ў 1991–95 гадах ён быў нашым дзяржаўным сьцягам?

Крот: «І яшчэ нас вінавацяць, што трымалі ў руках незарэгістраваную сымболіку. Ну як можна казаць пра бел-чырвона-белы сьцяг як пра незарэгістраваную сымболіку, калі ў 1991–95 гадах ён быў нашым дзяржаўным сьцягам? Відавочна, што гэта глупства поўнае, а створанае дзеля таго, каб „закрыць“ актыўных беларусаў, якія не забываюцца на сваю гісторыю. Зразумела, што гэта загад зьверху».

Яшчэ Станіслава Гусакова апавяла, у якіх умовах яны з суботы сядзелі ў Сьвіслацкім СІЗА:

«Наагул, было страшэнна халодна, у будынку няма каналізацыі, два разы на дзень нас выводзілі ў прыбіральню на вуліцы і праводзілі да ўмывальніка. Але быў вельмі людзкі пэрсанал, яны імкнуліся ўсякім чынам нівэліраваць сытуацыю: далі коўдры і прыносілі гарачую ваду».

Маладых людзей затрымалі ў Сьвіслачы ў суботу падчас акцыі, якая мела на мэце ўшанаваць памяць паўстанцаў Каліноўскага 1863 году. Усіх, за выключэньнем Лопасава, пакінулі да суду ў пастарунку.

Ашурку і Лопасава затрымалі ў Сьвіслачы, калі яны зь сябрамі накіроўваліся да свайго аўтамабіля, каб ехаць у Якушоўку. Крата і Гусакову затрымалі, калі яны ўжо зь Якушоўкі вярталіся ў Сьвіслач. Па дарозе іх машыну спыніла ДАІ, і прадстаўнікі мясцовага РАУС запатрабавалі, каб яны праехалі зь імі ў пастарунак.
XS
SM
MD
LG