Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Расея прапанавала вярнуць у свой бюджэт мыта, якое яна недаатрымала ад экспарту зь Беларусі растваральнікаў, разбаўляльнікаў, змазачных матэрыялаў і г.д.»

Пра гэта са спасылкай на крыніцу ў органах дзяржаўнага кіраваньня паведамляе агенцтва «Прайм». Згодна з расейскімі разьлікамі, сума кампэнсацыі складае прыкладна 1,5 мільярда даляраў.

Масква ўвязвае з гэтым вяртаньнем умовы пастаўкі нафты ў Беларусь у чацьвёртым квартале сёлетняга году і ў 2013 годзе.

Згодна з умовамі расейка-беларускай дамовы Менск мусіць выплачваць Маскве мыта ад прадуктаў з расейскай нафты, якія Беларусь прадае за свае межы. А вось за растваральнікі і разбаўляльнікі мыта ня плаціцца. Беларусы скарысталіся гэтым і прадавалі на экспарт прадукты з нафты пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка быў адным зь першых эканамістаў, якія заўважылі гэты працэс і паведамілі пра яго мэдыям. Сёньня ў размове са «Свабодай» ён адзначыў:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Сапраўды, гэтыя грошы трэба вярнуць у бюджэт, хоць для Расеі гэта невялікая сума. Тут усё лягічна, усё правільна. Вядома, сам Пуцін альбо сам Мядзьведзеў гэтага агучваць ня будуць. Спачатку адпаведную заяву зрабіў віцэ-прэм’ер Дварковіч.

Мы маглі б спаслацца на тое, што працуем у адзінай мытнай прасторы, што мы самі маем права вызначаць свае пазыцыі па экспарце. Аднак гэта не вытрымлівае крытыкі ў сьвятле тых абавязкаў, якія Беларусь узяла на сябе па ўсёй нафтагазавай палітыцы. Таму тут ня можа быць прэтэнзіяў ні да Дварковіча, ні да Пуціна».

«У Беларусі зараз няма магчымасьцяў выплаціць Расеі паўтара мільярда даляраў», — сказаў «Свабодзе» прафэсар Барыс Жаліба:

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

«Для Беларусі гэтая сума, безумоўна, вялікая. Бо ўсе нашыя золатавалютныя рэзэрвы крышку перавышаюць 8 мільярдаў. Зараз экспарт скарачаецца. Рублёвая маса расьце высокімі тэмпамі, а валютная, на жаль, не ўзрастае. Гандлёвае сальда, як скончыліся гэтыя растваральнікі, разбаўляльнікі, зноў стала адмоўным.

Расея цісьне на Беларусь. Я думаю, яна выставіла жорсткія ўмовы. Адна зь іх канкрэтная — вярніце тое, што ў нас забралі, паўтара мільярда. Гэта робіцца дзеля таго, каб беларускі бок, як кажуць, „не ўзьнікаў“ з нафтай і іншымі рэчамі. І яшчэ — каб лішні раз нагадаць, што Беларусь не выконвае галоўную ўмову: штогадовую прыватызацыю дзяржаўнай маёмасьці на 2,5 мільярда. Гэта — элемэнт ціску. І гэты ціск будзе нарастаць і далей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG