Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па выніках двух тураў выбараў у Літве папулісцкая Партыя працы на чале зь бізнэсоўцам Віктарам Успаскіх заняла другое месца. Партыя працы разам з сацыял-дэмакратамі, якія занялі першае месца, і партыяй «Парадак і справядлівасьць» ужо дамовіліся пра стварэньне кааліцыйнага ўраду, у якім Успаскіх атрымае міністэрскі партфэль.

Аднак сёньня прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце заявіла, што Партыя працы ня можа ўдзельнічаць у фармаваньні ўраду. З просьбай пракамэнтаваць сытуацыю мы зьвярнуліся да палітычнага аналітыка, галоўнага рэдактара газэты «15 хвілін» Рымвідаса Валаткі (Rymvidas Valatka). Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.


РС: Што азначае заява прэзыдэнта Літвы, што Партыі працы ня месца ва ўрадзе? Ці азначае гэта, што Даля Грыбаўскайце заблякуе стварэньне ўраду з удзелам прадстаўнікоў партыі Віктара Успаскіх?

Валатка: Вобразна кажучы, гэта азначае або ўсё або нічога. Гэта залежыць ад таго, што будуць рабіць два іншыя складнікі будучай кааліцыі, у першую чаргу сацыял-дэмакраты. Калі яны пакажуць, што маюць хрыбет, словы прэзыдэнта нічога ня значаць. Калі сацыял-дэмакраты спалохаюцца, то адзіным варыянтам ураду робіцца кааліцыя сацыял-дэмакратаў і кансэрватараў.
Тэарэтычна гэта магчыма, практычна — наўрад ці. Прэзыдэнт загнала сябе ў тупік, яна зрабіла дагматычна, як і заўсёды. І цяпер у яе няма ніякага шляху да адступленьня. Любы іншы варыянт, акрамя кааліцыі сацыял-дэмакратаў і кансэрватараў, будзе паразай прэзыдэнта. А гэты варыянт малаверагодны.

РС: А ці можа прэзыдэнт, калі ўсё ж будзе створаны ўрад з удзелам Партыі працы, не зацьвердзіць гэты ўрад і абвясьціць новыя выбары?

Валатка: Літоўская Канстытуцыя такіх рэчаў не прадугледжвае. Адзіны варыянт, калі могуць быць новыя выбары — калі гэта рашаюць 87 дэпутатаў Сойму з 141 (гэта амаль канстытуцыйная большасьць) ці калі Сойм не зацьвярджае другі раз праграму зацьверджанага ім ураду. Прэзыдэнт ня можа распусьціць Сойм ні пры якіх абставінах.

РС: А калі ўсё ж прэзыдэнт не зацьвердзіць урад, за які прагаласаваў Сойм — што тады? У Літве наагул ня будзе ўраду?

Валатка: Калі прэзыдэнт пойдзе на гэта, то ўсе, у тым ліку і яе прыхільнікі, будуць думаць, што яна звар’яцела, бо гэта незаконна. Прэзыдэнт можа цягнуць час, можа адхіляць кандыдатуры міністраў, але адзін, два максымум тры разы. Працэс зацягваецца, але ў рэшце рэшт прэзыдэнт абавязаная зрабіць так, як загадваюць закон і Канстытуцыя. Прэзыдэнт можа ціснуць толькі ўласным аўтарытэтам і браць на спалох. Калі хрыбта ў сацыял-дэмакратаў няма, то можа і атрымаецца. Але шараговыя чальцы сацыял-дэмакратычнай партыі ня надта любяць кансэрватараў, прычым гэтыя пачуцьці ўзаемныя. Таму я ня думаю, што гэтыя спробы ўзяць на спалох працягнуцца даўжэй за 3-4 тыдні.

РС: Калі ўрадавая кааліцыя сацыял-дэмакратаў, Партыі працы і партыі «Парадак і справядлівасьць» стане рэальнасьцю, якіх зьменаў у зьнешняй палітыцы можа чакаць?

Валатка: Я мяркую, што будзе мяняцца рыторыка, у першую чаргу адносна Польшчы. Але па сутнасьці наўрад ці нешта зьменіцца, паколькі прэзыдэнт вельмі хваравіта рэагуе на спробы нешта па-свойму рабіць у зьнешняй палітыцы. Мяркую, што на ўзроўні рыторыкі будзе больш прыстойнасьці і жаданьня мець лепшыя стасункі, у першую чаргу з нашым саюзьнікам Польшчай і зь іншымі суседзямі.

РС: А МЗС будуць кантраляваць пераважна сацыял-дэмакраты?

Валатка: Пры ўмове, што ўрадавая кааліцыя складаецца з сацыял-дэмакратаў, Партыі працы і партыі Паксаса, дзьве апошнія партыі ня будуць нават спрабаваць прэтэндаваць на пасаду кіраўніка МЗС. У іх проста няма кампэтэнтных людзей для гэтага.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG