Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ і МУС не пацьвердзілі затрыманьне расейскага адваката


Затрыманьні на Балотнай плошчы, архіўнае фота

Затрыманьні на Балотнай плошчы, архіўнае фота

У КДБ Беларусі не пацьвярджаюць інфармацыю пра тое, што ў Менску быў затрыманы расейскі адвакат Максім Караткоў-Гуляеў. Тым часам сябры адваката цьвердзяць, што пра затрыманьне ён паведаміў праз тэлефон.

Начальнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі Аляксандар Антановіч заявіў карэспандэнту «Свабоды», што КДБ не затрымліваў расейскага адваката Максіма Караткова-Гуляева.

«Я магу сказаць, што мы нікога не затрымлівалі».

У прэс-службе Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі заявілі, што ня маюць інфармацыі пра затрыманьне. У расейскай амбасадзе ў Менску сказалі, што ведаюць пра факт затрыманьня з паведамленьняў СМІ. Прадстаўнік амбасады Ўладзімер Марчукоў сказаў:

«Цяпер наша консульская служба правярае інфармацыю — ці быў факт затрыманьня. Пакуль нейкай інфармацыі ў нас няма. Мы зрабілі запыт у Міністэрства замежных спраў, але адказу пакуль няма. Пакуль беларускі бок нам нічога не адказаў».

Расейскі адвакат Аляксандар Васільеў заявіў, што Караткоў-Гуляеў сказаў яму праз тэлефон, што знаходзіцца ў Менску і што яго затрымліваюць службы бясьпекі Беларусі. Камэнтуючы заяву КДБ пра тое, што адваката не затрымлівалі, Аляксандар Васільеў сказаў карэспандэнту «Свабоды»:

ёсьць неафіцыйная інфармацыя, што сытуацыя можа вырашыцца ў бліжэйшыя дзень-два ...

«Я ў гэтым выпадку даў тую інфармацыю, якую мне перадаў сам Караткоў-Гуляеў. Таму калі гэтая інфармацыя не пацьвярджаецца, то гэта пытаньні да самога Караткова-Гуляева. Гэта ўсё, што ён мне распавёў — ня больш і ня менш. Больш зь ім сувязі не было. Але ёсьць неафіцыйная інфармацыя, што сытуацыя можа вырашыцца ў бліжэйшыя дзень-два».

Васільеў сказаў, што ня ведае, дзе цяпер Караткоў-Гуляеў, і што доступу да яго няма:

«Вядома толькі тое, што я даў у паведамленьні. Я пакуль ня маю ніякіх вэрсій, у мяне вельмі мала інфармацыі пра гэтае затрыманьне».

Карэспандэнт: «А што, ён сказаў, што ў яго было з сабой 500 тысяч даляраў?»

Васільеў: «Так, гэта яго словы».

Паводле расейскіх праваабаронцаў, адвакат Караткоў-Гуляеў зьвязаны з расейскімі нацыяналістамі і пераважна абараняе правых актывістаў. Журналістка сайту grani.ru Юлія Башынава сказала:

«У яго пераважна ўльтраправыя кліенты. У прыватнасьці, ён быў абаронцам Яўгеніі Хасіс у справе забойства адваката Маркелава і журналісткі Бабуравай. У судзе ён атрымаў 6 заўваг ад судзьдзі і ў выніку быў выдалены з працэсу. Такі, на мой погляд, ня вельмі прафэсійны адвакат».

Максім Караткоў-Гуляеў прадстаўляе інтарэсы расейскага нацыяналіста Рыхарда Собалева, аднаго зь фігурантаў справы аб беспарадках на Балотнай плошчы ў Маскве. Напярэдадні ён распавёў СМІ, што на ягонай кватэры паліцыя ўчыніла ператрус, падчас якога была канфіскаваная дакумэнтацыя па справе Собалева і буйная сума грошай. Таксама ён заявіў, што сам выклікаў паліцыю, каб паведаміць пра нейкае правапарушэньне. У яго кватэры знайшлі муляж гранаты, і адваката адвезьлі ў пастарунак для дачы паказаньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG