Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Палажанка: У Жодзінскай турме нейкія свае правілы


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

У Мазырскай калёніі не пацьвярджаюць зьвесткі пра правядзеньне 30 кастрычніка выязнога паседжаньня Мазырскага суду, на якім будзе вырашацца, ці накіруюць Зьмітра Дашкевіча з калёніі ў крытую турму.

29 кастрычніка ў Мазырскай калёніі не казалі пэўна, ці адбудзецца 30 кастрычніка выязны суд, спасылаючыся на тое, што судзьдзя напярэдадні захварэў.

«Ня ведаю, нічога сказаць не магу», — адказаў супрацоўнік калёніі.

Нават калі ня будзе дакладна вядома, што паседжаньне не адбудзецца, нявеста Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка з адвакаткаю зьбіраюцца заўтра ехаць у Мазырскую калёнію. З 25 кастрычніка, калі адвакатка апошні раз бачыла Зьмітра Дашкевіча, лістоў ці званкоў ад яго не было. Пра настрой Зьмітра напярэдадні паседжаньня Наста кажа гэтак:

Наста Палажанка
Наста Палажанка
«Безумоўна, ён крыху напружаны з нагоды гэтага суду. Бо гэта ня толькі новы этап, але і новыя ўмовы, новая турма, новая адміністрацыя. Не выключаны і нейкія новыя правакацыі. У Мазыры хоць і было складана, але мы ўжо прынамсі ведаем, ад каго і што можна чакаць. А тут новыя ўмовы, крытая турма строгага рэжыму. Але — паглядзім. Зьміцер ужо дастаткова шмат прайшоў, перажыў. Перакананая, што ён справіцца і з гэтым».

У канцы жніўня лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч на судзе ў Глыбоцкай калёніі быў асуджаны яшчэ на год зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў непадпарадкаваньні адміністрацыі. Адбываць новае пакараньне актывіста накіравалі ў Мазырскую калёнію. Паводле Зьмітра Дашкевіча, у Мазырскай калёніі ён адразу трапіў пад ціск адміністрацыі, да таго ж яго зьневажалі і пасадзілі ў карцэр. Там актывіст на знак пратэсту абвясьціў галадоўку, якую скончыў праз 10 дзён, калі яго перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу. На пачатку кастрычніка Зьмітру Дашкевічу абвясьцілі, што яго справу будзе разглядаць выязны суд, каб вызначыць, ці трэба яго пераводзіць з калёніі ў турму.

У якую турму могуць перавесьці Зьмітра Дашкевіча? Наста Палажанка кажа пра два варыянты: Гарадзенскую і Жодзінскую. Гарадзенская турма, паводле зьвестак актывісткі, знаходзіцца ў будынку яшчэ царскіх часоў. Палажанка спасылаецца на лісты вязьня гэтай турмы Мікалая Аўтуховіча, які апісваў, як там бывае холадна. А вось Жодзінская турма, паводле зьвестак Насты Палажанкі, вызначаецца вельмі жорсткім абыходжаньне ахоўнікаў і своеасаблівымі парадкамі, усталяванымі адміністрацыяй:

«Зьміцер скептычна ставіцца да Жодзінскай турмы. Па-першае, яго ўжо ўтрымлівалі ў Жодзінскім СІЗА, дзе былі праблемы з тым, як да яго ставіліся, калі чулі ад яго беларускую мову. Я размаўляла з начальнікам установы, нават давялося пісаць скаргі з гэтай нагоды, у тым ліку на імя міністра культуры Латушкі. Тады ў Жодзінскім ізалятары ў нас прасілі прабачэньня пасьля таго інцыдэнту, тлумачылі тым, што там у ахове працуе шмат малаадукаваных людзей і, адпаведна, могуць быць такія непаразуменьні адносна мовы. Памятаю, з Жодзінскім СІЗА заўсёды было шмат праблемаў. І з мовай, і зь перадачай літаратуры. Там нейкія свае правілы, якія адрозныя ад правілаў таго ж ізалятара на Валадарскага. На „Валадарцы“ нешта можна, а на Жодзіне тое ж — нельга. Не магла перадаць яму раздрукоўкі, нейкую простую літаратуру. Прычым было зусім незразумела, чаму».

З палітвязьняў у крытых турмах зараз знаходзяцца былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч — ён у Магілёўскай турме, і прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, якога трымаюць у Гарадзенскай турме. Абодва трапілі ў крытыя турмы нібыта як злосныя парушальнікі рэжыму. Абодва ж шмат разоў паведамлялі пра дадатковы ціск. Мікалай Статкевіч пісаў пра чалавека зь няўстойлівай псыхікай і хворага на СНІД, які апынуўся разам зь ім у камэры і неўзабаве заявіў, што Статкевіч яго нібыта пабіў. Мікалай Статкевіч назваў гэты інцыдэнт правакацыяй. Сваякі вязьня Гарадзенскай турмы Мікалая Аўтуховіча мяркуюць, што таго наўмысна зьмясьцілі ў адну з самых халодных камэр, дзе ўзімку нават удзень вязьні вымушаны сядзець у шапцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG