Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежны друк пра выбары ва Ўкраіне


Адносную перамогу ва Ўкраіне атрымала кіроўная Партыя Рэгіёнаў, друк зьвяртае ўвагу на посьпех апазыцыйнай партыі «Ўдар» і сэнсацыйны вынік ультранацыяналістычнай партыі «Свабода».

The New York Times, ЗША

«Гэтым галасаваньнем наш народ паказаў, што разумее, у якой цяжкай эканамічнай сытуацыі знаходзіцца краіна і што наша партыя ўзяла на сябе поўную адказнасьць за сытуацыю», — заявіў на прэсавай канфэрэнцыі прэм’ер-міністар краіны Мікалай Азараў.

Паводле Азарава, папярэднія вынікі пацьвердзілі падтрымку Януковічу, які быў абраны на пасаду прэзыдэнта ў 2010 годзе ў ходзе супрацьстаяньня зь Цімашэнкай. Януковіч і ягоны ўрад былі жорстка скрытыкаваныя Захадам за арышт і турэмнае зьняволеньне сваёй суперніцы, а таксама за захады па ўмацаваньні выканаўчай улады і згортваньне дэмакратычных рэформаў.

Самым дзіўным вынікам нядзельнага галасаваньня стала ўзмацненьне падтрымкі ультранацыяналістычнай правай партыі «Свабода», якая ўпершыню можа стварыць у парлямэнце сваю фракцыю, тым часам як на папярэдніх выбарах у 2007 годзе ў яе быў толькі 1 працэнт.

Узмацненьне пазыцый партыі «Свабода» шматлікіх аналітыкаў засьпела зьнянацку. Падобна на тое, што гэта збольшага стала рэакцыяй на закон, які падвышае статус расейскай мовы, які працягнула праз парлямэнт Партыя рэгіёнаў і які выклікаў абурэньне многіх жыхароў у заходняй частцы краіны.

Партыю «Свабода» ўзначальвае заўзяты нацыяналіст Алег Цягнібок, які ў мінулым заклікаў да выгнаньня габрэяў і расейцаў. Уплыў яго партыі можа быць яшчэ больш значным, чым атрыманы ёю працэнт галасоў, таму што паміж «Свабодай» і партыяй Цімашэнкі «Бацькаўшчына» было падпісана пагадненьне аб супрацоўніцтве.

З нагоды гэтага пагадненьня ў нядзелю выступіў з крытычнай заявай ізраільскі міністар замежных спраў Авігдор Лібэрман, успомніўшы пра гібель мільёнаў габрэяў на зямлі Ўкраіны падчас Галакосту.

Крытыка прымусіла ўрад пайсьці на надзвычайныя захады ў спробе прадставіць гэтыя выбары сумленнымі і справядлівымі. Сярод іншага, на прынамсі 30 тысячах выбарчых участкаў былі ўсталяваныя вэб-камэры.

Deutsche Welle, Нямеччына

Апытаньні выбарцаў, апублікаваныя адразу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў ва Ўкраіне, прадказвалі партыі «Ўдар» чэмпіёна сьвету па боксе Віталя Клічко трэцяе месца. Партыя ўпершыню прымала ўдзел у парлямэнцкіх выбарах і склала сур’ёзную канкурэнцыю іх фаварытам — кіроўнай Партыі рэгіёнаў і аб’яднанай апазыцыі «Бацькаўшчына», сфармаванай на базе партыі экс-прэм’ера Юліі Цімашэнкі.

Да выбараў у некаторых апытаньнях «Удар» апярэджваў аб’яднаную апазыцыю. Ня выключана, што адбылося тое, пра што папярэджвалі сацыёлягі — многія маладыя прыхільнікі Клічко проста не прыйшлі галасаваць.

«Удар», паводле яго лідэра, плянуе аб’яднаць дзеяньні з «Бацькаўшчынай» і нацыяналістычнай партыяй «Свабода». Па першых ацэнках абедзьве гэтыя партыі разам набіралі больш галасоў, чым Партыя рэгіёнаў. Разам з «Ударам» Клічко яны маглі б атрымаць больш за палову з той часткі дэпутатаў, якую абіралі па партыйных сьпісах. Аднак невядома, ці змогуць гэтыя партыі атрымаць падтрымку дэпутатаў, абраных па мажарытарных акругах.

Саюз «Удару» з аб’яднанай апазыцыяй і «Свабодай» наўрад ці будзе лёгкім, калі наогул магчымым. Лідэр «Свабоды» Алег Цягнібок, напрыклад, выказваў сумнеў у тым, што ў партыі Клічко ўсё «сапраўдныя ўкраінцы».

Што тычыцца «Бацькаўшчыны», то ёй будзе нялёгка з былым баксёрам хаця б таму, што ў яго партыі — некалькі ключавых фігур з атачэньня Віктара Юшчанкі. А адносіны былога кіраўніка ўкраінскай дзяржавы зь Юліяй Цімашэнкай да гэтага часу нагадваюць аб іх адкрытай палітычнай вайне. Але пакуль Клічко адназначна выключыў саюз з рэгіяналамі прэзыдэнта Віктара Януковіча. «Ніякага супрацоўніцтва з партыяй, якая паказала свой сапраўдны твар, Партыяй рэгіёнаў і яе сатэлітамі — камуністамі, мы ня бачым», — заявіў лідэр «Удару» пасьля закрыцьця выбарчых участкаў.

Les Echos, Францыя

На эўрапейскіх назіральнікаў ляжа сур’ёзная адказнасьць у гэты панядзелак. Калі яны абвесьцяць, што выбары не былі свабоднымі і сумленнымі, то менш чым за год Украіна канчаткова трапіць пад уплыў Расіі, лічыць Алег Устэнка, аналітык фонду Блэйзэра. Таўро антыдэмакратычных выбараў абцяжарыць аднаўленьне дапамогі ад МВФ, перапыненай два гады таму.

Украіна будзе вымушаная зьвярнуцца да Расеі, якая можа запатрабаваць у абмен перагляду аб’ёмаў паставак, прадугледжаных кантрактам, альбо мажарытарнага ўдзелу ў сетцы ўкраінскіх трубаправодаў або ўступленьня Кіева ў Мытны саюз Расеі, Казахстану і Беларусі.

Існуе невялікая верагоднасьць, што Украіна даможацца спрыяльнага стаўленьня з боку МВФ шляхам правядзеньня рэформы ў газавай галіне. На думку Ільдара Газізуліна, аналітыка Міжнароднага цэнтру пэрспэктыўных дасьледаваньняў, выхад палягае ў павелічэньні на першым этапе ўнутраных тарыфаў на 20-30%.

У 2013 годзе Украіна павінна будзе фінансаваць дэфіцыт бягучых плацяжоў у 5 млрд даляраў, пакрываць дэфіцыт бюджэту, вярнуць 5.6 мільярдаў даляраў МВФ. Давер рынкаў адыграе вырашальнае значэньне для фінансаваньня ўсіх гэтых апэрацый.
XS
SM
MD
LG