Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 кастрычніка 1992 году Вярхоўны Савет праігнараваў патрабаваньне 440 тысяч грамадзян і адмовіўся прызначыць рэфэрэндум аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах. Мы працягваем цыкль артыкулаў тагачаснага дэпутата Вярхоўнага Савету Сяргея Навумчыка, прысьвечаных тым падзеям, якія адыгралі істотную ролю ў гісторыі Беларусі.

У пачатку 1992 году газэта «Свабода» паведаміла, што старэйшы лейтэнант запасу С.Шушкевіч атрымаў званьне палкоўніка.

Да гэтага ў гісторыі быў выпадак, калі адзін старэйшы лейтэнант атрымаў званьне маёра, прамінуўшы капітана, адмысловым загадам міністра абароны. Дата загаду – 12 красавіка 1961 году, прозьвішча афіцэра – Гагарын. Станіслаў Станіслававіч прамінуў і капітана, і маёра, і падпалкоўніка. Зрэшты, вышэйшая асоба дзяржавы ў тыя часы, напэўна, павінна была мець высокае афіцэрскае званьне. Сумневы былі ў іншым. Званьне Шушкевічу надалі.... у Маскве, указам нумар 09 галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі СНД маршала Шапашнікава. Тым жа самым указам палкоўнікам стаў і Кебіч. На абсурднасьць такой сытуацыі – што сьпікер парлямэнту і прэм’ер-міністар незалежнай дзяржавы атрымоўваюць званьні з Масквы – кіраўніцтва краіны ўвагі не зьвярнула, пагоны прынялі.

Але гэта была не галоўная наша прэтэнзія да кіраўніцта Вярхоўнага Савету і Саўміну. Нягледзячы на настойлівыя патрабаваньні дэпутатаў Апазыцыі БНФ, зацягвалася рашэньні аб абароне нацыянальных, у тым ліку і эканамічных інтарэсаў краіны. «22 лютага, напрыклад, С.Шушкевіч, гаворачы пра неабходнасьць і прапановы ўвядзеньня ўласнай валюты ў Беларусі, заявіў у інтэрвію францускай газэце «Монд», што «зробіць усё магчымае, каб пазьбегнуць гэтага». Ён і робіць «усё магчымае», каб Беларусь заставалася паўдзяржавай, а пасьля ўвядзеньня ў іншых краінах СНД нацыянальных грошай – у галечы, каляніяльным прыдаткам Расеі», – пісаў у сакавіку 1992-га Зянон Пазьняк у «Народнай газеце». (Мы патрабавалі ўвядзеньня ўласнай валюты кожны дзень і ўрэшце сама сытуацыя прымусіла кіраўніцтва краіны пайсьці на гэта – але шмат часу было змарнавана.)

Але ў першай палове 92-га не ўвядзеньне ўласнай валюты і фармаваньне ўласнага войска, не прыняцьце неабходных эканамічных законаў найбольш турбавала намэнклятуру. Галоўным клопатам было – перавод уласнасьці зь дзяржаўнай у прыватную (пад створаныя чыноўнікамі і іх раднёй фірмы) і захаваньне ўлады. Усе сілы прапагандысцкага апарату былі кінутыя супраць рэфэрэндуму.

Тым часам, у афіцыйным друку разгортвалася кампанія супраць нашай ініцыятывы. Уласна, пачалася яна адначасна са зборам подпісаў.


Рэгістрацыйнае пасьведчаньне члена ініцыятыўнай групы, дэпутата ВС-12 Лявона Дзейкі.

Рэгістрацыйнае пасьведчаньне члена ініцыятыўнай групы, дэпутата ВС-12 Лявона Дзейкі.

У сакавіку начальнік аддзелу Кіраўніцтва спраў Саўміну А.Шчарбакоў правёў нараду супрацоўнікаў міністэрстваў (узровень – намесьнікі міністраў) і рэгіянальных выканкамаў, якім была раздадзеная «запіска» пад назовам «Матэрыял да пытаньня аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) у Рэспубліцы Беларусь і асаблівасьцях цякучага моманту». «Дакумэнт можна сьмела назваць звычайнай пры камуністычным рэжыме інструкцыяй» – пісала ў артыкуле «Спроба прамыць мазгі» карэспандэнтка менскай газэты «Добры вечар» Галіна Прыгара. «Лідэры парлямэнцкай апазыцыі год таму заклікалі байкатаваць сакавіцкі 1991 году рэфэрэндум аб уваходжаньні рэспублікі ў склад Саюза ССР. Матывуючы гэта тым, што беларускі народ нібыта палітычна не дарос да самастойнага рашэньня гэтага пытаньня. Сёньня ж па нейкіх сваіх крытэрыях БНФ здолеў вызначыць, што гэты народ ужо «дасьпеў» для таго, каб замяніць старую уладу на новую» – і фармулёўку рэфэрэндуму ў «запісцы» сказілі, і нашы аргумэнты перакруцілі (мы выступалі супраць імпэрыі і, па-другое, сьцьвярджалі, што «рэфэрэндум» праходзіць недэмакратычна і з грубымі парушэньнямі нават савецкага заканадаўства), але аж у бюракратычную інструкцыю прарвалася настальгія па імпэрыі.

Ну а пасьля таго, як ЦВК прызнала, што подпісаў сабрана больш, чым патрабуе закон, а старшыня ЦВК Уладзімер Абрамовіч сказаў, што Вярхоўнаму Савету толькі і застаецца, што прызначыць дату рэфэрэндуму – уся прапагандысцкая машына пераключылася на агітацыю супраць ініцыятывы БНФ.

Як і ўвосень 1988-га, калі быў створаны Аргкамітэт БНФ і праведзеныя Дзяды ў Курапатах, у газэтах пачалі друкавацца лісты даярак, сьвінарак, рабочых-шліфавальшчыкаў, інжынэраў-тэхнолягаў і прафэсараў, чый узровень аргумэнтацыі быў не нашмат вышэйшы за ўзровень сьвінарак.

Вось некалькі ўрыўкаў зь лістоў, надрукаваных у «Советской Белоруссии»:

«Чытаю рэспубліканскія газэты, і робіцца ніякавата: Беларусь ізноў паглынаецца хваляй палітычных жарсьцяў, выкліканай гэтым разам рэфэрэндумам па датэрміноваму роспуску вышэйшых органаў улады. Так, крытыка парлямэнту і ўраду шмат у чым абгрунтаваная. Людзі стаміліся ад росту цэнаў, сацыяльнай нестабільнасьці, шмат каму пагражае беспрацоўе. Але ў той жа час давайце падумаем: ці можа адстаўка парлямэнту і ўраду радыкальна зьмяніць становішча ў народнай гаспадарцы, надаць дынамізму яе разьвіцьцю? Думаю, што не. Чарняк, прадпрымальнік».

«Усе расходы на правядзеньне рэфэрэндуму лягуць на бюджэт рэспублікі. А значыць – на плечы простых людзей. Ужо калі і праводзіць рэфэрэндум, дык за сродкі тых палітычных партый, рухаў і грамадзян, якія яго падтрымліваюць… Старая ісьціна: хто плаціць, той і замаўляе музыку. Лепяшчынская, вэтэран працы, карэнная мінчанка».

«Апазыцыя БНФ сёньня набіла руку ў нагнятаньні жарсьці вакол ураду, у ашальмоўваньні рашэньняў і дзеяньняў органаў улады. Юры Сьмірноў, кандыдат юрыдычных навук».

Ганаруся, што вырасла на расейскай культуры, якая зьяўляецца найвышэйшым дасягненьнем сусьветнай цывілізацыі...

«Я – беларуска. Ганаруся, што вырасла на расейскай культуры, якая, бясспрэчна, зьяўляецца найвышэйшым дасягненьнем сусьветнай цывілізацыі. Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце выганяе зь Беларусі расейскую культуру, супраць волі народа насаджае беларускамоўнасьць, замест таго, каб у рэчышчы сапраўднага дэмакратызму абвясьціць дзяржаўнымі дзьве мовы – беларускую і расейскую, ці нават тры – плюс польскую. Штучна разьядноўваюцца ня самі народы – нас разьядноўваюць нашыя ж уладары (дык хто разьядноўвае – Апазыцыя БНФ ці ўладары? Наконт «выгнаньня расейскай культуры» заўважу, што калі у Менск прыехаў расейкі паэт Булат Акуджава, дэпутаты БНФ разам з Васілём Быкавым прыйшлі яго прывітаць, а вось прыхільнік панславізму акцёр Гасьцюхін дэманстратыўна разьбіў на ганку філярмоніі кружэлку Акуджавы – С.Н.). Шкада, што не надрукуеце маю думку» – завяршыла свой ліст Тамара Чыж зь Менску.

Дарэмна хвалявалася Тамара Чыж: яе ліст, як і дзясяткі падобных допісаў, «СБ» надрукавала, а вось меркаваньня актывістаў БНФ за ўсе месяцы не было зьмешчана ніводнага.

На адным баку былі прыхільнікі дэмакратычных пераменаў, пабудовы незалежнай Беларусі, эўрапейскага шляху разьвіцьця, якім выказалі сваю падтрымку Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, на другім – тыя, хто не жадаў нацыянальнага Адраджэньня, каму даспадобы была імпэрыя, хто ўсё яшчэ спадзяваўся ўзяць рэванш. Натуральна, пра імпэрыю са сталіцай у Маскве ніхто з праціўнікаў рэфэрэндуму адкрыта не казаў, не пісалі і пра захаваньне аўтарытарных традыцый, прыкрываліся словамі пра «стабільнасьць» ды іншай падобнай рыторыкай. Нам жа было зразумела, што выбар – паміж дэмакратыяй і дыктатурай. Гісторыя паказала, што выбар быў яшчэ больш важным: нацыя апынулася на раздарожжы: альбо Адраджэньне, альбо згасаньне.

Супраць датэрміновых выбараў выступілі тыя, хто агітаваў за спыненьне палітыкі беларусізацыі.

І паказальна, што супраць датэрміновых выбараў выступілі тыя, хто агітаваў за спыненьне палітыкі беларусізацыі. Тут, праўда, трэба зрабіць удакладненьне: нягледзячы на прыняты двума гадамі раней Закон аб мовах, выкладаньне ў большасьці навучальных устаноў ішло на расейскай мове, наклад беларускамоўных і расейскамоўных дзяржаўных выданьняў суадносіўся як 1 да 10, і змаганьне даводзілася весьці за кожны беларускамоўны кляс.

Своеасаблівай квінтэсэнцыяй адначаснага непрыняцьця беларусізацыі і новых выбараў быў надрукаваны ў той жа «Советской Белоруссии» артыкул Вольгі Абрамавай, кандыдата філязофскіх навук (тэма дысэртацыі – «Гуманізм гвалтоўнай мэты сацыялістычнай рэвалюцыі», трэба думаць – гуманізм масавых расстрэлаў, экспрапрыяцыі, зьнішчэньня рэлігіі), «Распусьціць прасьцей за ўсё, альбо Які рэфэрэндум неабходны сёньня».

Абрамава даводзіла, што «ў выпадку станоўчых вынікаў рэфэрэндуму ёсьць варыянт атрымаць у будучыні новы парлямэнт, які складаецца з абаронцаў палітыкі ізаляцыянізму – палітыкі, непрымальнай для рынкавых адносінаў. Бо як Сойм БНФ матываваў сваю ідэю пра падрыхтоўку адстаўкі таго ж ураду? Маўляў, гэты ўрад ня ў стане стварыць нацыянальную гвардыю, уласную мытню, увесьці нацыянальную валюту. Тут праглядаецца больш клопат пра атрыбутыку сувэрэнітэту рэспублікі, чым пра неадкладныя патрэбы эканомікі, а значыць, і грамадзтва».

Выступіць супраць стварэньня ўласнага войска, уласнай мытні, уласных грошай (чаго ў той час дамагаўся БНФ) азначала пакінуць усё як ёсьць, аддаць усё пад кантроль Масквы. Менавіта гэтага дамагаліся праімпэрскія сілы ў Вярхоўным Савеце і Саўміне (разам са сваёй абаронцай Абрамавай).


Эканамічная канцэпцыя Апазыцыі БНФ, "Народная газэта", красавік 1992.

Эканамічная канцэпцыя Апазыцыі БНФ, "Народная газэта", красавік 1992.

Аўтарка артыкулу скарыстала ўлюблёны афіцыйнай прапагандай тэзіс пра нібыта нежаданьне БНФ займацца праблемамі эканомікі («у складзе БНФ і партый, якія падтрымалі яго прапанову, няма бліскучых эканамістаў-асобаў»), што было непрыхаванай хлусьнёй, паколькі на той час Апазыцыя БНФ падрыхтавала дзесяткі адпаведных законапраектаў. Увесну 1992 году «Народная газета» зьмясьціла канцэпцыю эканамічнай рэформы, падрыхтаваную Апазыцыяй БНФ разам з экспэртамі.

Нарэшце, аўтарка артыкулу ў дзяржаўнай газэце недвухсэнсоўна дала зразумець, як яна ставіцца да нядаўна ўтворанай дзяржавы і мовы яе тытульнай нацыі:

«Калі беларускі парлямэнт прымаў вядомае рашэньне пра наданьне статусу дзяржаўнай беларускай мове (Абрамава адмаўляла беларускай мове ў статусе дзяржаўнай – у беларускай дзяржаве! – С.Н.), альбо калі Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце атрымала статус закону (і Незалежнасьць была не даспадобы Абрамавай – С.Н.), меркаваньнем грамадзкасьці ня надта ўжо цікавіліся».

Далей Абрамава выказалася за рэфэрэндум аб дзьвюхмоўі – «упэўнена, статус дзяржаўнай мовы павінны атрымаць абедзьве агульнакарыстаныя ў рэспубліцы мовы – і беларуская, і руская. У супрацьлеглым выпадку грамадзянскай згоды нам не дасягнуць».

Пазьней гэтае патрабаваньне Абрамава паўторыць ў іншых публікацыях, яно будзе адным з асноўных палажэньняў створанага Гайдукевічам у альтэрнатыву БНФ так званага «Народнага руху» ды шавіністычнага «Славянскага сабору», яго падтрымаюць камуністы і, нарэшце, у парушэньне Канстытуцыі і законаў Лукашэнка правядзе гэтак жаданы імі «рэфэрэндум». У дні, калі я пішу гэтыя радкі, карэспандэнт Свабоды паведаміў пра вынік «грамадзянскай згоды», на патрэбнасьць якой спасылалася Абрамава: у Магілёве ёсьць толькі адна беларускамоўная кляса. І колькасьць вучняў у ёй – адна вучаніца.

Але найбольшы ўдар мы атрымалі ад старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча.



Апагеем было выказваньне Старшыні ВС, які ў дзень перадачы падпісных лістоў у Цэнтральную камісію, назваў гэтыя подпісы «сьмецьцем»

«Тыя, хто сочыць за падзеямі, што разгортваюцца вакол усебеларускага рэфэрэндуму, мог заўважыць эвалюцыю адносінаў да яго з боку высокапастаўленых асобаў: ад «коней на пераправе не мяняюць» да беспадстаўных абвінавачваньняў ініцыятыўнай групы ў парушэньні Закону. Апагеем гэтага ляманту было выказваньне Старшыні ВС, які ў дзень перадачы падпісных лістоў у Цэнтральную камісію, назваў гэтыя подпісы «сьмецьцем» – пісаў у «Свабодзе» старшыня ініцыятыўнай групы ўсебеларускага рэфэрэндуму Уладзімер Анцулевіч.

Што да прапанаванага на рэфэрэндум пытаньня, Шушкевіч казаў: «Гэта глупства тых, хто зацьвердзіў такое пытаньне (ЦВК – С.Н.) і хітравумная задумка тых, хто такое пытаньне прапанаваў (БНФ – С.Н.)».

«Я, напрыклад, як дэпутат, не магу галасаваць за такую прапанову» – заявіў Станіслаў Станіслававіч у інтэрвію рэдактару газэты «Свабода» Ігару Герменчуку і разьвіў сваю думку ўжо як сьпікер парлямэнту: «Я думаю, што ў гэтым годзе правесьці новыя выбары нерэальна. Калі падыходзіць сур’ёзна, з жаданьнем захаваць пераемнасьць, захаваць павагу з боку замежжа, мы можам пайсьці на новыя выбары толькі на падставе грунтоўнага закону, прынятага Вярхоўным Саветам. Я супраць таго, каб рабіць нешта часовае і хуценька правесьці новыя выбары». І далей: «Было б добра, каб тую энэргію, якая траціцца зараз на ўтварэньне новых палітычных структур, на розныя іншыя захады, скіраваць на стварэньне Канстытуцыі і дасканалага выбарчага закону».

У гутарцы з Шушкевічам Ігар Гермянчук выказаў меркаваньне, што нежаданьне разглядаць пытаньне аб рэфэрэндуме было прычынай, чаму прэзыдыюм ВС цягне з ратыфікацыяй Пагадненьня аб скарачэньні звычайных узбраеньняў у Эўропе (дзеля гэтага трэба было б склікаць сэсію хоць на адзін дзень, але тады давялося б і разгледзець пытаньне пра рэфэрэндум), Шушкевіч адказаў:

«Вы памыляецеся. У законе запісана, што пытаньне пра рэфэрэндум разглядаецца менавіта на чарговай сэсіі, а не на бліжэйшай. І калі кіравацца законам, то на нечарговай сэсіі гэтае пытаньне ня можа разглядацца. Апазыцыі гэта вельмі непрыемна, але так патрабуе закон аб рэфэрэндуме. І другое. Вы тут зьвязваеце вельмі сур’ёзнае зьнешнепалітычнае пытаньне з нашым унутраным пытаньнем. Ведаеце, дзеля таго, каб склікаць нечарговую сэсію неабавязкова зьбіраць Прэзыдыюм. Я як Старшыня ВС, таксама маю такое права і мог гэта зрабіць. Але я прасіў прааналізаваць, колькі дэпутатаў могуць рэальна зьявіцца на сэсію? Высьветлілася, што мы можам сабраць 208-212 дэпутатаў, бо мы ж самі прынялі рашэньне, што з 15 чэрвеня па 15 жніўня дэпутаты пайшлі ў адпачынак».

Спасылка на «чарговую» сэсію – ні што іншае, як тое, што прынята называць казуістыкай.

Бо менавіта кіраўніцтва Вярхоўнага Савету ў красавіку, калі ўжо былі сабраныя подпісы за рэфэрэндум, спыніла чарговую (падкрэсьліваю – чарговую) сэсію Вярхоўнага Савету. І гэта пры тым, што сэсія ня вычарпала зацьверджанай напачатку павесткі дня. Калі Шушкевіч жадаў падтрымаць рэфэрэндум – ён не спыняў бы сэсію, альбо, у скрайнім выпадку, зрабіў бы перапынак.

І потым, нідзе не было запісанае вызначэньне, што «чарговая» сэсія павінна зьбірацца менавіта ўвосень, а ня ўлетку.

Што да нібыта немагчымасьці сабраць неабходную для кворуму колькасьць дэпутатаў, дык тут Станіслаў Станіслававіч забыўся, што ў жніўні 91-га (пік адпачынкаў) сэсію ўдалося склікаць за два дні.

Як старшыня ВС Шушкевіч цягнуў са скліканьнем сэсіі паўгады.

«Ён (Шушкевіч), як мне здаецца, аднолькава зразумелы інтэлігенту-інтэлектуалу і вяскоўцу, рабочаму і хатняй гаспадыні. Ён не абмінае вострых пытаньняў, гаворыць, што думае, а гэта імпануе людзям» – сказаў у тым самым 1992 годзе намесьнік галоўнага рэдактара «Народнай газеты» Аляксандар Класкоўскі, які на тэлебачаньні вёў рэгулярныя «прамыя лініі» са старшынём Вярхоўнага Савету.

І тое было праўдай – інтэлігентны Шушкевіч імпанаваў людзям. Мы ж, дэпутаты Апазыцыі, мелі ад Станіслава Станіслававіча і адключэньні мікрафонаў, і зьедлівыя камэнтары нашых выступаў, і – нулявую падтрымку ў сваіх акругах (ужо пазьней у офісах кангрэсмэнаў я бачыў іх фотаздымкі разам зь дзейнымі ці былымі прэзыдэнтамі, у дэмакратаў – з Клінтанам, у рэспубліканцаў – з Бушам. Прэзыдэнты ЗША лічаць неабходным падтрымліваць сваіх аднапартыйцаў. Зрэшты, Шушкевіч ніколі ня быў сябрам БНФ і не лічыў патрэбным такое рабіць (хаця на ўсіх этапах сваёй палітычнай кар’еры быў абавязаны падтрымцы БНФ), а мы, у сваю чаргу, ня мелі права ад яго гэтага патрабаваць. За ўсе гады свайго старшынства Шушкевіч не падтрымаў нас ні ў воднай нашай акрузе, ён увогуле наведаў пасяджэньне Апазыцыі БНФ толькі аднойчы – перад Віскулямі. І пры ўсім гэтым у нас не было іншага выйсьця, як падтрымліваць Станіслава Станіслававіча, бо разумелі, што на ягонае месца прыйдзе чалавек недэмакратычных перакананьняў («Куды вы, БНФ, дзенецеся? Будзеце падтрымліваць» – казалі мне набліжаныя да Шушкевіча супрацоўнікі ягонай прэсавай службы).

У 1992 годзе, паводле самых розных сацыялягічных апытаньняў, сярод усіх беларускіх палітыкаў Шушкевіч меў самы высокі рэйтынг. Так, «Народная воля», падсумоўваючы вынікі 1992 году, зьмясьціла аналіз апытаньняў сацыялягічнай службы «Грамадзкая думка», зь якіх вынікала, што ў пачатку году рэйтынг Шушкевіча быў 52 працэнты, у канцы – 32,2, а сярэднегадавы – 33,6. На другім месцы быў Пазьняк (6,5 працэнтаў), на трэцім – Кебіч (4,7 працэнты).

Прыкметна, што паводле зьвестак той жа службы, у жніўні 91-га Шушкевіч і Пазьняк мелі амаль аднолькавы рэйтынг (адпаведна, 21 і 20 працэнтаў), але ўжо адразу пасьля абраньня старшынём ВС, у верасьні, рэйтынг Шушкевіча падняўся ў два разы і дасягнуў 40 працэнтаў. Што пацьвярджае меркаваньне: у Беларусі сама па сабе пасада галоўнага кіраўніка дадае львіную долю папулярнасьці.

Можна па-рознаму ставіцца да гэтага апытаньня – у тым ліку і таму, што прыхільнасьць да Шушкевіча кіраўніка «Грамадзкай думкі» Давіда Ротмана ні для каго не была сакрэтам. Асабіста мне мала верылася тады і мала верыцца цяпер у толькі 6,6 працэнтаў лідэра БНФ і толькі 4,7 працэнты кіраўніка ўраду. Бо папулярнасьць Пазьняка ў 1992 годзе была ніяк ня меншая, чым у 1994-ым, у часе прэзыдэнцкіх выбараў, дзе ён нават па афіцыйных выніках сабраў галасоў у два разы болей, 12,8 працэнтаў. Але як бы ні ацэньваць вынікі апытаньня, тут важна іншае: такі расклад зьмясьціла прыхільная да Шушкевіча «Народная газета», а камэнтар напісаў прыхільны да Шушкевіча журналіст. Я пэўны, што зроблена гэта было па рэкамэндацыі прэсавай службы Шушкевіча. Значыць – Шушкевіч ведаў і верыў, што мае такі высокі рэйтынг.

Шушкевіч упарта адмаўляўся склікаць сэсію

Можна аспрэчваць лічбы і прапорцыі, але рэйтынг у той час у Шушкевіча быў сапраўды высокі. І калі б ён, напрыклад, выступіў у прамым тэле-радыёэфіры і заклікаў народ падтрымаць ідэю рэфэрэндуму, а дэпутатаў – сабрацца на сэсію, якую ён, старшыня ВС, прызначае ў адпаведнасьці з дадзеным яму Канстытуцыяй правам – перакананы, што лёс Беларусі быў бы іншым.

Але Шушкевіч упарта адмаўляўся склікаць сэсію і цягам усяго 1992 году заяўляў, што застаецца прыхільнікам «эвалюцыйнага падыходу», што і з гэтым складам Вярхоўнага Савету і з гэтым урадам «можна працаваць».

Разьвіцьцё падзеяў у той год, аднак, не давала нагоды для аптымізму і было вельмі далёкае ад эвалюцыйнага – хутчэй, можна было казаць пра імпэрска-намэнклятурны рэванш.


Такой убачыў пазыцыю В. Кебіча і С. Шушкевіча мастак у "Навінах БНФ". 1992 г.

Такой убачыў пазыцыю В. Кебіча і С. Шушкевіча мастак у "Навінах БНФ". 1992 г.

Яшчэ ў пачатку 92-га, 27 студзеня, было падпісанае пагадненьне зь Ельцыным пра бясплатны транзыт расейскай сыравіны празь Беларусь.

11 сакавіка распачалася сэсія ВС, і адразу было абвешчана пра стварэньне ў Вярхоўным Савеце групы «Беларусь» зь некалькіх дзясяткаў дэпутатаў, куды ўвайшлі былыя камуністычныя сакратары, кіраўнікі выканкамаў і тыя, каго Кебіч перацягнуў у Саўмін (адзін з кіраўнікоў групы Генадзь Казлоў не аспрэчваў прыналежнасьці да маскоўскіх спэцслужбаў, толькі ўсьміхаўся, калі мы яму пра тое казалі). Група адразу вызначылася антыбеларускай, праімпэрскай пазыцыяй (пазьней менавіта яна запатрабуе дзьвюхмоўя і прэзыдэнцтва).

24 сакавіка Шушкевіч прапанаваў абраць сваім першым намесьнікам аднаго з удзельнікаў групы «Беларусь» – старшыню Савецкага райвыканкаму г. Менску Вячаслава Кузьняцова (праз два гады менавіта Кузьняцоў адыграе ключавую ролю ў адстаўцы Шушкевіча і два дні, да абраньня Грыба, будзе выконваць абавязкі фармальнага кіраўніка дзяржавы).

27 і 28 сакавіка адбылося закрытае пасяджэньне ВС, выкліканае рашэньнем Украіны ўвесьці нацыянальную валюту – грыўну. Мы дамагаліся зрабіць тое самае і ў Беларусі – але сустрэлі жорсткі супраціў большасьці дэпутатаў. «І асабліва намагаўся супраць гэтага С. Шушкевіч. Ствараецца ўражаньне, што абрабаваныя і абкрадзеныя, яны, абураючыся рабаваньнем, у адданым запале, скуголячы і выючы, гатовыя паўзьці ў пашчу галоднай Расеі і загінуць разам зь ёй пад рэшткамі імпэрскай турмы. Гэта было паседжаньне самазабойцаў» – гэтак у тыя дні ацаніў тое закрытае паседжаньне Пазьняк. Магчыма, ацэнка падасца занадта экспрэсіўнай, але яна цалкам супадае з маімі адчуваньнямі ў Авальнай залі і зьдзіўленьнем, што самыя простыя, азбучныя ісьціны не даходзілі ў галовы тых, хто увасабляў дзяржаўную ўладу.

Але найбольш выразнай праявай ігнараваньня нацыянальных інтарэсаў было падпісаньне 20 ліпеня ў Маскве беларуска-расейскіх пагадненьняў.

У пагадненьнях Беларусь адмаўляецца ад прынятай ва ўсім сьвеце платы за транспартны транзыт

«Вярхоўны Савет Беларусі сваімі паўгадавымі «канікуламі» дамогся адкрытае народнае непавагі і зьнік з палітычнага жыцьця. Экс-камуністычная большасьць Вярхоўнага Савету зраслася з Саўмінам, і ў Беларусі беспадзельна гаспадарыць ранейшая партыйная алігархія, – адзначаў Сойм БНФ. – Шматлікія палажэньні маскоўскіх пагадненьняў скіраваныя супраць незалежнасьці, супраць эканамічных інтарэсаў Беларусі і кожнага з нас. Гэта – захаваньне адзінай рублёвай прасторы, якая ўжо прывяла да «лібэралізацыі» цэнаў (т.зв. гайдараўска-чубайсаўская рэформа – С.Н.). Прыватызацыя ж пры адсутнасьці ўласнай валюты прывядзе да канчатковага разрабаваньня нацыянальнага багацьця – усё будзе скуплена за прывезеныя рублі. У пагадненьнях Беларусь адмаўляецца ад прынятай ва ўсім сьвеце платы за транспартны транзыт». Адзначалася таксама, што пры падзеле флоту паміж Расеяй і Ўкраінай не былі ўлічаныя інтарэсы Беларусі, на што зьвярнуў увагу нават Прэзыдыюм ВС. Але ў членаў Прэзыдыюму не хапіла духу прыцягнуць да адказнасьці Кебіча, які падпісаў пагадненьні, што дзейнічалі з моманту падпісаньня – нават не чакаючы ратыфікацыі Вярхоўным Саветам базавай вайсковай дамовы.

У войсках, разьмешчаных на тэрыторыі Беларусі, ішла непрыхаваная агітацыя супраць беларускай Незалежнасьці. Ашальмоўваньню падвяргаліся актывісты Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ), якія патрабавалі прывядзеньня афіцэраў да прысягі на вернасьць Беларусі. «У БЗВ ёсьць высокапастаўленыя праціўнікі нават сярод народных дэпутатаў рэспублікі. Узяць таго ж палкоўніка Паўлава, які ў час наведваньня вайсковых падразьдзяленьняў гаворыць афіцэрам, каб яны ўсур’ёз не ўспрымалі беларускае войска, што гэта, маўляў, часовая зьява і ўсё будзе, як было раней у Саюзе» – казаў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Міхась Ткачоў у інтэрвію ЛіМу 21 жніўня 1992 г. (Праз год Паўлаў, які прыйшоў у ВС падпалкоўнікам, атрымае званьне генэрала, а ўжо пасьля прыходу Лукашэнкі асядзе ў Маскве, дзе ў інтэрвію будзе ганіць БНФ за «нацыяналізм».)

У кастрычніку нарэшце сабралася сэсія Вярхоўнага Савету. Абмеркаваньне пытаньня аб рэфэрэндуме на сэсіі 28-29 кастрычніка было б вартае таго, каб зьмясьціць поўную стэнаграму дэбатаў, што, зразумела, немагчыма. Прывяду толькі некалькі цытатаў з выступу пэўных асобаў.

Дэпутат Уладзімер Кавалёнак, лётчык-касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюзу:

«Сёньня кроў стыне ў жылах, калі я чую, які пачынаецца дыктат. Калі патрабуюць думаць так, як думае БНФ. І абіраць мы павінны толькі па тым законе, які прапануе ён і ягоныя лідэры. Таварышы, гэта будзе страшней, чым было пры КПСС. Гэта будзе сапраўдны фашызм. Ён прыйдзе, калі мы не апамятаемся сёньня, таварышы, землякі, беларусы!»

Аляксандар Лукашэнка, дырэктар саўгасу «Гарадзец»:

«Я быў праціўнікам збору подпісаў за рэфэрэндум. Я ўпэўнены, што цяперашні Вярхоўны Савет не прагаласуе за рэфэрэндум. Уладу аддаваць нельга».

Васіль Лявонаў (былы першы сакратар Магілёўскага абкаму і будучы «архітэктар адзінага кандыдата» на выбарах-2001):

«Абсалютная большасьць дэпутатаў, што галасавалі за ратыфікацыю Белавескіх пагадненьняў, ня думалі, што тэзіс пра «празрыстыя межы» – толькі хітрык. Гвалтоўны разрыў шматвяковых гаспадарчых, культурных сувязяў па сваіх адмоўных наступствах можа пераўзысьці наступствы Чарнобыля».

Віктар Ганчар:

«Калі рэфэрэндум будзе праведзены, дык мы закладзем небясьпечную міну пад усе наступныя скліканьні, паколькі толькі дзяржавы і ворганы ўлады, якія сябе не паважаюць, могуць ставіць пытаньне пра датэрміновы роспуск парлямэнту, паколькі гэты заканадаўчы ворган улады, і сама пастаноўка пытаньня неканстытуцыйная» (дэпутаты Апазыцыі БНФ адразу ўдакладнілі, што датэрміновы роспуск парлямэнту – звычайная практыка ў дэмакратычным сьвеце – С.Н).

Зьмест таго, што адбылося, праз шмат гадоў наступным чынам перадаў Пазьняк:

«29-га кастрычніка 1992 году намэнклятура (Урад Кебіча), заручыўшыся падтрымкай кіраўніцтва Вярхоўнага Савету (С. Шушкевіча), сілавых структураў у Беларусі і Расеі, пайшла на пралом і, груба паламаўшы закон, галасаваньнем забараніла рэфэрэндум («За» прагаласавалі 35 дэпутатаў (Апазыцыя БНФ), супраць – 213 – С.Н.). Службовую, нізкую і надзвычай нечыстаплотную ролю ў забароне рэфэрэндуму адыграў дэпутат Дзьмітры Булахаў (пазьней набліжаны да Лукашэнкі і член ягонай групы). Намэнклятура даручыла яму брудную працу дакладчыка па «завале» рэфэрэндуму, скарыстаўшы той факт, што Булахаў быў пад крымінальным сьледзтвам за забойства, учыненае ім на дарозе і павінен быў сесьці за краты. Выкананьне бруднай працы пазбавіла яго ад турмы.


Пікет актывістаў БНФ, 1992

Пікет актывістаў БНФ, 1992

Булахаў усяляк ганьбаваў рэфэрэндум і прыдумваў неіснуючыя прычыны, каб яго не дапусьціць, стараўся скампрамэтаваць працу БНФ і рашэньне ЦВК па выбарах і рэфэрэндумах, імкнуўся даць фармальны повад намэнклятуры, каб прагаласаваць супраць.

Істотную ролю ў гэтых падзеях адыграла, аднак, татальная (і, як выявілася, непрадказальная) здрада Народнаму Фронту літаральна ўсіх дэмакратычных і так званых «незалежных» дэпутатаў у Вярхоўным Савеце (удакладню, што дэпутаты БСДГ уваходзілі ў Апазыцыю і галасавалі за рэфэрэндум – С.Н.). Ня будучы ў бальшыні палітыкамі (працавалі па сваіх спэцыяльнасьцях), ніхто зь іх не захацеў расставацца з мандатам дэпутата. Апазыцыя Народнага Фронту ў момант галасаваньня засталася адна са сваімі 30-цю галасамі.

Немалаважнай была і пазыцыя старшыні Вярхоўнага Савету С. Шушкевіча, які канчаткова перайшоў на бок намэнклятуры. Узьняць хвалю масавых шматлюдных грамадзкіх пратэстаў не ўдалося з прычыны моцных халадоў і апатыі грамадзтва. 5-6 тысячаў пратэстантаў (якія выйшлі на плошчу ў Менску) нічога не зьмянялі.

Беларусь страціла шанец пераменаў да дэмакратыі і вольнага нацыянальнага разьвіцьця

Лёс рэфэрэндуму быў загублены. Беларусь страціла шанец пераменаў да дэмакратыі і вольнага нацыянальнага разьвіцьця, шанец збавіцца ад прадажнай прамаскоўскай палітыкі савецкай намэнклятуры. Гэтая страта стала паваротным этапам у падзеях на Беларусі» (Пазьняк, «Развагі», Варшава-Нью-Ёрк-Вільня. 2007, стар. 93).

Праз 18 гадоў пасьля тых падзеяў у інтэрвію Віталю Цыганкову Шушкевіч патлумачыў сваю пазыцыю:

Дык яны мне скажуць — навошта ты нам такі патрэбны, мы зараз новага абярэм

«Шушкевіч: Тыя наіўныя прапановы, што былі з боку БНФ – «Вярхоўны Савет у адстаўку». Гэта я павінен уносіць такую прапанову? Я Старшыня, і я павінен такое прапаноўваць? Дык яны мне скажуць — «навошта ты нам такі патрэбны, мы зараз новага абярэм".

Цыганкоў: Пачакайце, зьявілася новая незалежная дзяржава – Рэспубліка Беларусь, усталяваны іншы грамадзкі лад, няма кіроўнай камуністычнай партыі. А заканадаўчы орган выбіраўся яшчэ у той дзяржаве, СССР, у тых умовах. Чаму новая дзяржава не павінна мець новы заканадаўчы орган? Гэта цалкам абгрунтаванае прапанова.

Шушкевіч: Я яшчэ раз вам кажу... У гэты заканадаўчы орган людзі былі абраны больш-менш дэмакратычным чынам, і трэба было зь яго выцягнуць усё, што магчыма. Калі б БНФ меў рацыю, то хоць бы аднаго БНФаўца абралі ў дэпутаты ў 1996-ым годзе? (Па гэтай лёгіцы, усе наступныя т.зв. выбары – што прэзыдэнцкія, што ў «палату» пацьвердзілі, што мае рацыю выключна Лукашэнка. – С.Н.) Грамадзтва не падтрымлівала гэты падыход, бо ў камуністаў былі ўсе рычагі даказаць, што менавіта дэмакраты ва ўсім вінаватыя.

Цыганкоў: Гэта вы кажаце ўжо пра выбары 1996-га, а я кажу пра 1992-і год, калі грамадзтва было ў эўфарыі ад зьмены ўлады, калі ваш рэйтынг быў вялізны, вышэй за 50 працэнтаў.

Шушкевіч: Там бы ён і згінуў, на тым самым месцы. І не было б нічога з таго, што мы дасягнулі, калі б я адразу крута пайшоў на канфрантацыю зь Вярхоўным Саветам.

Цыганкоў: І усё ж – БНФ сабраў подпісы грамадзянаў за рэфэрэндум аб новых выбарах...

Шушкевіч: І мы паставілі яго на галасаваньне ў Вярхоўным Савеце. І што? 50 галасоў за, астатнія 200 супраць.

Цыганкоў: Можа, мала было «за», бо вы гэта публічна не падтрымалі?

Шушкевіч: Я не падтрымаў і не выступаў супраць. Я як Старшыня ніколі не выступаў, што буду галасаваць за ці супраць чагосьці (што няпраўда – у інтэрвію «Свабодзе» Шушкевіч заявіў, што будзе галасаваць супраць – С.Н.).

Цыганкоў: А можа варта было?

Шушкевіч: Ні ў якім разе! Я даваў магчымасьць выказацца ўсім тым, хто мог падтрымаць. А калі б я заявіў, што падтрымліваю – то што было б? Правалілі б раз-другі, а потым сказалі б – «навошта ты нам такі патрэбны?».

Некаторыя камэнтатары ўбачылі ў гэтых словах Шушкевіча ўскоснае прызнаньне таго, што ён не жадаў страціць пасаду. У прынцыпе – натуральнае жаданьне палітыка. Вось толькі абышлося нацыі гэтае жаданьне занадта дорага.

Гэтыя словы – «навошта ты нам такі патрэбны?» – парлямэнцкая большасьць усё ж сказала.

Заява Уладзімера Арлова, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Радзіма Гарэцкага і іншых прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлегенцыі з асуджэньнем рашэньня ВС аб адмове ў правядзеньні рэфэрэндуму. 1992 г.

Заява Уладзімера Арлова, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Радзіма Гарэцкага і іншых прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлегенцыі з асуджэньнем рашэньня ВС аб адмове ў правядзеньні рэфэрэндуму. 1992 г.



Калі зьвесьці розьніцу ў нашых з Шушкевічам падыходах да рэфармаваньня сыстэмы ўлады, дык яна палягала ў наступным.

Мы былі перакананыя, што спачатку трэба правесьці выбары, і ўжо новы склад парлямэнту, выбраны па новым дэмакратычным законе, прыме новую Канстытуцыю.

Шушкевіч жа лічыў, што тагачасны склад ВС павінен спачатку прыняць Канстытуцыю, а потым ужо правесьці выбары
(«Я прыхільнік эвалюцыйнага падыходу і думаю, што можна ўдасканаліць работу Вярхоўнага Савету. Трэба прыняць новую Канстытуцыю, новы выбарчы закон, вызначыць пасьлядоўнасьць пераходу…» («Народная газета», 18 лютага 1992 г.).

І Шушкевіч зрабіў усё магчымае, каб атрымалася так, як ён жадаў.

Але ў выніку – здарылася тое, пра што мы папярэджвалі: пракамуністычная, праімпэрская, большасьць ВС-12 на шмат гадоў зьнішчыла пэрспэктыву дэмакратычнага і эўрапейскага разьвіцьця Беларусі. У пачатку 1993 году на пасяджэньні Канстытуцыйнай Камісіі Шушкевіч пагадзіўся на ўвядзеньне прэзыдэнцтва, у сьнежні 1993-га парлямэнцкая большасьць прымусіла Шушкевіча заявіць пра далучэньне Беларусі да сыстэмы Калектыўнай бясьпекі СНД, якая кантралюецца маскоўскім Генштабам, а празь месяц, у студзені 94-га, Шушкевіча адправілі ў адстаўку. У сакавіку 94-га з парушэньне Рэглямэнту ВС у Канстытуцыю было ўведзенае прэзыдэнцтва, ну а пра тое, што адбылося ў выніку прэзыдэнцкіх выбараў, у гэтым тэксьце казаць патрэбы няма.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG