Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбаўскайце ставіць умовы пераможцам на выбарах


Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце ў панядзелак заявіла, што Партыя працы ня можа ўдзельнічаць у фармаваньні ўраду. Пра гэта паведламіў партал Delfi.

Па выніках двух тураў выбараў гэтая папулісцкая партыя на чале зь бізнэсоўцам Віктарам Успаскіх заняла другое месца, Партыя працы разам з сацыял-дэмакратамі і партыяй «Парадак і справядлівасьць» ужо дамовіліся пра стварэньне кааліцыйнага ўраду, у якім Успаскіх атрымае міністэрскі партфэль.

Альгірдас Буткявічус
Альгірдас Буткявічус
«На маю думку, у фармаваньні ўраду ня можа ўдзельнічаць партыя, якую падазраюць у мностве грубых парушэньняў парадку выбараў, у вядзеньні падвойнай бухгальтэрыі, лідэры якой зьяўляюцца абвінавачанымі ў крымінальнай справе», — сказала Грыбаўскайце пасьля сустрэчы зь лідэрам сацыял-дэмакратаў, найбольш рэальным кандыдатам у прэм’еры Альгірдасам Буткявічусам.

Напярэдадні другога туру парлямэнцкіх выбараў Генэральная пракуратура Літвы па справе аб «чорнай касе» Партыі працы выставіла абвінавачваньні ў махлярстве лідэру партыі Віктару Успаскіх, дэпутату Сойму Вітаўтасу Гапшысу, кандыдату ў дэпутаты Сойму Віталіі Ванжутайце і былому фінансісту партыі Марыне Люткявічэне. Партыя працы лічыць абвінавачаньне супраць яе сябраў палітычна матываваным.

Лідэр Партыі працы Віктар Успаскіх сказаў DELFI, што калі яго партыя будзе выкінутая за борт, гэта азначае, што ня лічацца з воляй выбарцаў.

Віктар Успаскіх
Віктар Успаскіх
«Прэзыдэнт можа выказваць любыя пазыцыі. Але ёсьць Канстытуцыя, воля выбарцаў, і, у прававой дэмакратычнай дзяржаве, прэзумпцыя невінаватасьці. Усе гэтыя фактары павінны дзейнічаць», — сказаў Успаскіх.

Паводле яго, прэзыдэнт ужывае падвойныя стандарты. Чатыры гады таму, калі ў дваіх з чатырох лідэраў кааліцыі — Арунаса Валінскаса і Артураса Зуокаса — у біяграфіі былі судзімасьці, гэта нікому не перашкаджала.

Успаскіх ня ўзяўся ацэньваць пэрспэктывы кааліцыі сацыял-дэмакратаў і кансэрватараў.

«Калі сацдэмы захочуць пайсьці з кансэрватарамі — гэта іх права. Іншая справа — мы дамовіліся. Калі яны зьменяць сваё меркаваньне — будзе нядобра. Але я лічу, што яны маюць права рабіць, што хочуць. Наша дэмакратычная дзяржава павінна выконваць волю людзей. Я веру, што Буткявічус зможа вытрымаць так і ціск», — сказаў Успаскіх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG