Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская рэакцыя на ўкраінскія выбары


Ва Ўкраіне падводзяць вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў мінулую нядзелю.

Паводле партыйных сьпісаў лідзіруе Партыя рэгіёнаў, якая пасьля апрацоўкі 40 адсоткаў бюлетэняў мае каля 35% галасоў. Аб’яднаная апазыцыя «Бацькаўшчына» набірае 21,55%; кампартыя Украіны — 15,10%; партыя Віталя Клічко «УДАР» — 12,83%; праварадыкальная «Свабода» — 8,05%. Паводле папярэдніх вынікаў выбараў па мажарытарных акругах, каля чвэрці месцаў у парлямэнце заваёўваюць кандыдаты ад партыі ўлады, яшчэ чвэрць — апазыцыя і незалежныя кандыдаты.

Палітоляг Аляксей Кароль пазытыўна ацэньвае мінулыя выбары ў Вярхоўную Раду Ўкраіны:

Аляксей Кароль

Аляксей Кароль

«Вынікі гэтых выбараў сьведчаць, што шанец на разьвіцьцё дэмакратыі ва Ўкраіне ёсьць. Тое, чаго найбольш баяліся, што там можа быць адкат, — гэта, на шчасьце, ня спраўдзілася. Мне падаецца, што вынікі гэтых выбараў сьведчаць, што Ўкраіна прайшла мяжу невяртаньня да аўтарытарнай сыстэмы кіраваньня. Гэта адрозьнівае Ўкраіну ад Беларусі і дае нейкае спадзяваньне беларускім дэмакратычнымі сілам».

Спадар Кароль мяркуе, што беларускія выбары няма як нават параўноўваць з украінскімі:

«Там была кампанія з усімі атрыбутамі свабодных выбараў. Магчыма, і былі пэўныя фальсыфікацыі, але яны заставаліся ў межах звычайнай дэмакратычнай працэдуры, як сьведчаць сацыёлягі, у межах 5–7 працэнтаў. А ў нас не было выбараў, у нас было прызначэньне паводле савецкай мадэлі, поўная маніпуляцыя».

Аляксей Кароль бачыць некалькі фэномэнаў у выніках учорашніх выбараў ва Ўкраіне. Першы зь іх — удалы выступ партыі чэмпіёна па боксе Віталя Клічка «Ўдар»:

«Гэта тэндэнцыя, калі і адны (Партыя рэгіёнаў), і другія („Бацькаўшчына“) ужо надакучылі, не апраўдалі спадзяваньняў і даверу часткі выбарцаў, і таму галасуюць за новую сілу і вядомую фігуру, у дадзеным выпадку Клічко. Ягоная палітычная сіла супала з чаканьнямі насельніцтва: спартсмэн, моцны, удар...»

Другі фэномэн — нечакана высокі вынік камуністаў, пераважна атрыманы за кошт усходніх рэгіёнаў. Спадар Кароль тлумачыць іх посьпех:

«Калі рэформы і дэмакратызацыя не даюць відавочных вынікаў і ёсьць разрыў паміж верхняй і ніжняй межамі даходаў насельніцтва, калі ёсьць расчараваньне ў палітыцы, то тады галасы аддаюць сіле, зь якой атаясамліваюць больш справядлівае разьмеркаваньне матэрыяльных даходаў, і гэта зьвязваецца з камуністамі і з ілюзорнымі ўспамінамі пра сацыялізм. Гэта запозьненая настальгія».

Пры гэтым, як прызнае спадар Кароль, масавая сьвядомасьць не зьвяртае ўвагі, што камуністы ідуць у саюзьнікі з алігархамі і супэркапіталістамі Партыі рэгіёнаў, адказнымі за сацыяльную няроўнасьць.

Трэці фэномэн — прыход у парлямэнт праварадыкальнай партыі «Свабода» Алега Цягнібока, які атрымаў моцную падтрымку на Захадзе Ўкраіны. Аляксей Кароль мяркуе з гэтай нагоды:

«Людзі спадзяваліся на нацыянальны ўздым, але не атрымалі. Пры ўладзе Януковіч. І гэта стала рэакцыяй на антынацыянальныя аспэкты ягонай палітыкі».


Некалькі беларускіх праваабаронцаў цяпер знаходзяцца ва Ўкраіне як сябры міжнароднай назіральнай місіі «ENEMO». Камэнтаваць выбары яны не могуць, пакуль не зьявіцца агульная ацэнка місіі. Раней шмат разоў назіральнікам на выбарах ва Ўкраіне бываў старшыня БХК Алег Гулак, які і цяпер сочыць за падзеямі на выбарах Вярхоўнай Рады.

Параўноўваючы ўкраінскія выбары зь беларускімі, ён зазначае:

Алег Гулак

Алег Гулак

«Па-першае, там рэальная кампанія, у якой кандыдаты спаборнічаюць, там сапраўдны парлямэнт, які мае нашмат больш паўнамоцтваў і рэальную ролю ў жыцьці краіны, чым наш. Ёсьць спаборніцтва кандыдатаў, была яркая агітацыя, і можна было больш зразумець, каго выбіраць. Па-другое, там ўсё-такі лічаць галасы. Там шмат ужываецца розных маніпуляцый, і ў гэтым сэнсе там вельмі далёка ад ідэалу, безумоўна, але ўсё-такі працэдура падліку галасоў там ёсьць. У большасьці выпадкаў можна сказаць, бюлетэні падлічаныя правільна ці няправільна, у нас гэтага нельга сказаць. Таксама там больш зразумелая і празрыстая сытуацыя са сьпісамі выбарцаў, з фармаваньнем камісій, у цэлым такія прынцыповыя моманты там лепшыя».

Разам з тым ва Ўкраіне апошнія 2–3 кампаніі узровень празрыстасьці і дэмакратычнасьці выбараў становіцца горшым, прызнае спадар Гулак. Асабліва шмат маніпуляцыяў у мажарытарных акругах, за кошт якіх Партыя рэгіёнаў атрымлівае каля чвэрці месцаў у Вярхоўнай Радзе.

«Для гэтага і ўводзіліся ва Ўкраіне мажарытарныя выбары, каб партыі ўлады было прасьцей, таму я і кажу, што ёсьць прадмет для крытыкі, ёсьць што паляпшаць, але тым не менш параўнаньне з Беларусьсю на карысьць Украіны».


Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін важны вынік украінскіх выбараў бачыць у тым, што партыі ўлады не ўдалося сфармаваць канстытуцыйную большасьць, каб далей мяняць Асноўны закон у свой бок:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Гэта ўжо відавочна, і гэта вельмі добры вынік выбараў. Калі будуць вядомыя канчатковыя вынікі, то будзе вядома, ці атрымалі Рэгіёны большасьць. Тады стане ясна, што яны будуць рабіць далей. Але, на мой погляд, нават калі апазыцыя і тыя, хто супрацьстаіць уладзе, і ня змогуць стварыць большасьць, тое што ў іх будзе значная меншасьць — гэта вельмі важна. Гэта само па сабе падмацоўвае дэмакратыю і робіць немагчымым вяртаньне да мінулага».

Леў Марголін мяркуе, што Ўкраіна вырвалася з «эўразійскай аўтарытарнай прасторы», і гэта незваротна. Зь цяперашнім вынікам украінская апазыцыя мае добрую аснову для падрыхтоўкі прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году, маючы шанец перамагчы цяперашняга кіраўніка Віктара Януковіча, мяркуе Леў Марголін:

«Гэта будзе залежаць ад эканамічнай сытуацыі ў краіне, бо яшчэ тры гады наперадзе і шмат што можа здарыцца. Але калі сытуацыя ня будзе паляпшацца і калі апазыцыя здолее аб’яднацца і вылучыць адзінага кандыдата, то ёсьць шанец справіцца зь Януковічам».

Спадар Марголін зьвярнуў увагу на парушэньні і выкарыстаньне адміністратыўнага рэсурсу на ўкраінскіх выбарах, але мяркуе, што гэта нельга параўнаць з тым, што адбывалася ў Беларусі:

«Як нельга таксама параўноўваць сытуацыю ў нас і сытуацыю ва Ўкраіне, бо там ёсьць галоўнае, што робіць выбары выбарамі, — гэта падлік галасоў. У нашай сытуацыі галасы ўжо не падлічваюць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG