Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі Аляксандар Антановіч заявіў карэспандэнту «Свабоды», што КДБ не затрымліваў расейскага адваката Максіма Караткова-Гуляева, які абараняе фігурантаў «балотнай справы».

Ніякіх іншых тлумачэньняў у КДБ не далі.

У расейскай амбасадзе ў Менску сказалі, што ведаюць пра затрыманьне з паведамленьняў СМІ.

«Цяпер наша консульская служба правярае інфармацыю — ці быў факт затрыманьня. Пакуль нейкай інфармацыі ў нас няма. Мы зрабілі запыт у Міністэрства замежных спраў, але адказу пакуль няма», — паведамілі ў амбасадзе Расеі.

Раней калегі адваката паведамілі журналістам, што Максім Караткоў-Гуляеў, адвакат аднаго зь фігурантаў справы аб масавых беспарадках на Балотнай плошчы ў Маскве 6 траўня сёлета, затрыманы беларускімі спэцслужбамі ў Менску.

Паводле Аляксандра Васільева, калегі Караткова-Гуляева, той паведаміў яму пра сваё затрыманьне ў тэлефоннай размове.

«Ён сказаў мне наступнае: што ён знаходзіцца ў Менску і што яго затрымліваюць службы бясьпекі Беларусі. Усё, на гэтым сувязь перарвалася», — распавёў Васільеў парталу Gazeta.Ru.

«Ён сказаў, што ў яго з сабой, як я зразумеў, $500 тыс., ці што», — дадаў Васільеў.

Максім Караткоў-Гуляеў прадстаўляе інтарэсы Рыхарда Собалева, аднаго зь фігурантаў «балотнай справы». На тым тыдні ў яго кватэры прайшоў ператрус.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG