Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: На Дзяды прыйшлі чацьвёра чалавек


28 кастрычніка чацьвёра актывістаў апазыцыі прыйшлі да крыжа памяці, усталяванага па-над кар’ерам, што на праспэкце Дзімітрава, каб ушанаваць памяць ахвяраў бальшавіцкага і сталінскага тэрору.

Да крыжа яны прынесьлі кветкі. Прачыталі малітву, пагутарылі й разышліся.

Ініцыяваў памінальную акцыю актывіст партыі БНФ Сяргей Гіркін.

Ён жа чытаў ля крыжа малітву і выступіў зь непрацяглай прамовай: «Мы сабраліся тут, каб ушанаваць памяць бязьвінна забітых тут людзей. Да жалю сёньня надвор’е не спрыяе. Але ж дзякуй. Я думаю, што ад іх зь нябёсаў таксама будзе падзяка, што мы сёньня прыйшлі. Ніхто ж ня ведае, што нам наканавана, дзе мы будзем заўтра, бо такая сытуацыя ў краіне».

У 20-30 гады мінулага стагодзьдзя на гэтым месцы адбываліся масавыя расстрэлы. Першых каго бальшавікі пачалі караць ва ўрочышчы былі каталіцкія і праваслаўных сьвятары. Пазьней, як сьцьвярджаюць родзічы забітых і сьведкі, сюды, зволілі асуджаных на сьмерць і расстрэльвалі.

Праўда пра кар’ер адкрылася ў васьмідзесятыя гады мінулага стагодзьдзя, калі на месцы расстрэлу, пачалі здабываць пясок. Рабочыя наткнуліся на чалавечыя парэшткі. Была створаная камісія, вынікі працы якой невядомыя грамадзкасьці дагэтуль. Невядома і колькі было расстраляна людзей.

Пры канцы васьмідзесятых па-над кар’ерам устанавілі крыж. Штогод на Дзяды да яго прыходзіць усё меней людзей.

Прыходзяць да крыжа і сваякі рэпрэсаваных — прыносяць кветкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG