Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраш Малішэўскі — пра могілкі ў беларускай літаратуры


Яраш Малішэўскі

Яраш Малішэўскі

Могілкі для Беларусі — ня проста месца пахаваньня. Гэта месца, дзе захоўваюцца плясты нагэтулькі глыбокія, што працінаюць ці ня ўсю нашу гісторыю з культурай. Пагатоў цяпер, калі ў прорве глябалізацыі ды адмаўленьня ад свайго многае зьнікае, як памінальная зьнічка на Дзяды пад густым першым сьнегам. Яраш Малішэўскі — пра могілкі ў беларускай літаратуры.

Янка Купала. На куцьцю. Збор твораў. Т. 3. Менск, «Мастацкая літаратура», 1997

Абраны Купалам шлях быў адным з найбольш слушных. Псэўданім, абраны паэтам, нёс у сабе магію тае начы, калі адчыняюцца скарбы, калі кожны можа стацца гаспадаром свайго лёсу, зьмяніць яго да непазнавальнасьці. На Купальле красуе тая самая папараць-кветка, што дапамагае знайсьці скарб.

Вось і тут ён, той самы скарб — на кургане, пад зямлёю. Вось тут і шлях, якім можна выйсьці. Толькі багацьці тут іншыя, тыя якія ёсьць галоўнымі. Часта так і атрымліваецца, што большая частка нашых скарбаў — на могілках, пад зямлёю. Але яны здольныя даць новае жыцьцё. Варта толькі прыслухацца, успрыняць. Пачуць. У нас з магіл пачынаецца гэтак шмат… Бо і ўяўленьні нашыя пра могілкі — як тыя самыя вёскі й гарады, дзе жывуць продкі. Мо таму гэтак ня любіць поскудзь нават падземнае — беларускае? Тэма курганоў і магіл для Купалы — адметная і праходзіць у яго скрозь і надоўга. Супастаўленьне велічы мінулага і сёньняшняга рабства й заняпаду… Падзеі твора адбываюцца ў калядную ноч, калі можна паваражыць, даведацца пра будучыню, сустрэцца з душамі продкаў. Старое замчышча — мінуўшчына, гісторыя, якую вытруцілі з памяці беларусаў.

Торг усё ідзе
Над іх душою патаптанай;
Яны, як цені, у грамадзе
Маўчаць і йдуць на пір паганы.

Людзі ў забраным краі пад ярмом, але жыцьцё йдзе і людзі — жывыя. Трэба абуджаць.

Ня ўмруць, ня ўмруць ужо яны,
Раз хочуць сонца, славы, песьні;
Заб’юць ім зычныя званы
Прабудным звонам напрадвесьні.


Барыс Пятровіч. Пахаваньне вёскі. Дзеяслоў, № 33

Хаваюць ня толькі людзей, хаваюць і паселішчы. Да гарадоў масава ў Беларусі не дайшло, і хочацца спадзявацца, што й ня дойдзе, а вось з малымі населенымі пунктамі, на жаль, гэты працэс крочыць дужа шпарка. Спрыяюць гэтаму і «уздым сяла», ад якога, мусіць, неўзабаве мала што застанецца, і чарнобыльская бяда.

Твор Барыса Пятровіча прысьвечаны пахаваньню вёскі — адной з шматлікіх, якія пляжыліся, пачынаючы ад таго самага 86-га. Там, на на паўднёвым усходзе… Адны з’язджалі адтуль амаль у чым былі, марна спадзеючыся вярнуцца, другія бязьлітасна рабавалі пакінутыя хаціны.

Маленькі эпізод таго, што адбывалася ў «зоне». Тыя, каму загадана, пляжаць пустыя хаты, паралельна зьбіраючы запас, разьлічаны на ахвотных пажывіцца. А ахвотныя з’яўляюцца, і за пару пляшак гарэлкі сьмяротны тавар — той жа тэлевізар «Гарызонт» — пачынае сваю змрочную вандроўку кудысьці, несучы атруту «ў масы». Усё будзённа, шэра, стомлена. Нават адзін крок ад выпадковай сьмерці. Яна ня здарылася, але што чакае ў будучыні гэтых хлапцоў, якія душацца ад радыёактыўнага пылу, хаваючы вёску за вёскай? Яна, вёска, ужо ў магіле. А людзі — пакуль яшчэ не.


Вацлаў Ластоўскі. Старасельскі магільнік. Выбраныя творы. Менск. «Беларускі кнігазбор», 1997

«…Магільнік» — зрэз жыцьця «пад зямлёю і па-над ёю» тады, прыканцы пазамінулага стагодзьдзя, калі Вацлаў яшчэ толькі прыглядаўся да таго, што чыніцца наўкол. А прыглядацца было да чаго: ягоны родны край аніяк не назавеш бедным на помнікі і памяць — нат сёньня. Назіраньні мальца, разам з учэпістай, «навуковай» памяцьцю пазьней дадуць шыкоўны плён, на жаль абарваны…

Там, на беразе Дзісенкі, існавала разуменьне, павага да продкаў, нават калі многае ўжо не ўсьведамлялася — што й да чаго. Капцы, валатоўкі, пярсьцёнкі й абручы — пакінулі іх волаты-прашчуры, да якіх ставіліся з пачцівасьцю. Легенды, паданьні, правілы паводзінаў у немалой ступені і спрычыніліся да выгадаваньня аднаго з волатаў нашага адраджэньня. І тыя могілкі — адныя з шматлікіх, якія не давалі людзям на гэтай зямлі згубіць памяць.

«…наш старасельскі магільнік. Калі я яго цяпер успамінаю, ён мне здаецца жывой гісторыяй краю, абнімаючай падзеі ад бронзавага, а мо нават каменнага веку да нашых часаў. Цур, пухам зямелька вам, мінуўшыя пакаленьні!»

А наперадзе быў Власт. Выгадаваны і гэтым, старасельскім могільнікам.


Лявон Вашко. Жаба. Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў. Менск, «Мастацкая літаратура», 1997

«Жаба» — адна з трыццаці пяці гісторыяў жыцьця наднёманскага мястэчка. Людзі ў ім сьмешныя і сумныя, разумныя і дурныя — зрэшты, як і заўжды. У нашым выпадку «Магілка» — прозьвішча, якое займеў адзін з такіх калярытных местачкоўцаў-гарадкоўцаў, дзякуючы свайму пакліканьню — іначай і ня скажаш. Нібы магнітам цягнула яго туды, дзе пачыналася разьвітаньне. Хаўтураў, дзе разьліваўся сьлязьмі Магілка (другая мянушка — Жаба), выдаючы такія эмоцыі, ад якіх халадзела душа, безь яго папросту і быць не магло. І пазьней — за памінальным сталом, калі зь яго лезьлі ўжо сьмехі ды весялосьць. Ад плачу да сьмеху — адзін крок. «Магілкаў гумар быў у тым, што ўсе людзі — гэткія, як і ён, жабы, адно думаюць на сябе, што людзі».

Жаба-Магілка — адзін з тых гарадкоўцаў, чалавек, такі, як і ўсе, і зусім не такі. Ягоная камэдыя і трагедыя глядзяцца выразна і пуката, а дзякуючы тэме — і пагатоў. А пра сакавітую, смачную мову, якой напісаная кніга — што казаць? Чытаць трэба.

«Шчырыя ручаі, што выліваліся зь ягоных поцемкаў, яшчэ больш размывалі размытыя сьлязьмі вочы-берагі хаўтурнага люду, і несьціханы плач, адчай і сьціснутыя каменьнем сэрцы несуцешна разьдзіралі душы жалобнікаў на маленькія душкі».

Міхась Раманюк. Беларускія народныя крыжы. «Наша Ніва», 2000

Кніга сталася помнікам выбітнаму дасьледніку беларускай традыцыйнай культуры. Спадчына нястомнага вандроўніка, этнографа і мастацтвазнаўцы Міхася Раманюка яшчэ вымагае далейшага асэнсаваньня й выданьня. Але нашая тэма прывяла да той самай кнігі, што наўпрост зьнітаваная з могілкамі. Клады нашыя — цэлы сусьвет. Там можна адшукаць і зусім нядаўнія праявы беларушчыны і працяг даўных традыцый, і тое, што сваёй глыбінёй і старажытнасьцю уразіць кожнага. Так і тут — чаго вартыя хаця б вынікі палескіх вандровак, дзе на фота і на старонках паўстаюць унікальныя прыклады ды нарубы, якія амаль ужо зьніклі. Даведваесься пра тое, наколькі глыбокі сэнс мелі дэталі, пра якія сёньня ўжо й мясцовыя часта не здагадваюцца.

Дарэчы, днямі мне пашанцавала пабываць на такіх вось старасьвецкіх могілках. Дзіўнае пачуцьцё агортвае, калі бачыш дзясяткі дубовых калодаў на магілах, а на дубах, па-над імі калоды пчаліныя…

Дзякуючы Раманюку мы маем унікальную кнігу, дзе зафіксавана, сыстэматызавана шмат з таго, чаго на сёньняшні дзень ужо папросту няма. Плянэта Беларусь…
XS
SM
MD
LG