Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аншляг на юбілейным канцэрце «Палаца»


«Асаблівы дзякуй тым, хто спачатку здаў квіткі, а потым зноў іх купіў!» — прывітаў публіку Алег Хаменка 26 кастрычніка ў залі Тэатру беларускай драматургіі.

Лідэр гурту жартам узгадаў пра забарону канцэрту за некалькі дзён, які пасьля ўсё ж дазволілі. Нягледзячы на гэта, вольных месцаў амаль не было.

У рамках сьвяточнай праграмы «Палац» прадставіў публіцы два новыя альбомы. «Салдат-доктар» — музычная перапрацоўка сюжэту беларускай народнай казкі. Другі дыск — альбом «Кола грукатала». Песьні гэтага выдньня — цалкам аўтарскія, але напісаныя паводле матываў фальклёрных твораў.

Зь юбілеем са сцэны музыкаў павіншавалі іх сябры і калегі: дуэт «Аляксандра і Канстанцін», барды Алесь Камоцкі і Юрась Несьцярэнка, гурт NAKA.

Рэдактар музычнага парталу tuzin.fm Сяргей Будкін: «„Палац“ — гэта ўнікальная зьява як для беларускай музыкі, так і для сусьветнай. Іх можна лічыць пачынальнікамі жанру фольк-мадэрн. Да таго ж, з „Палаца“ выйшла процьма праектаў: і „KRIWI“, і „Юр’е“, ад „KRIWI“ выйшаў Вайцюшкевіч сольна — цэлая генэрацыя музыкаў! Тое, што „Палац“ дагэтуль стварае, пацьвяржае, што гурт ідзе ў сваім кірунку і да гэтага часу можа прапанаваць нешта новае».
XS
SM
MD
LG