Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец атрымаў лісты ад Дашкевіча і Бяляцкага


Павал Севярынец

Павал Севярынец

«Хімію» Паўла Севярынца могуць расфарміраваць у будучым годзе. Алесь Бяляцкі па пажаданьнях яму можа вызначыць, зь якой краіны прыйшоў ліст.

«Хімік» Павал Севярынец атрымаў лісты ад палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча і Алеся Бяляцкага. Севярынец адзначае, што Дашкевіч настроены «па-баявому, як заўсёды». Пра тое, што 30 кастрычніка выязны суд будзе вырашаць, ці накіроўваць Зьмітра Дашкевіча з калёніі ў турму, маладафронтавец не паведамляе.

Севярынец: «Відаць, зь меркаваньняў цэнзуры, ён пра гэта ня піша. Але ўсё роўна бачна, што ён да новых выпрабаваньняў гатовы».

З пасланьня Алеся Бяляцкага Павал Севярынец даведаўся пра тое, што яму зараз давозіцца шмат адказваць на лісты.

«Напісаў, што адказаў больш чым на 250 віншаваньняў. Пісаў тры тыдні, аж мазоль на руцэ. Паведаміў пра цікавае назіраньне: палякі жадаюць яму не здавацца, украінцы — змагацца і перамагаць, эўрапейцы зычаць вясёлага настрою, а беларусы трываласьці і цярпеньня. Вось гэтак ён вызначыў нацыянальную мэнтальнасьць паводле віншаваньняў. Сам жа трымаецца бадзёра, пры гэтым адзначае, што на тую суму грошай, якія яму дазволена патраціць на месяц, можна толькі раз схадзіць у краму».

Пра сябе Павал Севярынец паведаміў — ў гэтыя выходныя ў камэндатуры абяцалі ўключыць ацяпленьне. Паведамілі пра гэта 26-га кастрычніка, калі выпаў першы сьнег. Павал Севярынец адбывае 3 гады хіміі за Плошчу ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну. Дарэчы, саму «хімію» ў Купліне могуць неўзабаве расфарміраваць — такая пагалоска ходзіць сярод «хімікаў».

«Людзі паціху сыходзяць на амністыю. Адправілі нейкую частку на МАЗ. Кажуць, што адправяць яшчэ на Гомсельмаш і быццам нават зьбіраюцца расфарміроўваць гэтую „хімію“ пасьля новага году. Прыяжджаюць праверкі, казалі, што „хімія“ самая дрэнная. Потым знайшлі яшчэ горшую на Гомельшчыне, дык сказалі, што спачатку тую расфарміруюць. Але я што бачыў у Наваполацку, што бачыў у Магілёве і тут, па вялікім рахунку, сыстэма адна і тая ж. Тыя ж праблемы з алькаголем у вязьняў, бытавыя умовы вельмі дрэнныя, савецкія».
XS
SM
MD
LG