Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяды-2012. Шэсьце ў Курапаты


У Менску прайшлі шэсьце і мітынг ушанаваньня памяці ахвяр сталінізму, прымеркаваныя да дня памінаньня продкаў — Дзяды. У традыцыйнай акцыі ўзяло ўдзел каля 500 чалавек. Яны ня толькі ўшаноўвалі памяць ахвяраў, але і выступалі з пратэстам супраць будаўніцтва ў ахоўнае зоне мэмарыялу «Курапаты» забаўляльнага цэнтру «Бульбаш-хол».

17.40 У падземным пераходзе каля Парку чалюскінцаў а 10.20 раніцы невядомыя ў цывільным затрымалі Ўладзіслаў Шведа. Спачатку яго гадзіну трымалі ў міліцэйскім пакоі станцыі мэтро, потым адвезьлі ў адзьдзяленьне міліцыі мэтрапалітэну, што на плошчы Незалежнасьці. Там склалі пратакол за дробнае хуліганства — быццам бы Ўладзіслаў нецэнзурна лаяўся, размахваў рукамі. Вывернулі кішэні, адабралі бел-чырвона-белы сьцяг. Праз 3 гадзіны адпусьцілі, загадаўцы прыйсьці ў пастарунак у панядзелак а 10-й раніцы.

Таксама затрымлівалі непаўнагадовага Ільлю Хромава, у якога на заплечніку былі бе-чырвона-белыя стужкі.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміў сакратар управы КХП-БНФ Алесь Чахольскі.









14.55 Мітынг скончыўся. Удзельнікі ўсталёўваюць крыжы і ўскладаюць кветкі.

14.35 У Курапатах пачаўся мітынг.

Выступае намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.

«Я ўдзячны, што людзі сёньня зрабілі пэўную ахвяру, прыйшлі сюды, каб успомніць тое, што адбывалася на нашай зямлі, памянуць ахвяры чужынскага нашэсьця. Тое, што адбывалася ў 20-я, 30-я і 40-я гады, ёсьць вынікам акупацыі нашай краіны расейскім бальшавізмам. Чалавецтва мусіць жыць па законах людзкіх, а не зьвярыных. (...) тыя 30-я гады на нашай зямлі яшчэ ня скончыліся, бо ня можа нармальная ўлада рабіць забаўляльныя ўстановы са зьдзеклівымі назвамі тут, на гэтым месцы. Гэта ўсё выклікі, але мы моцная нацыя. Мы, беларусы, стварылі Статут Вялікага Княства Літоўскага, мы заклалі падмуркі юрыдычнай навукі. Таму я хачу сказаць, што мы, беларусы, валодаем усёй паўнатой улады на Беларусі, і гэта нашая задача, каб наверсе ўлады былі сапраўды беларускімі, каб ніякай ганьбы і зьдзеку не рабілася на нашай зямлі. Для гэтага найперш трэба быць салідарнымі».



Ліст ад Зянона Пазьняка зачытаў прэсавы сакратар КХП-БНФ Валеры Буйвал.

Пазьняк піша, што ў наступным годзе спаўняецца 25 год з дня адкрыцьця Курапатаў.

«Тады гэтае адкрыцьцё скалыхнула ўсё грамадзтва. І адсюль, з Курапацкіх расстрэльных ямаў, узьнялася нашая нацыянальная воля: быў створаны Народны фронт, узьняўся сьцяг нацыянальнага адраджэньня, грамадзтва перамянілася».

Пазьняк піша, што цяперашнія ўлады Расеі і кіраўніцтва Беларусі хочуць зьнішчыць памяць пра Курапаты.

Пазьняк піша, што цяперашнія ўлады Расеі і кіраўніцтва Беларусі хочуць зьнішчыць памяць пра Курапаты. «Разам з расейскімі ўладамі кіраўніцтва Беларусі будзе паказваць нянавісьць да гэтага трагічнага месца. Яны будуць пракладваць дарогі праз могілкі, будаваць бардэлі і рэстараны ў акопах, рынкі ды казіно — на месцы магілаў. У тым ліку і ў гэтым сьвятым месцы, дзе паводле апошніх падлікаў закапана да 250 тысяч людзей».

Пазьняк заклікаў сход у Курапатах шанаваць пакутныя магілы продкаў, аберагаць іх ад вандалаў і цемры, памятаць пра генацыд. Увесь час трэба думаць і, калі трэба, змагацца за нацыянальнае існаваньне і будучыню народа.


Алесь Чахольскі, выканаўчы сакратар КХП-БНФ: «Жыць Беларусь будзе, таму што ёсьць вы. Таму што прыйшла моладзь, тыя парасткі, якія зьявіліся ў 1991 годзе, калі Беларусь атрымала сапраўдную незалежнасьць. Як бы там ні было, на Беларусь вярнулася і наша мова, і наша культура. Я магу сказаць маладому пакаленьня — вы ўжо жывеце ў сваёй хаце. Мы самі ўсе разумеем, што беларускі народ сказаў гэтай уладзе „Вон!“. Беларускі народ хоча будаваць свой беларускі дом, сапраўдную беларускую дзяржаву. Сёньня я гляджу на вас, бачу вашыя твары і разумею, што жыве Беларусь».


14.25 Артур Фінькевіч, старшыня незарэгістраванай арганізацыі «Маладая Беларусь»:

«Для мяне ўдзел у шэсьці на Дзяды — гэта і традыцыя і пазыцыя. Для мяне гэта 12-ыя Дзяды, для „Маладой Беларусі“ — 5-ыя. Я лічу, што кожны сьвядомы беларус у гэты дзень мусіць нейкім чынам адсьвяткаваць. Калі ня ў Менску, то ў сваім горадзе, бо такім месцы, як Курапаты, ёсьць і ў Гомелі, і ў Віцебску, і ў іншых гарадах. Адзінае, каб было жаданьне ў людзей. Безумоўна, сёньня сапсавала настрой надвор’е, напэўна, шмат людзей не прыйшлі менавіта па гэтай прычыне. Людзей відавочна мала, мне здаецца, найменш за апошнія гады. Я лічу, што тут ёсьць і аб’ектыўныя рэчы, як той факт, што апазыцыя знаходзіцца ў пэўным крызісе, і для таго, каб больш люднымі былі акцыі, трэба больш сур’ёзна да іх ставіцца».




14.16 Удзельнікі шэсьця прыйшлі да Курапатаў.




14.08 Калёна падыходзіць да Курапатаў. У акцыі бярэ ўдзел каля 500 чалавек. Людзі выгукваюць спокліч «Жыве Беларусь». Міліцыянты перакрываюць рух, даюць магчымасьць шэсьцю прайсьці да месца мітынга. Аўтамабілісты вітаюць удзельнікаў сыгналамі.

13.35 Генік Лойка, мастак: «Гэта традыцыя — ажно з 1988 году, калі пасьля публікацыі Зянона Пазьняка ў газэце „ЛіМ“ пачалося ўшанаваньне гэтага месца. Праўда, тады, у 1988 годзе, мы не дайшлі да Курапатаў, у полі праводзілі мітынг. Сёньня, вядома, прыйшло ня вельмі шмат людзей. Прычына гэтаму — тое, што людзі сталі рэалістамі, яны ведаюць, што мала людзей пойдзе на гэтую акцыю, ведаюць, што будзе, і самі вырашаюць ня ісьці».


13.10 Калёна рухаецца па вуліцы Карбышава.


13.00 Валер Мазынскі, рэжысэр:

«Для мяне Дзяды — гэта каб не забыцца. Гэта ўжо традыцыя. Яшчэ мне кожны раз хочацца паглядзець, наколькі людзей майго пакаленьня менш, а моладзі — больш. Але аптымізм кожны раз прысутнічае, я бачу тут новыя і новыя твары. Гэта абнадзейвае. Таму што больш ужо асабліва няма дзе паглядзець на аднадумцаў, няма дзе сустрэцца. Гэтае шэсьце — адзінае месца, дзе можна і пабачыцца, і павітацца. Такі своеасаблівы клюб, мы тут вітаемся, даведваемся адно пра аднаго, бачымся ў твар, радуемся адно аднаму. Гэта сьвята. Ціхае сьвята ў маім жыцьці.»




12.31 Калёна павярнула на вуліцу Кастуся Каліноўскага. Акцыя адбываецца спакойна. Удзельнікі шэсьця выгукваюць «Жыве Беларусь!» і сьпяваюць «Пагоню».







Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ:

«Акцыя на Дзяды — гэта адно з самых важных мерапрыемстваў у палітычным, культурным календары для ўсяго беларускага грамадзтва. Гэта ня толькі дзень ушанаваньня памяці ўсіх ахвяраў сталінскага рэжыму і ўсіх іншых антыбеларускіх рэжымаў, якія панавалі ў Беларусі, гэта таксама і дзень выказваньня пратэсту супраць перапісваньня сапраўднай беларускай гісторыі, супраць хаваньня праўды пра гэтыя злачынствы дзеля таго, каб яны больш ніколі не маглі паўтарыцца. Таму я лічу для сябе вельмі важным кожны год браць удзел у шэсьці на Курапаты. Вельмі важна, што гэтае мерапрыемства адбываецца ў цэнтры Менску, пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. І гэтае шэсьце не дазваляе забыцца беларускаму грамадзтву на тое, чым можа скончыцца грэбаваньне сваёй гісторыяй і забыцьцё злачынстваў, якія рабіліся супраць беларусаў на гэтай зямлі».




12.05 Карэспандэнт «Свабоды» перадае, што ў калёне знаходзіцца прыкладна 500 чалавек.

11.50 Міліцыя спыніла рух па вуліцы Валгаградзкай і дазволіла шэсьцю перайсьці праезную частку не праз падземны пераход, а па вуліцы.

11.33 Калёна пачала рухацца. Яе ачольвае былы палітвязень Сяргей Каваленка, які нясе вялікі бел-чырвона-белы сьцяг.




11.10 Зьявіліся вялікія плякаты «Свабоду Дашкевічу» і «Свабоду Лобаву», а таксама «Беларуская салідарнасьць – наш супраціў расейскай акупацыі», «Ушануйма ахвяраў Курапат», «Свабоду палітвязьням»


11.03 Да месца збору падышлі былы палітвязень Сяргей Каваленка з жонкай і намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.



10.54 На пляцоўцы каля Гадзіньнікавага заводу знаходзіцца каля 200 чалавек, сярод якіх Юрась Беленькі, Алег Трусаў, Артур Фінькевіч, Віталь Рымашэўскі. Лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама сьцягі БХД, «Маладой Беларусі», Эўразьвязу. Людзі працягваюць далучацца.






10.30 Да месца збору пачынаюць падыходзіць людзі. Некаторыя ўдзельнікі акцыі нясуць з сабой кветкі. Таксама да месца збору прынесьлі 5 крыжоў. Нікога з палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў пакуль няма.




10.00 Зьявіліся першыя ўдзельнікі шэсьця.

9.20 Ад самай раніцы на месцы збору дзяжурыць машына сапёрна-піратэхнічнай службы ўнутраных войск. Cупрацоўнікі службы разам з сабакам пачынаюць аглядаць месца збору ўдельнікаў акцыі. Людзей у цывільным паболела прыкладна ў два разы. Удзельнікаў акцыі пакуль няма.




9.10 Два аўтазакі са спэцназам міліцыі прыпаркаваліся на бульвары Талбухіна, непадалёк ад месца збору ўдзельнікаў шэсьця. На пляцоўцы перад гадзіньнікавым заводам зьявіліся першыя людзі ў цывільным спартовага целаскладу.



Збор удзельнікаў акцыі — 10:30 каля будынку гадзіньнікавага заводу «Луч» на праспэкце Незалежнасьці ў Менску.

Мітынг у Курапатах павінен пачацца а 15-й гадзіне.

Дазволеную ўладамі акцыю арганізоўвае Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ.


Маршрут шэсьця. Глядзець вялікую мапу


Дзяды розных гадоў


2011

2010

2009

2008

2007


Шэсьце на Дзяды


Ад 30 кастрычніка 1988 году традыцыйны дзень памінаньня памерлых — Дзяды — набыў характар грамадзка-палітычнай падзеі. Штогод у памяць аб ахвярах камуністычных уладаў адбываецца шэсьце на Курапаты.

Курапаты


Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах.

У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было праверана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінулых.

Каб ушанаваць памяць ахвяраў, пастаўленыя крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах ня раз чыніліся акты вандалізму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG