Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


У СУБОТУ...

...і нядзелю пахмурна, магчымыя дождж са сьнегам. Тэмпэратура на выходныя каля нуля.

НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:

У суботу аўдыёзапіс аналітычнай перадачы «Зона Свабоды» для тэлеканалу Белсат. Дэбаты паміж гасьцямі перадачы: сябрам аргкамітэту Беларускага Руху Вінцуком Вячоркам і намесьнікам старшыні Руху «За Свабоду» Алесем Лагвінцом. Тэмы: Як вызначаць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі? Каму патрэбная дэмакратыя? Хто павінен плаціць за беларускую незалежнасьць?

У нядзелю ў перадачы «Праскі акцэнт» Сяргей Навумчык, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў павядуць гутарку пра нявыкарыстаныя шанцы беларускай дэмакратыі. Чаму не адбыўся ў 1992 годзе ініцыяваны БНФ рэфэрэндум аб новых парлямэнцкіх выбарах? Ці былі пасьля гэтага ў апазыцыі рэальныя шанцы зьмяніць лёс Беларусі? Ці заўсёды пагаршэньне эканамічна-сацыяльнага становішча стварае тое, што прынята называць рэвалюцыйнай сытуацыяй?

У ГЭТЫЯ ДНІ Ў БЕЛАРУСІ І Ў СЬВЕЦЕ:

27 кастрычніка

«Дух — гэта, людзі, Я!» — сьвята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса ў вёсцы Гарошкаў каля Рэчыцы. Пачатак у 12.00.

У Бельску на Падляшшы канцэрт ляўрэатаў фэстывалю беларускай песьні «Бардаўская восень 2012» і выступы запрошаных гасьцей. Пачатак у 17.00.

28 кастрычніка

У Менску штогадовае жалобнае шэсьце ў Курапаты, прымеркаванае да дня ўшанаваньня памяці продкаў Дзяды.

Парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне.

У Чэхіі — Дзень незалежнасьці.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫЯ ДНІ:

27 кастрычніка

1939 — літоўскія войскі ўвайшлі ў Вільню, якую СССР перадаў Літве.

28 кастрычніка

1523 — у Кракаве выйшла з друку лацінская паэма Міколы Гусоўскага «Песьня пра зубра».

1939 — у Беластоку пачаў працу Народны Сход Заходняй Беларусі, які прыняў Дэклярацыю пра ўключэньне Заходняе Беларусі ў склад БССР.

Нарадзіліся:

27 кастрычніка

1911 — Мікола Лобан, беларускі пісьменьнік і мовазнавец. Найбольш вядомыя ягоныя кнігі: трылёгія «На парозе будучыні», «Гарадок Устронь» ды «Шэметы». Мікола Лобан быў адным са складальнікаў «Правілаў беларускай артаграфіі і пунктуацыі» і некалькіх слоўнікаў беларускай мовы.

1952 — Фрэнсіс Фукуяма, амэрыканскі філосаф і палітычны эканаміст.

28 кастрычніка

1845 — Зыгмунт Урублеўскі, навуковец-фізык, удзельнік паўстаньня 1863-1864 гг.

1884 — Фларыян Ждановіч, актор, рэжысэр, тэатральны дзяяч.

Памерлі:

27 кастрычніка

1430 — Вітаўт, Вялікі князь Літоўскі, пры якім дзяржава стала самай вялікай у Эўропе — ад Балтыкі да Чорнага мора.

28 кастрычніка

1974 — Рыгор Акулевіч, грамадска-культурны дзеяч, выдавец, публіцыст, актывіст Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады і Таварыства Беларускай Школы, дзяяч эміграцыі ў Канадзе.

2002 — Мікалай Рулінскі, афіцэр Беларускай Краёвай Абароны, грамадскі дзеяч у Вільнюсе.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Ну, дык пакрочым на поўнач, у нетры лясныя.
Я, сьледапыт, павяду вас, бо мне гэта звычна,
Там і сустрэнемся з грозным, магутным асілкам.
Хай ён рыкне, і прарвецца ў радкі мае рэхам
Тое рыканьне —набудзе гармонію песьня;
Хай ён бадне ў мой радок, каб маглі мы разгледзець
Гэтае дзіва з абшараў Літоўскага княства.
Волатным целам сваім ён настолькі вялікі,
Што, калі раняць сьмяротна і ранены ўкленчыць,
Трох паляўнічых садзіцца ў яго між рагамі.
Скажам, калі б наўздагад я пачаў падбіраць параўнаньні
3 мордай і каркам ягонымі, не падабраў бы.
Зьлямчаны клін барады памялом вытыркае з-пад сківіц,
3 позірка зыраць і злосьць, і нянавісьць, і ярасьць;
Грыва калматая шчыльна да самых лапатак
Шыю ўкрывае, зьвісаючы ўніз па калені.
Можа, магчыма тут наша падаць параўнаньне —
Часта ж раўняюць малое з вялікім, як быка з індыкам,
Гэта казёл барадаты з нагуленым целам.
Вось ён — бізон ваш, што ў нас называецца зубрам!
Масьці паджарай, як мешанка бурай і чорнай,
Быццам з вякоў у вякі пераходзіў праз горны».

Мікола Гусоўскі, з «Песьні пра зубра» (пераклад Язэпа Семяжона)

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ СВАБОДЫ:

«Беларусі будзе дастаткова маркіраваць сваю прадукцыю «Made in Russia»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG