Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акушэр-гінэколяг: «Аборты забараняць ня будуць»


"Мы дабіваемся зьменаў у тым, што тычыцца абортаў, рэпрадуктыўных тэхналёгій, сурагатнага мацярынства, — так пракамэнтаваў протаярэй Сяргей Лепін правядзеньне круглага стала на тэму «Ўнясеньне дапаўненьняў і зьменаў у Закон РБ «Аб ахове здароўя». Мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў Беларускай праваслаўнай царквы і Каталіцкага касьцёла ў Беларусі адбудзецца 30 кастрычніка.

Якіх канкрэтна зьменаў будуць патрабаваць прадстаўнікі самых масавых беларускіх канфэсіяў, Сяргей Лепін не паведаміў. Аднак, падкрэсьлівае ён, мы неаднаразова абвяшчалі нашую пазыцыю па гэтых пытаньнях. «Яна засталася нязьменнай», — кажа ён.

І праваслаўная, і каталіцкая цэрквы заўжды і пасьлядоўна выступаюць за забарону абортаў. У апошнія гады клопатам цэркваў сталі таксама і іншыя пытаньні рэпрадуктыўнага здароўя — такія, напрыклад, як дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналёгіі (унутрыкарпаральнае апладненьне, сурагатнае мацярынства). Протаярэй Сяргей Лепін паведаміў, што з дапамогай юрыстаў, дактароў ім удалося сфармуляваць сваю пазыцыю на ўзроўні заканадаўчых прапановаў. Яны і будуць абмяркоўвацца на круглым стале.

«Мы будзем дабівацца абароны правоў пацыента і доктара, — распавядае протаярэй Лепін. — Напрыклад, каб доктар мог на законных падставах адмовіцца ад правядзеньня аборту. Каб пацыент ведаў усю інфармацыю пра тое, як яго лечаць, і мог адмовіцца ад лячэньня, калі яно яму не падабаецца».

«Пасьля першага аборту 35 працэнтаў жанчын ня могуць стаць маці, — узрушана кажа сьвятар Павал Сярдзюк. — Я спадзяюся, што ў гэтым звароце будуць прапановы, якія будуць тычыцца захаваньня рэпрадуктыўнага здароўя».

Непакоіць яго і тое, што шматдзетным маці ў беларускіх шпіталях прапануюць зрабіць аборт. У самога сьвятара Сердзюка сям’я шматдзетная. «Мы шматдзетныя — таму што мы хрысьціяне. І таму, што мая жонка мае да мяне любоў і давер. У нас няма такой драмы, якую мае багата нашых сямей».
У нас цяжарнасьць направа-налева не перарываюць

Галоўны акушэр-гінэколяг Сьвятлана Сарока кажа, што пытаньне наконт зьмены заканадаўства пра аборты пакуль яшчэ не стаіць на парадку дня. «У нас вельмі адпрацаваны альгарытм перарываньня цяжарнасьці. У нас цяжарнасьць направа-налева не перарываюць. Ёсьць паказаньні, зацьверджаныя Міністэрствам аховы здароўя. Аднаасобна такое рашэньне не прымаецца».

Колькасьць абортаў у нас зьмяншаецца, — сьцьвярджае Сьвятлана Сарока. Паводле яе зьвестак, на кожныя сто народжаных дзяцей робіцца каля 25 абортаў. Прыблізна такія ж самыя паказьнікі ва Ўкраіне, Швэцыі, Вялікай Брытаніі. А вось у Нямеччыне на 2010 год толькі 13 працэнтаў цяжарных жанчын наважыліся на аборт. Польшча, дзе аборты заканадаўча забароненыя, афіцыйна паведамляе пра тое, што менш як адзін працэнт цяжарнасьцяў сканчаецца абортам. Але статыстыка нелегальных абортаў, а таксама перарываньняў цяжарнасьці, якія робяцца за межамі Польшчы, дакладна не вядомая.

Нядаўна апублікаваныя зьвесткі пра тое, што за апошнія два дзесяцігодзьдзі ў Беларусі былі перарваныя 2,7 мільёна цяжарнасьцяў. «Аднак сёньня жанчыны больш адказна ставяцца да плянаваньня цяжарнасьці», — сьцьвярджае Сьвятлана Сарока. Яшчэ дваццаць гадоў таму беларускія жанчыны ў два разы часьцей рабілі аборты, чым нараджалі дзяцей.

«Ніякіх зьменаў у заканадаўства адносна забароны абортаў у Беларусі пакуль уносіцца ня будзе», — яшчэ раз паўтарае галоўны акушэр-гінэколяг.

«Ня трэба эксплюатаваць той міт, што царква на нешта ўплывае, — кажа сьвятар Павал Сярдзюк. — Мы супраць абортаў, мы за захаваньне жыцьця, таму што мы хрысьціяне. Хай нашыя „жаночыя“ супольнасьці не хвалююцца. Голас царквы гучыць найперш да вернікаў. Трэба, каб усе ведалі, што ў нашым грамадзтве ёсьць людзі са сваімі прынцыпамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG