Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскае ДАІ: Жывы шчыт? Такое зараз немагчыма


Раман Мянцюк падчас суду, 2008 год

Раман Мянцюк падчас суду, 2008 год

Па амністыі, не даседзеўшы адзін год зь пяці, выйшаў на волю кіроўца Раман Мянцюк, якога ў сакавіку 2008 году міліцыянты спынілі на ўезьдзе ў Менск, зрабіўшы гэтак званы «жывы шчыт» з прыватных аўтамабіляў. Ці магчымы «жывы шчыт» зараз? Чаму тая гісторыя навучыла аўтааматараў і супрацоўнікаў ДАІ?

Раман Мянцюк адбываў пакараньне ў Ваўкавыскай калёніі і вызваліўся праз амністыю месяц таму.

«Мяне выставілі злачынцам, не разьбіраючыся ў тым, што адбылося. За тое, што я зрабіў — не падпарадкаваўся загаду ДАІ спыніцца і гнаў на вялікай хуткасьці, — нельга пазбаўляць волі на 5 гадоў! Я ня мог нават здагадацца, што машыны ня едуць, а стаяць — без аварыйнай сыгналізацыі, без габарытаў, проста на дарозе, ніяк не пазначаныя», — заявіў былы вязень карэспандэнту tut.by. Паводле Рамана Менцюка, ён навучаны атрыманым досьведам і больш гэтак паводзіць сябе на дарозе ня будзе.

А які ўрок вынесла грамадзтва з гісторыі пра «жывы шчыт»?

У менскай ДАІ адразу заявілі, што «жывы шчыт» і ў 2008 годзе ня быў практыкай спыненьня ліхіх кіроўцаў, і нагадалі, што міліцыянтаў Ліхтаровіча і Дарагакупца за тыя дзеяньні асудзілі і звольнілі зь міліцыі. «Зараз такое немагчыма. У крайніх выпадках аўтамабілі парушальнікаў спыняем стрэламі па колах», — адказаў супрацоўнік ДАІ. Паводле майго суразмоўцы, права міліцыянта спыніць аўтамабіль стрэламі абумоўленае 29 артыкулам Закону аб міліцыі, які агаворвае дзеяньні супроць кіроўцы, які стварае небясьпеку для грамадзян. Але і пры гэтым, паводле міліцыянта, яшчэ ўлічваюцца меркаваньні агульнай бясьпекі:
Ня так часта ў нас страляюць па колах у горадзе, а калі і страляюць, дык толькі калі няма зграмаджэньня людзей, калі няма ім небясьпекі

«Ня так часта ў нас страляюць па колах у горадзе, а калі і страляюць, дык толькі калі няма зграмаджэньня людзей, калі няма ім небясьпекі. Як такой, страляніны ў горадзе і не было, ці калі была, дык сярод ночы на кальцавой дарозе. Толькі ў мэтах спыненьня».

Статыстыка між тым сьведчыць, што спыняюць аўтамабілі, страляючы па колах, на дарогах краіны ўсё часьцей. Гэтак, у красавіку супрацоўнікі ДАІ з выкарыстаньнем зброі спынілі «Гольф» нецьвярозага кіроўцы каля Гародні. У сакавіку 2010 году падобная гісторыя таксама з «Гольфам» здарылася ў Маладзечанскім раёне. Дарэчы, «Фальсквагенам Гольф» кіраваў і Раман Мянцюк. Праўда, ня ўласным: машына належала будучаму цесьцю. Разам зь Менцюком была асуджаная на ўмоўны тэрмін ягоная дзяўчына. Асудзілі яе за тое, што перадала руль нецьвярозаму кіроўцу.

З такімі кіроўцамі трэба змагацца самым жорсткім чынам, мяркуе мянчук Юрый Пашкевіч, адзін з 6 пацярпелых у аварыі з «жывым шчытом». Паводле яго, 5 гадоў, якія суд прысудзіў Раману Менцюку, — заслужанае пакараньне, як і грашовае спагнаньне зь міліцыянтаў, якія прымусілі кіроўцаў стаяць шэрагам упоперак дарогі. З «жывога шчыта», паводле Юрыя Пашкевіча, высновы зрабіў ня толькі ён сам:
Мае сябры і знаёмыя, калі іх спыняюць на дарозе, ні ў якім разе не застаюцца на паласе

«Мае сябры і знаёмыя, калі іх спыняюць на дарозе, ні ў якім разе не застаюцца на паласе, а зьяжджаюць на ўзбочча ці нават хаваюцца за аўтамабіль ДАІ. Кажуць — прабачце, але быў такі выпадак, мы яго ведаем і больш гэтак спыняцца ня будзем».

Адносна зьменаў у працы ДАІ ў Юрыя Пашкевіча супярэчлівае меркаваньне. Тое, што больш актыўна змагаюцца з парушальнікамі хуткаснага рэжыму, ён збольшага вітае. Але, на ягоную думку, у ДАІ недастаткова ўлічваюць пэўныя прычыны і абставіны парушэньняў:

«Розныя ж бываюць абставіны. Чаму пры двухразовым перавышэньні хуткасьці амаль абавязкова, у 80% выпадкаў, пазбаўляць правоў? Чаму ня ўлічваюць, колькі чалавек езьдзіць гадоў і колькі ў яго было ДТЗ ды парушэньняў такога ж віду? З гэтым я ня згодны».

Адметна, што гісторыя з «жывым шчытом» здружыла кіроўцаў, якія пацярпелі ад дзеяньняў супрацоўнікаў ДАІ і Рамана Менцюка. Яны дагэтуль ня толькі віншуюць адзін аднаго са сьвятамі, але кожны сакавік сустракаюцца, абмяркоўваюць навіны, у тым ліку розныя дарожныя праблемы. Паводле пацярпелай у «жывым шчыце» Алены Калпаковай, за чатыры з паловай гады, якія прамінулі ад «жывога шчыта», езьдзіць стала больш складана. «Але зараз больш нечаканасьцяў зусім не ад ДАІ», — заўважае яна:

«Пешаходы часам мяркуюць, што маюць на ўсё права, і самі лезуць пад колы. Гэта жах. Яшчэ не падабаецца тое, што ёсьць нерэгуляваныя пешаходныя пераходы на дарогах, дзе па 3–4 паласы ў кожны бок. Пры гэтым пешаходы не ўжываюць сьвятлоадбівальныя элемэнты ў адзеньні».
XS
SM
MD
LG