Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскусіі ў Варшаве: пасьлявыбарчае раздарожжа


Вольга Карач
Вольга Карач
«Cтан грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі» – такую назву мае двухдзённая канфэрэнцыя, якая пачалася сёньня ў Варшаве. Яе арганізатары – Рада Эўропы, канфэрэнцыя няўрадавых арганізацый Рады Эўропы і польскі фонд Казімера Пуласкага.

Гэтае мерапрыемства – чарговае ў сэрыі своеасаблівых «мазгавых штурмаў», якія прайшлі апошнім часам, пасьля парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, у Коўне, Бэрліне і Празе. Сытуацыя пасьля выбараў стала пэўнымі ростанямі і мэта падобных форумаў – асэнсаваць бягучы стан грамадзтва, намацаць стратэгію пазытыўных зьменаў.

У канфэрэнцыі ў Варшаве бяруць удзел дзеячы беларускай грамадзянскай супольнасьці: Алег Гулак, Артур Клінаў, Вольга Карач, Уладзімер Мацкевіч, былы палітвязень, палітэмігрант Дзьмітры Бандарэнка, кіраўнічка варшаўскага інфармацыйнага офісу салідарнасьці з Беларусьсю Юлія Слуцкая.

Таксама сярод удзельнікаў дыскусіі – польскія дасьледнікі Беларусі, дарэчы, удзельнікі аналітычных перадачаў Свабоды Ганна Дынэр і Каміль Клысіньскі і эўрадэпутат Марэк Мігальскі, абаронца беларускіх вязьняў сумленьня, прадстаўнік Рады Эўропы.

На адмысловай дыскусійнай панэлі, прысьвечанай мэдыям, выступяць дырэктарка Белсату Агнешка Рамашэўска-Гузы, кіраўнічка інфармацыйнай службы парталу TUT.BY Марына Золатава, галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Хартыя-97» Натальля Радзіна і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Каміль Клысіньскі з варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў адзначыў, што на апошніх выбарах у Беларусі ані ўлада, ані апазыцыя ня мелі значных ідэяў. Дасьледчык сказаў, што ўлада ў Беларусі перажывае канцэптуальны крызіс, яна ня ведае, што рабіць. У сваю чаргу апазыцыя, на думку Клысіньскага, сканцэнтравалася на ўнутраных спрэчках, на бессэнсоўных дэбатах паміж байкатыстамі і прыхільнікамі ўдзелу ў выбарах. Польскі навуковец заклікаў беларускую апазыцыю лічыцца з вынікамі сацыялягічных дасьледаваньняў, у прыватнасьці, з апошнімі зьвесткамі НІСЭПД, паводле якіх яўка на апошніх выбарах па краіне ў цэлым склала каля 66%, а ў Менску – 44%.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, характарызуючы бягучую сытуацыю ў Беларусі, зрабіў выснову, што сыстэма ня можа мадэрнізавацца, бо ня можа ўключыць у сябе элемэнтаў нават кіраванай дэмакратыі. Крокі, падобныя нацыяналізацыі «Камунаркі», не дазваляюць чакаць нават эканамічнай мадэрнізацыі. З гэтага, падкрэсьліў Гулак, робяцца супрацьлеглыя высновы. На думку праваабаронцы, многія недзяржаўныя арганізацыі былі ўцягнутая ў палітычнае супрацьстаяньне, зарыентаваныя не на прадстаўніцтва інтарэсаў сваіх мэтавых груп, а на барацьбу з уладай.

Палітоляг Андрэй Ягораў запярэчыў Алегу Гулаку, ён прыгадаў, што лякальныя ініцыятывы ня маюць плёну – пратэсты ў Астраўцы ня могуць спыніць пабудову АЭС, акцыі пратэсту ня могуць спыніць высечку паркаў у Менску. Дзеля плёну, мяркуе Ягораў, неабходная кансалідацыя і дзейнасьць на нацыянальным узроўні.

Мастак Артур Клінаў сказаў, што без праекту культуры будзе кепскі праект палітыкі. «Кажуць, што беларусы – эўрапейская нацыя. Гэта няпраўда» – кінуў правакацыйны тэзіс Клінаў. Паводле яго цяперашняя беларуская нацыя – нацыя посттаталітарная, постсялянская і постсавецкая. Аднак рух да Эўропы адбываецца і ў першую чаргу праз культуру. На думку Клінава, якраз у гэтым, у адрозьненьне ад палітыкі, ёсьць відавочныя посьпехі – гэта гурт NRM, гэта часопіс АРХЭ, гэта «Галерэя Ў». «Калі б NRM заклікаў выйсьці на Плошчу, выйшла б больш, чым на заклік любой партыі» – сказаў мастак.

Лідэр нацыянальнай плятформы грамадзянскага форуму «Ўсходняга партнэрства» Ўладзімер Мацкевіч адзначыў, што мастакі самі ня хочуць змагацца за свае правы, ён распавёў пра сустрэчу плятформы з мастакамі, на якой грамадзкія арганізацыі, аб'яднаныя ў плятформу, прапанавалі дзеячам культуры быць іх палітычнымі прадстаўнікамі. Аднак творцы ад прапановы адмовіліся.

Алею ў агонь дыскусіі падліла грамадзкая дзяячка і палітык Вольга Карач. Яна сказала, што трэба вызначыць, што такое беларуская культура. «Я не з інтэлігенцыі, як вы, я з пралетарска-сялянскай сям'і. І калі ў мяне ёсьць час, я слухаю не NRM, а расейскі шансон. Гэта беларуская культура?» – запытала Карач.

Жорсткая дыскусія разгарэлася паміж Алегам Гулаком і Ўладзмерам Мацкевічам. Мацкевіч адстойваў неабходнасьць палітызацыі дзейнасьці грамадзкіх арганізацый, выступаў супраць тэорыі «малых справаў», Гулак ставіў пад сумнеў тыя посьпехі палітызаваных НДА, якія прыводзіў у прыклад Мацкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG