Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За правал на Алімпіядзе адкажуць Качан, Заічкоў, Цяцерын, Аляксеенка


Праз тры месяцы пасьля пачатку лёнданскай Алімпіяды прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў, каб спартовыя функцыянэры адказалі за сродкі, змарнаваныя на падрыхтоўку алімпійцаў, якія правалілі галоўныя старты чатырохгодзьдзя. Лукашэнка вызначыў час, каб вінаватыя самі прызналі свае памылкі і пасьля тлумачэньняў сышлі ў адстаўку.

Перад паездкай у Лёндан беларускім алімпійцам ставілася задача заваяваць 25 мэдалёў. У выніку плян выкананы толькі напалову, дый тое са скандалам: Міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў залатой узнагароды штурхальніцу ядра Надзею Астапчук, абвінаваціўшы яе ва ўжываньні допінгу. Аляксандар Лукашэнка нагадаў, што такога дрэннага выступу не было за ўвесь час незалежнасьці Беларусі:

«Чаму так здарылася, што пры вялізнай увазе дзяржавы, пры такіх адносінах да спорту і спартоўцаў мы сёньня, шчыра кажучы, дэградуем па многіх-многіх кірунках? Дзе тое сьвятло ў канцы танэля? Хто яго бачыць? Абсалютна відавочна, што ўжо насьпела неабходнасьць у чымсьці кардынальна прагледзець нашы падыходы да гэтай сфэры. Грамадзтва больш не пацерпіць такіх правалаў, якія адбыліся з нашай нацыянальнай камандай гэтым летам у Вялікай Брытаніі. Заваяваньне 12-ці з 25-ці, якія вы абяцалі, мэдалёў — гэта заўважны крок назад у параўнаньні з пэкінскай Алімпіядай, хоць мы і там не дасягнулі тых вышыняў, да якіх імкнуліся. Гэта, вядома, не катастрофа, аднак, ацэньваючы ўсё тое, што робіцца ў інтарэсах спорту ў нашай краіне, мы маем права разьлічваць на больш важкія вынікі».

Лукашэнка паіранізаваў, што каб кожны зь вялізнай арміі прысутных на нарадзе чыноўнікаў ад спорту, кіраўнікоў фэдэрацый, дзяржаўных трэнэраў (усяго — 110 чалавек) падрыхтаваў хоць бы па «паўспартоўца», то Беларусь не замкнула б трэці дзясятак краінаў, а ўвайшла б у тройку перадавікоў.

Спартовы аглядальнік Уладзімер Даўжэнка кажа, што дзяржаўныя сродкі на спартовую галіну хоць і выдзяляюцца, але іх асваеньне патрабуе рэвізіі. На яго думку, усё часьцей практыкуецца не падрыхтоўка ўласных кадраў, а завабліваньне пад беларускія сьцягі спартовых «гастарбайтэраў»:

Уладзімер Даўжэнка

Уладзімер Даўжэнка

«Дый увогуле, ці беларуская гэта была Алімпіяда? Я яшчэ раз паглядзеў на склад удзельнікаў, дык там адна траціна, скажам так, зусім не беларусаў, а нейкія іншыя народнасьці, якія толькі на нейкі час сталі „беларусамі“. Таму нават ня ведаю, на што чыноўнікі і разьлічвалі. І тэндэнцыя па колькасьці мэдалёў усё ж не выпадковая, яна не магла быць іншай. Нават пры самым лепшым раскладзе можна было разьлічваць на 15 мэдалёў, але зусім не на 25. Савецкі запас скончыўся, сышлі Эліна Зьверава, сышлі іншыя, якія яшчэ былі на хвалі. Я не кажу пра ўзрост, але яшчэ школа існавала, былі выпрацаваныя гадамі падыходы. Зараз вось і Дзевятоўскі не выступае. Няма чаго было ў прэзыдыюмах сядзець, Вадзім, трэба было трэніравацца. Я думаю, зразумела патлумачыў? Сьціплей трэба сябе паводзіць, ня лезьці куды толькі можна. Ціхан жа ня лез! Хоць і яму, на жаль, не пашанцавала...»

Мэдалёвых спадзяваньняў не апраўдалі ня толькі многія маладыя спартоўцы, якіх функцыянэры залічвалі ў патэнцыйныя трыюмфатары Алімпіяды, але і тыя, каму ў кулюарах Міністэрства спорту ўзнагароды «раздалі» загадзя: Анастасія Новікава, Аксана Мянькова, Кацярына Карстэн, Андрэй Рыбакоў ды іншыя.

Псыхоляг Міхаіл Дзернакоўскі падкрэсьлівае, што мэдалёвае плянаваньне само па сабе для кагосьці можа быць і стымулам, але для многіх — гэта надзвычай моцны маральны прыгнёт:

Міхаіл Дзернакоўскі

Міхаіл Дзернакоўскі

«Ну, у нас жа ведаеце як робіцца. Спачатку стараюцца запэўніць: а вось мы столькі возьмем, ці столькі зробім, ці столькі выканаем. І потым знаходзяцца ў расслабленасьці: а раптам сапраўды атрымаецца? Калі чалавек бярэ на сябе падвышаныя абавязаньні, натуральна, мэнэджэру вышэйшага зьвяна спакайней глядзець на жыцьцё — раз узяў чалавек абавязаньні, то будзе старацца іх выканаць. Ці, прынамсі, рабіць выгляд. Зразумела, што вельмі часта нешта не выконваецца ці ідзе зусім ня так. Аднак у спорце, ведаеце, не падпішаш нейкую паперу, каб выдаць нейкія большыя паказьнікі. Мэдаль альбо ёсьць, альбо яго няма. Магчыма, нешта можна сьпісаць на несправядлівасьць у рамках Алімпіяды, можа, дзесьці нашых спартоўцаў і насамрэч засуджвалі — усялякае бывае. Але я думаю, што нашы зрабілі ўсё, што змаглі, і выступілі вельмі годна».

Аляксандар Лукашэнка вызначыў кола тых, хто мусіць несьці пэрсанальную адказнасьць за нездавальняючыя вынікі ў спартовай галіне. Гэта квартэт чыноўнікаў у складзе кіраўнікоў Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэту і куратараў галіны ў адміністрацыі прэзыдэнта. Пайменна — Алег Качан, Ігар Заічкоў, Сяргей Цяцерын і Генадзь Аляксеенка. Кіраўніка алімпійскай місіі ў Лёндане, віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка і самога прэзыдэнта НАК Аляксандра Лукашэнкі ў сьпісе вінаватых не аказалася.
XS
SM
MD
LG