Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 кастрычніка ў Страсбуры Эўрапейскі парлямэнт назваў ляўрэатаў прэміі імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі». Ёю ўганараваныя іранцы — адвакатка Насрын Сатудэх і рэжысэр Джафар Панахі, якія ў сваёй краіне цяпер за кратамі.

Адным з прэтэндэнтаў на гэтую прэмію быў таксама кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітвязень Алесь Бяляцкі. Ці азначае гэта, што цікавасьць Эўропы да сытуацыі ў Беларусі зьменшылася?

Эўрапарлямэнтар ад Літвы Юстас Палецкіс распавёў, што працуе ў Эўрапарлямэнце дзявяты год і за гэты час прадстаўнікі Беларусі двойчы атрымлівалі прэмію імя Сахарава — гэта БАЖ і лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч. Да таго, што цяпер прэмію не атрымаў прадстаўнік Беларусі Алесь Бяляцкі, спадар Палецкіс ставіцца спакойна:

Гэта ні ў якім разе не азначае, што Беларусь неяк забытая і забыта тое, што там творыцца. Насамрэч часта Эўразьвяз зьвяртае свой погляд на Беларусь, але ёсьць увесь сьвет. І з Брусэля і Страсбура трэба бачыць ня толькі суседзяў ЭЗ, дзе ня ўсё ў парадку, але і ўвесь сьвет

«Гэта ні ў якім разе не азначае, што Беларусь неяк забытая і забыта тое, што там творыцца. Насамрэч часта Эўразьвяз зьвяртае свой погляд на Беларусь, але ёсьць увесь сьвет. І з Брусэля і Страсбура трэба бачыць ня толькі суседзяў ЭЗ, дзе ня ўсё ў парадку, але і ўвесь сьвет. І ў сьвеце многа краін, дзе сытуацыя горшая, чым у Беларусі. Па тым, як галасавалі парлямэнтары, якраз Бяляцкі быў на другім месцы паводле колькасьці сабраных галасоў. Але іранскія прадстаўнікі набралі нашмат больш галасоў, чым любы іншы прэтэндэнт».

Паводле Палецкіса, гэта не азначае, што Эўропа аслабіць сваю занепакоенасьць лёсам палітвязьняў і сытуацыяй у Беларусі. Пра гэта сьведчыць і сёньняшняя рэзалюцыя па Беларусі.

«І сёньняшняя рэзалюцыя па Беларусі, і будучыя акцыі парлямэнту, вядома, будуць накіраваныя на тое, каб вызваліць усіх палітвязьняў».

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец сказаў, што камітэт па вылучэньні Алеся Бяляцкага працягне сваю дзейнасьць, бо гэта ня спрынт, а маратон. Першы намесьнік старшыні Юрась Губарэвіч адзначыў:

«З боку Эўропы цікаўнасьць да Беларусі не зьмяншаецца, і справа Бяляцкага вядомая ня толькі на эўрапейскім, але і на ўсясьветным узроўні. Ён фігуруе ва ўсіх патрабаваньнях аб вызваленьні палітвязьняў, і нават сытуацыі зь Бяляцкім надаецца асаблівае значэньне. І тое, што не атрымалася сёньня з прэміяй Сахарава, гэта ня будзе мець нэгатыўнага ўплыву на ўвагу да гэтай праблемы».

І любое прызнаньне асобы, якая належыць да дэмакратычных сілаў, — гэта прызнаньне таго, што робіцца супраць дыктатуры. А другое — гэта дадатковая інфармацыя ў сьвеце пра Беларусь

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў адзначае, што Бяляцкі заслугоўвае такой узнагароды. Дзякуючы ягонай дзейнасьці ёсьць Беларусь і сілы, якія змагаюцца з дыктатурай:

«І любое прызнаньне асобы, якая належыць да дэмакратычных сілаў, — гэта прызнаньне таго, што робіцца супраць дыктатуры. А другое — гэта дадатковая інфармацыя ў сьвеце пра Беларусь, якой вельмі не хапае. Адна з істотных праблем у нашых стасунках з Захадам — гэта якраз тое, што там усё ж мала ведаюць пра сытуацыю ў Беларусі. Так што вельмі шкада. Я не магу сказаць, што іранцы ня вартыя гэтай прэміі. У іх у нечым сытуацыя больш складаная, там больш крыві, больш пакут. Але сваё ёсьць сваё, і баліць яно болей. Для мяне асабіста малапрыемная навіна, што ў Алеся Бяляцкага атрымалася гэтак жа з гэтай прэміяй, як з прэміяй Нобэлеўскай».

ня варта казаць пра нейкае ігнараваньне Беларусі. Эўрапейцы робяць што могуць. Але беларусы ня робяць таго, што яны могуць

Палітвязень Павал Севярынец кажа, што было прыкладзена шмат намаганьняў, каб Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію і прэмію імя Сахарава:

«Эўрапейцы баяцца крызісу і даюць Нобэлеўскую прэмію Эўразьвязу, каб ён раптам не разваліўся. Ці, напрыклад, эўрапейцы вельмі пераймаюцца, ці ня здарыцца вайна Ірану з Ізраілем, ну, і трэба падтрымаць іранскіх праваабаронцаў. У самім факце таго, што прэміі так матываваныя, нічога дзіўнага няма. Але ня варта казаць пра нейкае ігнараваньне Беларусі. Эўрапейцы робяць што могуць. Але беларусы ня робяць таго, што яны могуць. Калі б беларусы праявілі салідарнасьць, то Бяляцкі даўно быў бы ўжо на волі і рэжыму б гэтага не было».

Праваабаронца Гары Паганяйла адзначае, што нават намінаваньне Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію і прэмію Сахарава — гэта ўжо выдатны вынік і ацэнка міжнароднай супольнасьці:

«Гэта прыцягвае ўвагу да Беларусі ў цэлым і канкрэтна да лёсу Бяляцкага і іншых нашых палітвязьняў. Барацьба за іх лёс не зьмяншаецца, наадварот, яна робіцца ўсё шырэйшаю. І я думаю, што вынік усё ж будзе. Мы хацелі б на гэта спадзявацца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG