Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС параўнаў Эўрапарлямэнт з «друкарскай машынай»


У рэзалюцыі, прынятай Эўрапарлямэнтам 26 кастрычніка на пленарнай сэсіі ў Страсбуры, гаворыцца аб падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі.

Паводле тэксту рэзалюцыі, эўрапарлямэнтары не прызнаюць новы склад парлямэнту Беларусі, выступаюць за спрашчэньне і лібэралізацыю візавага рэжыму для беларускіх грамадзянаў.

На думку эўрапейскіх дэпутатаў, беларускія ўлады ігнаруюць заклікі міжнароднай супольнасьці, чым уводзяць краіну ў яшчэ большую ізаляцыю. Пра гэта, — гаворыцца ў тэксьце, — сьведчыць той факт, што ў Палату прадстаўнікоў не было абрана ніводнага дзеяча апазыцыі, а таксама тое, што ў краіне застаюцца палітычныя зьняволеныя.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, камэнтуючы прынятую рэзалюцыю, назваў яе «далёкай ад рэальнасьці», а Эўрапарлямэнт ён параўнаў з «высакахуткаснай друкарскай машынай», якая «штампуе шаблённыя палітычна матываваныя рэзалюцыі».

«Менавіта такі зьмест, а дакладней адсутнасьць якога-небудзь зьместу ўгледжваецца ў чарговай рэзалюцыі па Беларусі. Яна далёкая ад рэальнасьці і заводзіць у тупік па прызнаньні саміх жа эўрадэпутатаў», — сказаў Савіных.
XS
SM
MD
LG