Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Rzeczpospolita: Польская дыпляматыя страчвае давер


«У Міністэрстве замежных справаў пракол за праколам. Кожны зь іх падстаўляе беларускіх апазыцыянэраў пад рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Памылкі МЗС даводзяць таксама да таго, што Польшча страчвае магчымасьць весьці вартую даверу палітыку».

Гэтак польская штодзённая газэта Rzeczpospolita сёньня падсумоўвае сэрыю памылак, якія, паводле журналістаў газэты, дапусьцілі польскія дыпляматы, даўшы ўладам Беларусі доступ да інфармацыі пра фінансавыя сродкі, выдзеленыя беларускім апазыцыянэрам.

Самай сур’ёзнай з гэтых памылак была перадача польскай пракуратурай інфармацыі ў Менск пра грошы на польскім рахунку беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, зь якіх ён фінансаваў дзейнасьць праваабарончага цэнтру «Вясна». Як нядаўна выявіла Rzeczpospolita, МЗС Польшчы не папярэдзіў пракуратуры аб значэньні гэтай інфармацыі, хоць раней Бяляцкі прасіў польскіх дыпляматаў, каб яны не падавалі інфармацыі пра ягоны рахунак у Менск. На падставе гэтай інфармацыі Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 года калёніі.

На мінулым тыдні Rzeczpospolita паведаміла, што Міністэрства замежных справаў Польшчы паслала ў Беларусь лісты з інфармацыяй пра фінансавыя сродкі, выдадзеныя ім каля 30 беларускім апазыцыянэрам. Справа датычыла беларускіх удзельнікаў саміту Ўсходняга партнэрства ў Варшаве ў верасьні летась, якія атрымалі грошы ад МЗС Польшчы падчас гэтай канфэрэнцыі.

А на гэтым тыдні Польскае прэсавае агенцтва паведаміла, што цягам шасьці месяцаў у інтэрнэце была даступная канфідэнцыйная інфармацыя МЗС Польшчы пра дапамогу недзяржаўным арганізацыям, у тым ліку ва Ўкраіне і Беларусі. Акрамя канкрэтных сумаў і назваў арганізацый, там былі пададзеныя і мэты, на якія выдзяляліся фінансавыя сродкі. Паводле польскіх журналістаў, гэтая інфармацыя (якую агучыў адзін з чыноўнікаў МЗС Польшчы) – гэта доказ, што польскія ўлады фінансуюць апазыцыю ва Ўкраіне і Беларусі.

Rzeczpospolita паведамляе таксама, што пасьля пераезду польскай амбасады ў Менску ў новы будынак, польскія дыпляматы ў Беларусі ня могуць перадаваць тайных інфармацый у міністэрства ў Варшаву, паколькі будынак амбасады не прыстасаваны для стварэньня каналу сакрэтнай сувязі.

«Я ня думаю, што нехта робіць гэта наўмысна. Але гэтых праколаў было зашмат. Віна за ўсё гэта кладзецца на кіраўніцтва ведамства» – Rzeczpospolita цытуе ў сувязі з гэтым эўрадэпутата Паўла Коваля, колішняга намесьніка міністра замежных справаў Польшчы.
XS
SM
MD
LG