Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт Антон Рудак зьмясьціў у сваім ЖЖ верш, прысьвечаны даце 29 кастрычніка 1937 году, калі ў менскай турме НКВД былі расстраляныя сто дзеячоў беларускай інтэлігенцыі, сярод іх — дваццаць паэтаў.

29.10.1937

старая гісторыя, хіліць у сон ад стомы.
я з тых, што ніколі болей ня прыйдуць дадому:
арыштаваны паўторна, артыкул вядомы,
асуджаны тройкай увосені ў трыццаць сёмым.

выводзілі па адным, звычайна пад вечар,
ілбом да сьцяны, бяз рэчаў — якія там рэчы.
далонь да плячэй, і бразнулі дзьверы, як вечка —
ніхто з нас ня ведаў яшчэ: наперадзе — вечнасьць.

што вам яшчэ распавесьці?
маці памерла за немцамі ў менску, у сорак трэцім,
пахавалі яе на кальварыі — лепшае месца для сьмерці.
брата застрэлілі проста на вуліцы недзе празь месяц.
мяне рэабілітавалі, хоць я й меркаваў, што ня сьвеціць.

колькі было нас? сотні, ці, можа, тысячы,
зьнішчылі голас, з памяці сьцёрлі абліччы,
творы імёны — а засталіся лічаныя:
купала, колас і паўтара ананімшчыка.

згадвайце часам нас на дзяды і на радаўніцу —
усіх, хто замоўк назаўжды маладым літаратарам,
празаікаў і паэтаў, крытыкаў, перакладчыкаў —
прывет вам у вашае гета з нашае вязьніцы.

працягвайце нас раманамі, п’есамі, вершамі,
пішыце замест, усім дакажыце — вы лепшыя,
усё, што на допытах з нас ня вырвалі сьледчыя —
аднойчы мы станем даваць праўдзівыя сьведчаньні.

аднойчы мы станем даваць праўдзівыя сьведчаньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG