Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў атрымаў прытулак у Брытаніі


Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

Былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Андрэй Саньнікаў атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі. Гэта пацьвердзіла ягоная жонка Ірына Халіп.

У інтэрвію «Хартыі-97» Саньнікаў заявіў:

«Для мяне гэта было нялёгкае рашэньне. Але, паверце, іншага выйсьця не было. Ці зноў цярпець катаваньні і зьдзекі ў турме, ці сядзець „цішэй вады, ніжэй травы“. Я быў і застаюся беларускім палітыкам. Буду працягваць даносіць праўду пра маю краіну і дамагацца, каб былі прынятыя канкрэтныя меры дапамогі дэмакратычнай Беларусі. Лічу, што маё рашэньне дапаможа рэальнаму вызваленьню маёй жонкі і сына, якія знаходзяцца ў закладніках у рэжыму Лукашэнкі».

Раней сястра Саньнікава Ірына Багданаваа, якая жыве ў Лёндане, паведаміла Радыё Свабода, што Андрэй Саньнікаў цяпер знаходзіцца ў яе дома.

На пытаньне, ці праўда, што Андрэй атрымаў прытулак у Вялікабрытаніі, Ірына Багданава адказала: «Я такія рэчы нават абмяркоўваць не хачу».

Былыя кандыдаты ў прэзыдэнты камэнтуюць рашэньне Саньнікава аб эміграцыі

Саньнікаў: Краіна ператвараецца ў канцлягер

Саньнікаў: Галоўнае цяпер — змагацца за вызваленьне ўсіх



Жонка Саньнікава Ірына Халіп у красавіку 2010 году была асуджаная на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай на два гады за ўдзел у масавых забурэньнях 19 сьнежня 2010 году. Журналістка ня мае права пакідаць Менск без дазволу крымінальна-выканаўчай інспэкцыі, мусіць зь вечара да раніцы быць дома, у любы момант да яе з праверкамі могуць прыйсьці — і прыходзяць — міліцыянты.

У 2011-м іншы кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.

Даведка «Свабоды»: Андрэй Саньнікаў


Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 году.

Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных спраў СССР у Маскве.

Валодае чатырма мовамі.

Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Ёрку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995–1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 году, пратэстуючы супраць рэфэрэндуму.

У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.

Арыштаваны 19 сьнежня 2010 году пасьля акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар КДБ.

Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

13 траўня 2011 году судзьдзя Партызанскага суду Менску Натальля Чацьвярткова прысудзіла Саньнікаву 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Пасьля суду Саньнікава тры разы пераводзілі ў розныя папраўчыя ўстановы.

У лістападзе 2011-га ён напісаў прашэньне аб памілаваньні.

14 красавіка 2012 году Андрэй Саньнікаў быў вызвалены зь віцебскай калёніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG