Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 26 кастрычніка. Першы сьнег, юбілейны канцэрт «Палацу» і народзіны Сыса


Анатоль Сыс

Анатоль Сыс

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

НАДВОР'Е

Воблачна з праясьненьнямі. Дождж, сьнег і нават мяцеліца. Тэмпэратура у працягу сутак ад мінус 1 да плюс 7.

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ

Менск – у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі юбілейны канцэрт гурту «Палац». Пачатак а 19.00.

Страсбур – назавуць сёлетняга ляўрэата прэміі «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Эўрапарлямэнт. Сярод трох фіналістаў – зьняволены беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Менск – у галерэі сучаснага мастацтва «Ў» у межах праекту «Мастацтва пакаленьня 21 стагодзьдзя: Беларусь-Польшча» адбудзецца публічная лекцыя Сэбасьцяна Ціхоцкага «Ад А да В, ад В да С, або дзе [знаходзіцца] выстава?». Уваход свабодны. Пачатак а 19.00

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

У сьвеце адзначаецца Дзень нараджэньня футболу. Годам нараджэньня гэтай папулярнай гульні называецца 1863-ці. Менавіта 26 кастрычніка таго году прадстаўнікі ангельскіх футбольных клюбаў сабраліся ў сталіцы – Лёндане, каб выпрацаваць адзіныя правілы гульні і заснаваць першую ў сьвеце Нацыянальную футбольную асацыяцыю.

26 кастрычніка 1822 году пайшоў у школу Ганс Крыстыян Андэрсан. Будучаму пісьменьніку было на той момант 17 гадоў. Звычайна на такія дэталі біяграфіі зьвяртаюць увагу, каб лішні раз пераканацца, што не адныя вундэркінды дамагаюцца ў жыцьці вялікіх посьпехаў і робяцца славутымі творцамі. Пачаць ніколі ня позна.

У гэты дзень нарадзіліся:

1685 – італьянскі кампазытар Дамэніка Скарлаці, аўтар 555 санат для фартэпіяна.

1759 – Жорж Жак Дантон, правадыр францускіх якабінцаў.

1810 – беларускі скульптар і змагар за незалежнасьць Генрых Дмахоўскі. Пасьля сканчэньня Віленскага ўнівэрсытэту ён вучыўся ў Францыі, адкуль адправіўся ў ЗША. Там Дмахоўскі стварыў скульптурныя партрэты Тадэвуша Касьцюшкі і амэрыканскага прэзыдэнта Томаса Джэфэрсана. Гэтыя бюсты і сёньня ўпрыгожваюць памяшканьне Кангрэсу ЗША. Вярнуўшыся на радзіму акурат у часе паўстаньня Каліноўскага, Дмахоўскі стаў паўстанцкім камісарам Дзісенскага павету. Вясною 1863 году ён загінуў у баі каля вёскі Парэчча пад Барысавам.

1916 – прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран, які кіраваў сваёй краінай два тэрміны па 7 гадоў (1981-1995).

1947 – дзяржсакратарка ЗША Гілары Клінтан, жонка экс-прэзыдэнта ЗША.

1959 – паэт Анатоль Сыс.

У гэты дзень памерлі:

1764 – ангельскі мастак Уільям Хогарт.

1855 – расейскі перакладчык беларускага паходжаньня Міхаіл Урончанка. Перакладаў Шэксьпіра, Байрана, Гётэ.

1806 – Шарль Агюстэн Кулён, францускі фізык і вайсковы інжынэр, які ў 1785 годзе экспэрымэнтальна ўсталяваў асноўны закон электрастатыкі (закон Кулёна).

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Знайшлі пацір сьлязамі поўны,
ніхто ня ведае чыймі.
Сярэбранае ў срэбным —
поўню
пакутнік нейкі расчыніў.

Ад зла, спакус, грахоў замову
гугнявіў голас за сьцяной...
Знайшлі на дне паціра слова,
з малітвы выпала яно:

Кахаю —
вочы прачыталі,
Кахаю —
вусны прашапталі,
Кахаю —
душы прастагналі,
Кахаю —
людзі закрычалі.

Каго?

Паэт сказаў: Айчыну!
Жаўнер: дзяўчыну!
Хтось: сябе!
I сталі дружна, шчыра, шчыльна,
як на касьбе ці на сяўбе.

А ён канчаўся у зьнямозе —
ніхто яго не пакахаў,
з паціра выплюхнулі сьлёзы,
і налілі праз край віна,

і сталі дружна, шчыра, шчыльна,
як на касьбе ці на сяўбе,
паэт сказаў: п’ем за Айчыну!
I кожны выпіў: за сябе...

Анатоль Сыс, «Пацір»

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ СВАБОДЫ:

Журналіста «Маскоўскага камсамольца» дэпартавалі зь Беларусі

Працэс Кавалёва-Канавалава. Дзень дваццаць сёмы

Ігар Кармазін: Наступны рэпартаж зь Беларусі я хацеў бы напісаць пра зьмену ўлады

Акцыя салідарнасьці 26 кастрычніка. Онлайн

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG