Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 кастрычніка 1992 году Вярхоўны Савет праігнараваў патрабаваньне 440 тысяч грамадзян і адмовіўся прызначыць рэфэрэндум аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах. Мы працягваем цыкль артыкулаў тагачаснага дэпутата Вярхоўнага Савету Сяргея Навумчыка, прысьвечаных тым падзеям, якія адыгралі істотную ролю ў лёсе Беларусі.

Закон аб рэфэрэндуме быў прыняты ў 1991 годзе на патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ (мы ж яго і распрацоўвалі). Гэта не было нейкім капрызам ці вынікам палітычнай кан'юнктуры: у праграме ці ня ўcіх кандыдатаў БНФ на выбарах у Вярхоўны Савет 12-га скліканьня быў пункт пра тое, што самыя важныя рашэньні павінны прымацца праз рэфэрэндум ці, як было прынята казаць увесну 90-га, «народнае волевыяўленьне». Не спрачаліся з гэтым і нашыя апанэнты – камуністы – шмат хто зь іх таксама ўключыў палажэньне аб рэфэрэндуме ў свае праграмы. Мэты, праўда, у нас, былі розныя. У нас – незалежная і дэмакратычная Беларусь. У камуністаў – савецкая імпэрыя.

Закон уступіў у дзеяньне 1 студзеня 1992 году, а ўжо праз два тыдні, 14 студзеня, у Цэнтральную камісію па выбарах і рэфэрэндумах (скарочана яе называлі ЦВК) была пададзеная заява аб стварэньні ініцыятыўнай групы рэфэрэндуму. Фармулёўка пытаньня першапачаткова прапаноўвалася наступная: «Ці лічыце Вы неабходным датэрміновы роспуск Вярхоўнага Савету і правядзеньне ўвосень 1992 году выбараў у прафэсійны парлямэнт Рэспублікі Беларусь на падставе дэмакратычнага закону аб выбарах, унесенага Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце?».

Такім чынам, мы ставілі пытаньне ня толькі пра роспуск ВС і новыя выбары – гаворка ішла менавіта пра выбары паводле новага, дэмакратычнага закону. Галоўнай адметнасьцю нашай прапановы былі выбары па зьмешанай, прапарцыйна-мажарытарнай сыстэме (палова дэпутатаў выбіраецца ў акругах, палова – паводле партыйных сьпісаў), што дазволіла б істотна павялічыць прадстаўніцтва ў новым парлямэнце і БНФ, і дэмакратычных партый.

Які быў бы вынік рэфэрэндуму для лёсу ВС-12? Не сумняюся, што – на нашу карысьць. У тыя дні «Народная газэта» апублікавала вынікі сацыялягічнага апытаньня (замоўленага, між іншым, дзяржаўным агенцтвам БелТА) . У рэфэрэндуме, калі б ён адбыўся, зьбіраліся ўзяць удзел 67 адсоткаў апытаных. 64 адсоткі апытаных выказваліся за недавер Вярхоўнаму Савету.

Ну, а якім мог бы быць вынік выбараў паводле новага закону?

Прыхільнікі Незалежнасьці і дэмакратычных рэформаў маглі разьлічваць мінімум на палову мандатаў

Мы не былі нагэтулькі наіўнымі, каб разьлічаць, што БНФ возьме больш паловы дэпутацкіх месцаў – бясспрэчна, нягледзячы на новы закон, паводле якога павінны былі адбывацца выбары, варта было чакаць і супраціўленьня намэнклятуры, і фальсыфікацыяў (хаця магчымасьцяў для гэтага наш праект пакідаў значна меней, чым «стары» выбарчы закон). І ўсё ж, пры самых кепскіх выніках, БНФ у новым парлямэнце мог разьлічваць на 35-40 адсоткаў дэпутацкіх мандатаў; да іх можна было дадаць і 10-15 адсоткаў, пададзеных за прадстаўнікоў іншых партыяў (нават пры кволасьці і малавядомасьці большасьці зь іх прапарцыйная сыстэма давала тром ці чатыром партыям магчымасьць правесьці па некалькі сваіх прадстаўнікоў у парлямэнт). Плюс – так званыя «незалежныя» дэпутаты, многія зь якіх, як паказала практыка ВС-12, далучаліся да БНФ.

Ва ўсялякім разе, прыхільнікі Незалежнасьці і дэмакратычных рэформаў маглі разьлічваць мінімум на палову месцаў – і гэта ўжо была б зусім іншая сытуацыя, чым 8 працэнтаў дэпутатаў БНФ у складзе ВС-12, альбо – з улікам тых, хто «спачувае» – 65-70 галасоў з 345 пры галасаваньні па найбольш прынцыповых пытаньнях.

Празь месяц пасьля прадстаўленьня ў ЦВК заява аб рэфэрэндуме была разгледжаная на пасяджэньні камісіі, на якое запрасілі прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы.

На камісію прыйшлі Зянон Пазьняк, Галіна Сямдзянава і старшыня каардынацыйнай рады ініцыятыўнай групы Ўладзімер Анцулевіч. Выказалі сваё стаўленьне і прадстаўнікі Вярхоўнага Савету: Камісія ВС па заканадаўству (камісія Булахава) прапанавала зьмяніць фармулёўку, паколькі яна нібыта аб’ядноўвала некалькі пытаньняў. Свае прапановы ўдакладненьня, бязь зьмены сэнсу пытаньня, унесьлі члены ЦВК. У выніку, нашыя прадстаўнікі пагадзіліся з удакладненьнем ЦВК, і пытаньне было сфармуляванае наступным чынам: «Ці лічыце Вы неабходным правядзеньне ўвосень 1992 году выбараў у вярхоўны орган дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь на падставе закона аб выбарах народных дэпутатаў Беларусі, праект якога ўнесены апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце, і ў сувязі з гэтым датэрміновы роспуск цяперашняга Вярхоўнага Савету?».

У такім канчатковым варыянце гэтая фармулёўка была прынятая членамі ЦВК аднагалосна. Гэта значыць – з пункту гледжаньня права, яна не выклікала ніякіх сумневаў. Яна была прызнаная юрыдычна карэктнай і цалкам адпаведнай для варыянтаў адказаў «так» альбо «не». Гэта важна, паколькі літаральна празь некалькі дзён апанэнты ідэі рэфэрэндуму пачнуць спэкуляцыі на «складанасьці» і «некарэктнасьці» пытаньня.

Беларусь яшчэ ня ведала такой маштабнай акцыі – подпісы зьбіраліся на вуліцах, па кватэрах, на прадпрыемствах.

Але сабраць подпісы было паловай справы. Закон патрабаваў завяраць падпісныя лісты ў выканкамах мясцовых саветаў, і шмат у якіх раёнах чыноўнікі папросту адмаўлялі членам ініцыятыўнай групы.

У такіх выпадках мы, дэпутаты ВС, выкарыстоўвалі свае паўнамоцтвы, бралі пачкі з падпіснымі лістамі, прыходзілі да чыноўнікаў (яны ня мелі права адмовіць у прыёме) і патрабавалі ставіць пячатку. Але былі выпадкі, калі адмаўлялі і нам, дэпутатам, бо каманда «зьверху» была катэгарычнай: рабіць усё, каб БНФ подпісы не сабраў. Вельмі рашуча паводзіла сябе ў такіх сытуацыях Галіна Сямдзянава – яна, здаралася, проста фізычна блякавала кабінэт і прымушала чыноўніка ставіць пячатку. Чыноўнік выклікаў міліцыю. Але міліцыя нічога зрабіць не магла: дэпутат – асоба недатыкальная. Заўважу, што некалькі тысяч лістоў і дзясяткі тысяч подпісаў усё ж былі прызнаныя несапраўднымі, паколькі завяраліся не пячаткамі выканкаму, а пячаткамі агульных аддзелаў выканкаму (чыноўнікі сьвядома блякавалі працэдуру, адмаўляліся ставіць патрэбную пачатку.

Гэта былі людзі, якія актыўна падтрымалі БНФ, выступілі за перамены і не паверылі афіцыйнай прапагандзе

Праз два месяца пасьля сваёй рэгістрацыі – 13 красавіка – ініцыятыўная група прадставіла у ЦВК падпісныя лісты з 446 061 подпісам грамадзянаў Беларусі. Гэта былі людзі, якія актыўна падтрымалі БНФ, выступілі за перамены і не паверылі афіцыйнай прапагандзе, якая праз манапалізаваныя ўладай СМІ ўбівала ў галовы, што рэфэрэндум і новыя выбары пагражаюць палітычнымі ды сацыяльнымі катаклізмамі.

І, канешне, гэтая лічба 446 061 – вынік самаадданых высілкаў актывістаў БНФ у Менску, у абласных цэнтрах, а таксама ў мястэчках і вёсках, дзе зьбіраць подпісы было найцяжэй, бо кожны “фронтавец” быў навідавоку, бо нікуды ня падзелася безьліч спосабаў мясцовага начальства сапсаваць чалвеку жыццё. Людзі ведалі пра тое, але сьвядома ахвяравалі сваім часам, сваім дабрабытам.


Зянон Пазьняк і ўдзельнікі ініцыятыўнай групы каля сабраных БНФ подпісаў за рэфэрэндум. 13 красавіка 1992 г. Фотаздымак з газэты “Свабода”

Зянон Пазьняк і ўдзельнікі ініцыятыўнай групы каля сабраных БНФ подпісаў за рэфэрэндум. 13 красавіка 1992 г. Фотаздымак з газэты “Свабода”



ЦВК прыступіла да праверкі подпісаў. Да гэтай працэдуры кіраўніцтва Вярхоўнага Савету і ўраду падышло як да надзвычай важнай – у дапамогу членам ЦВК былі адмабілізаваныя (іншага слова і не падбярэш) дзясяткі (калі не памыляюся, больш як 60) супрацоўнікаў апарату Саўміну і мясцовых выканаўчых ворганаў, якія цягам некалькі тыдняў займаліся выключна і толькі праверкай падпісных лістоў. Да іх, вызваленых ад асноўнай працы (толькі на праверку), дадаліся і тысячы чыноўнікаў, якія займаліся праверкай паралельна са сваімі асноўнымі абавязкамі. Фактычна, месяц апарат краіны займаўся тым, што правяраў кожны ліст на сапраўднасьць – ці сапраўды грамадзяне, якія там пазначаныя, падпісаліся, ці правільна пазначаны іх адрас і пашпартныя зьвесткі, ці не падробленыя подпісы, ці сапраўды кожны падпісны ліст быў завераны пячаткай выканкаму.

Праца была – эгіпэцкая.

Пра яе маштаб сьведчыць хоць бы тое, што 2 372 лісты былі перададзеныя на почарказнаўчую экспэртызу. Гэта значыць, высокаклясныя графолягі былі вымушаныя праверыць на адпаведнасьць некалькі дзясяткаў тысяч (!) подпісаў.

Ішоў восьмы месяц існаваньня незалежнай дзяржавы, працы было – не разгрэсьці, а апарат правяраў падпісныя лісты, выратоўваў Вярхоўны Савет. Ну і сябе, канечне.

Але ўсе спробы даказаць, што БНФ ня здолеў набраць прадугледжаную законам колькасьць подпісаў, былі марнымі.

Старшыня ЦВК Аляксандар Абрамовіч заявіў, што «Цэнтральная камісія праверыла кожны падпісны ліст, а ня толькі тыя 2 тысячы 372 лісты, якія былі перададзеныя на почарказнаўчую экспэртызу. У выніку было выяўлена, што з агульнай колькасьці 446 тысячаў 61 подпісу – 51 тысяча 363 подпісы былі прызнаныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй як аформленыя з рознымі адступленьнямі. Зь яўнымі парушэньнямі патрабаваньня Закону аб рэфэрэндуме была аформлена колькасьць падпісных лістоў і подпісаў, якая складае менш за адзін працэнт ад агульнай колькасьці сабраных подпісаў».

Правяраючыя не знайшлі ніводнага факту фальсыфікацыі

І гэта істотна: правяраючыя не знайшлі ніводнага факту фальсыфікацыі – толькі адступленьні, у той ці іншай ступені, ад правілаў афармленьня падпісных лістоў (пазьней праціўнікі рэфэрэндуму будуць спасылацца на нібыта «фальсыфікацыі». Не было ніякіх фальсыфікацыяў. Фронтаўскія актывісты добра разумелі, чым можа пагражаць хаця б адна такая спроба).

У выніку, ЦВК прызнала сапраўднымі больш як 440 000 подпісаў – пры абумоўленых законам 350 000 неабходных для прызначэньня рэфэрэндуму.

«Звыш 250 тысячаў грамадзянаў прынялі рашэньне аб правядзеньні рэфэрэндуму – канстатаваў на прэсавай канфэрэнцыі старшыня ЦВК Абрамовіч. – Цяпер Вярхоўны Савет абавязаны толькі прызначыць дату рэфэрэндуму».

Уласна, прызначыць дату – гэта тэхнічная працэдура, якая магла б заняць 5 хвілінаў, а з улікам магчымых дэбатаў (напрыклад, што зручней – субота, нядзеля, альбо нейкі будзёны дзень) – максымум паўгадзіны.

У Вярхоўнага Савету не было ніякага права адмовіцца ад прызначэньня рэфэрэндуму

Паводле закону, у Вярхоўнага Савету не было ніякага права адмовіцца ад прызначэньня рэфэрэндуму – бо, юрыдычна, рашэньне пра яго правядзеньне было прынятае тым фактам, што патрэбная законам колькасьць грамадзянаў выказалася за яго правядзеньне. «Закон не прадугледжвае ніякіх рашэньняў ні з боку Цэнтральнай камісіі па рэфэрэндуму, ні з боку Вярхоўнага Савету аб тым, ці быць рэфэрэндуму» – канстатавалі прадстаўнікі ініцыятыўнай групы.

Уласна, адзін законны варыянт не праводзіць рэфэрэндум у ВС быў: ажыцьцявіць тое, што патрабавалі грамадзяне. Гэта значыць – увесьці ў дзеяньне Закон аб выбарах, падрыхтаваны Апазыцыяй БНФ, прыняць рашэньне аб самароспуску і прызначыць новыя выбары.

Але на гэта большасьць дэпутатаў не пагаджаліся. Заставалася – прызначыць дату.

Але дзеля гэтага патрэбна было склікаць сэсію ВС.

Права на скліканьне сэсіі мелі, паводле Канстытуцыі, Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету альбо – старшыня ВС.

На Прэзыдыюм ВС, надзеяў, зразумела, не было.

Заставалася адзіная магчымасьць – што сэсію прызначыць старшыня ВС Шушкевіч – які ў сакавіку 1990-га быў абраны народным дэпутатам БССР дзякуючы падтрымцы БНФ, у траўні 1990-га заняў пасаду першага старшыні ВС, дзякуючы падтрымцы Апазыцыі БНФ, і ў верасьні 1991-га быў абраны старшынём ВС, зноў жа, дзякуючы дэпутатам БНФ.

Але Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч узяў паўзу.

Доўжылася яна паўгады – аж да кастрычніка, калі сэсія, урэшце, была скліканая.

Часам кажуць, што для беларускай дэмакратыі паўза гэтая доўжыцца аж па сёньня...
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG