Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Мельнічэнка вярнуўся ў Кіеў?


Мікалай Мельнічэнка

Мікалай Мельнічэнка

Былы ахоўнік украінскага прэзыдэнта Кучмы Мікалай Мельнічэнка, арыштаваны напярэдадні ў кіеўскім аэрапорце «Барыспаль» пры прылёце зь Нью-Ёрку, даў першыя паказаньні.

Мельнічэнка быў абвешчаны ўкраінскай пракуратурай у міжнародны вышук у сувязі з абвінавачаньнямі ў разгалошваньні дзяржаўнай таямніцы, падробцы дакумэнтаў і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Год таму Мельнічэнка зьбег з краіны, пасьля таго, як супраць яго аднавілі расьсьледаваньне старой крымінальнай справы.

У 2000 годзе Мельнічэнка апынуўся ў цэнтры «касэтнага скандалу», калі апублікаваў аўдыёзапісы размоваў, нібыта зробленыя ў кабінэце тагачаснага прэзыдэнта Леаніда Кучмы. З запісаў вынікала, што Кучма можа быць датычны да расправы над журналістам Георгіем Гангадзэ. Паўтара года таму экс-кіраўніку дзяржавы Кучму былі выстаўленыя абвінавачаньні ў перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да забойства Гангадзэ, аднак, у мінулым сьнежні гэтую справу нечакана закрылі.

Улетку стала вядома аб затрыманьні Мельнічэнкі ў Нэапалі, але італьянскі суд не знайшоў прычын для яго экстрадыцыі ва Ўкраіну, і былы прэзыдэнцкі ахоўнік адправіўся тады ў ЗША, дзе ён мае статус уцекача.

Чаму жа Мікалай Мельнічэнка вырашыў вярнуцца на радзіму, калі ведаў, што там яго арыштуюць? Яго грамадзянская жонка, тэлевядучая Натальля Разінская тлумачыць гэта наступным чынам:

«Ён прыляцеў, таму што яму ёсьць што сказаць украінскага грамадзтву. Ён валодае велізарным аб'ёмам інфармацыі, абнародаваньне якой нявыгаднае вельмі многім людзям, якія знаходзяцца ва ўладзе і якія імкнуцца і далей кіраваць нашай дзяржавай».

У верасьні Мельнічэнка заявіў, што ў яго распараджэньні ёсьць аўдыёзапісы, якія сьведчаць аб датычнасьці экс-прэм'еркі Юліі Цімашэнкі да забойства данецкага бізнэсмэна і дэпутата Вярхоўнай Рады Яўгена Шчэрбаня. Уплывовы палітык быў расстраляны 16 гадоў таму ў аэрапорце Данецка. Першы намесьнік Генпракурора Рэнат Кузьмін летам абяцаў прад'явіць абвінавачаньні ў гэтай справе Цімашэнцы адразу пасьля яе выздараўленьня. Нядаўна экс-прэм'ерка папрасіла вярнуць яе са шпіталя ў Качаноўскую калёнію, паколькі яна ня можа лячыцца ва ўмовах, калі за ёй вядзецца пастаяннае відэаназіраньне.

Дырэктар сацыялягічнай службы «Украінскі баромэтар», палітоляг Віктар Небажэнка лічыць, што Мельнічэнка не па сваёй волі сеў у турму. «Яго завабілі сюды, гэта нейкая пастка, – кажа палітоляг. – А тое, што ён мае намер працягваць шантажаваць Цімашэнку і Кучму, па-за ўсялякім сумневам. Ня варта забываць, што тэхналёгія Мельнічэнкі паўстала як зброя супраць рэжыму Кучмы, а ня супраць Цімашэнкі або іншых асоб». Віктар Небажэнка не выключае, што ўлады, магчыма, рыхтуюць новую справу супраць Цімашэнкі з удзелам Мельнічэнкі, а таму пытаньне аб стужках, зьвязаных з былым прэзыдэнтам Кучмам, зноў становіцца актуальным.

Паплечнік Цімашэнкі, дэпутат Вярхоўнай Рады Сяргей Собалеў зьвязвае прыбыцьцё экс-маёра ва Ўкраіну з кампаніяй улады па дыскрэдытацыі апазыцыі.

«Цяпер нам раскажуць аб чарговай гісторыі, кампрамэтуюць апазыцыю, калі гэты шарлатан Мельнічэнка распавядае пра тое, што ў яго ёсьць нейкія матэрыялы супраць апазыцыі, – кажа дэпутат. – Цану Мельнічэнку ўсе добра ведаюць. Памятаем, як ён бегаў па апазыцыйных партыях, распавядаючы, што ў яго ёсьць матэрыялы супраць прэзыдэнта Януковіча. Таму, усё гэта мыльная опэра, якую ўлады разыгрываюць апошнія дні перад выбарамі, але гэта наўрад ці ім дапаможа».

Сяргей Собалеў пацьвярджае, што Мельнічэнка прасіў уключыць яго ў сьпіс кандыдатаў у дэпутаты ад апазыцыі, але яго, паводле слоў дэпутата, «адшылі» практычна ўсе ключавыя апазыцыйныя партыі. Ён насіў валізкі кампрамату, казаў, што ён будзе ключавым вешчуном. Усе гэтыя гады ён гандляваў сваімі стужкамі замест таго, каб даваць рэальныя паказаньні аб тым, што было. На жаль, Мельнічэнка зрабіў з палітыкі прыбытковы бізнэс, і ўсе гэта выдатна разумеюць», – кажа дэпутат Вярхоўнай Рады.

28 кастрычніка ўкраінцам трэба будзе выбраць новую Вярхоўную Раду. Экспэрты мяркуюць, што магчымыя выкрыцьці Мельнічэнкі не паўплываюць на зыход галасаваньня, а яго прызнаньні разам з новымі падрабязнасьцямі вясновага тэракту ў Днепрапятроўску будуць выкарыстаныя ўладамі ўжо пасьля выбараў.

«Пасьля выбараў улады прагназуюць шумную, нэгатыўную грамадзкую кампанію як унутры краіны, так і за мяжой. І для таго, каб адцягнуць увагу, панізіць цікавасьць да абнародаваньня вынікаў выбараў, ладзіцца адразу некалькі такіх буйных піяр-акцый. Адна зь іх – гэта выкрыцьцё нібыта банды падрыўнікоў, якія ажыцьцяўлялі тэракты ў Днепрапятроўску і іншых гарадах Украіны, а другое – чарговыя сэнсацыйныя сьведчаньні Мельнічэнкі, але ўжо прама з турмы, – лічыць дырэктар сацыялягічнай службы «Ўкраінскі баромэтар» Віктар Небажэнка.
XS
SM
MD
LG