Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Дынько: «Патрэбная салідарнасьць усіх інтэлектуалаў і журналістаў»


Жана Літвіна, Алесь Пашкевіч, Андрэй Дынько

Жана Літвіна, Алесь Пашкевіч, Андрэй Дынько

25 кастрычніка заснавальнік «Arche» Андрэй Дынько і выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара часопіса Алесь Пашкевіч зладзілі сустрэчу з журналістамі, каб адказаць на прэтэнзіі і закіды, якія прагучалі ў сюжэце Беларускага тэлебачаньня за 23 кастрычніка.

Напачатку многія лічылі, што гэтая справа вакол часопіса «Arche» — чыста эканамічнага характару, і выдаўцам выставяць абвінавачаньне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Былы галоўны рэдактар Валер Булгакаў, бухгальтарка Алена Казлова, цяперашні выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара Алесь Пашкевіч неаднаразова выклікаліся ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў. Пачаліся нават праверкі на шклоўскай папяровай фабрыцы, дзе часопіс купляў паперу. Але пасьля сюжэту па БТ стала зразумела, што справа носіць палітычны характар.

Заснавальнік выданьня Андрэй Дынько: «Гаворка ідзе пра спробу разгрому выданьня, разгрому інтэлектуальнага асяродку „Arche“. Шукаецца толькі спосаб, якім чынам гэта зрабіць. Гэты рэпартаж дае падставы меркаваць, што за гэтай атакай на „Arche“ стаіць палітычнае рашэньне, і што ўсім гэтым справам папярэднічаў палітычны заказ».

Выдаўцы прынесьлі на сустрэчу нумары часопісаў, якія былі паказаныя ў кадры і якія, на думку аўтара сюжэту Аляксандра Вярбіцкага, носяць экстрэмісцкі характар, у якіх прапаганда нацызму і фашызму.

Алесь Пашкевіч: «Нібыта праводзіць пранацысцкую, фашысцкую прапаганду „Кніга магістрата месца Полацка“ 1727 году. Гэта проста публікацыя гістарычнай крыніцы, якая захоўваецца ў Беларускім гістарычным архіве. Нібыта гэтая кніга нясе экстрэмісцкі зьмест. Ці кніга Яна Станкевіча „Язык і языкаведа“. Ці вось кніга вядомага беларускага гісторыка Ўладзімера Ляхоўскага „Ад гоманаўцаў да гайсакоў“ з падзагалоўкам „Чыннасьць беларускіх моладзевых арганізацый у другой палове 19 стагодзьдзя — першай палове 20 стагодзьдзя“ — да 1939 году. Па самой храналёгіі відаць, што пра фашысцкую акупацыю ніякай тут ня можа ісьці гаворкі».

Дарэчы, абураны паказам сваёй кнігі па БТ у такім кантэксьце гісторык Уладзімер Ляхоўскі напісаў афіцыйны ліст на тэлебачаньне.

А тэматычны часопіс «Беларусь пад фашысцкай акупацыяй» выйшаў у 2008 годзе. Усе тэксты, акрамя аднаго, належаць замежным аўтарам — з Ізраілю, Нямеччыны, ЗША, Швэцыі. Прычым усе матэрыялы — проста перадрукі ў перакладзе на беларускую мову з замежных акадэмічных выданьняў, падкрэсьлілі выдаўцы.

Пасьля рэпартажу ў выдаўца «Аrche» Андрэя Дынько склалася ўражаньне, як ён выказаўся, што не ў палітыку стралялі:
Сёньня „Arche“, заўтра па той жа схеме — літаратурны часопіс, незалежны штотыднёвік, інтэрнэт-партал

«Пагром інтэлектуальнага асяродку, закрыцьцё выданьня нанясе непапраўную шкоду беларускай інтэлектуалістыцы. Сёньня „Arche“, заўтра па той жа схеме — літаратурны часопіс, незалежны штотыднёвік, інтэрнэт-партал... Патрэбна ў гэтай сытуацыі салідарнасьць усіх інтэлектуалаў і ўсіх журналістаў. Прыйдзецца зьвяртацца да міжнародных інтэлектуалаў аб падтрымцы і прынамсі аб розгаласе пра гэтую справу».

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна яшчэ раз зьвярнула ўвагу на ролю БТ: маўляў, калі зьяўляецца сюжэт на першым канале — гэта сапраўды заказны матэрыял, скіраваны на дыскрэдытацыю і на падрыхтоўку грамадзкай думкі. Гэта, на думку Літвіной, кепскі знак:

«Сапраўды патрэбнае адзінства вакол гэтай праблемы. Бо часопіс, я лічу, выбітны ў нашай інфармацыйнай прасторы, часопіс вельмі сур’ёзны, інтэлектуальны, страціць мы яго ня можам. Часопіс фармуе грамадзянскую сьвядомасьць, і таму ён перашкаджае ў той генэральнай лініі дзяржаўнай ідэалёгіі».

Тым ня менш, хоць справа яшчэ не заведзеная, ідуць праверкі і экспэртызы, дзейнасьць часопіса на няпэўны час прыпыненая.

Алесь Пашкевіч: «Фактычна дзейнасьць часопіса на сёньняшні дзень заблякаваная разам з арыштам рахунку. Два новыя нумары падрыхтаваныя, фактычна ўжо ёсьць у друкарні. Аднак аплаціць друк з-за арышту рахункаў мы ня можам. Пытаньне з рахункам мы спрабавалі вырашыць, пакуль закрыты ён па надуманых прычынах: Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў прадпісвае, што (чытаю на мове арыгіналу) „на основании отказа в предоставлении для проведения проверочных мероприятий документов бухгалтерского, налогового учёта и иных документов и сведений“. Гэта няпраўда, усе дакумэнты мы ім прадставілі. Натуральна, мы падавалі пратэсты. Два тыдні таму накіравалі ім паперу, але рэакцыі на яе няма».

Ні супрацоўнікі ўпраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў па Менскай вобласьці, якія вывучаюць матэрыялы, ні прэсавая служба Камітэту дзяржкантролю ніякіх камэнтароў і тлумачэньняў па справе «Arche» не даюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG