Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямашка прывёз у Маскву нафтавы балянс


Уладзімер Сямашка

Уладзімер Сямашка

25 кастрычніка першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка прыбыў у Маскву, каб абмеркаваць зь віцэ-прэм’ерам Расеі Аркадзем Дварковічам пытаньне паставак расейскай нафты.

Кіраўнік расейскага Мінэнэрга Аляксандар Новак, які 19 кастрычніка правёў перамовы ў Менску з прэм’ерам Міхаілам Мясьніковічам, паведаміў, што Сямашка і Дварковіч абмяркуюць індыкатыўныя балянсы паставак нафты і нафтапрадуктаў на чацьвёрты квартал гэтага і на першы квартал наступнага году. Маўляў, працягваецца абмен інфармацыяй па разьліках гэтых балянсаў.

Прэс-сакратар беларускага ўраду Вольга Доўгая не раскрывае парадак дня сустрэчы Ўладзімера Сямашкі:

«Так, ён паляцеў у Маскву. Але адбыліся перамовы ці не — у мяне інфармацыі няма. Але паездка пачалася».

Беларускі бок спадзяецца, што Расея сёлета адновіць пастаўкі нафты ў раней заплянаваных памерах, а на наступны год Беларусь атрымае больш — 23 мільёны тон. У сваю чаргу, Масква акцэнтуе ўвагу на менскіх даўгах. Расейскія мэдыі распаўсюдзілі заяву амбасадара Аляксандра Сурыкава, што Беларусь павінна да канца гэтага году паставіць Расеі каля 6 мільёнаў тон нафтапрадуктаў згодна з падпісаным балянсам. Ён адзначыў, што гэтыя пастаўкі не ажыцьцяўляліся. Адносна таго, ці задаволіць Расея нафтавыя апэтыты афіцыйнага Менску, Сурыкаў сказаў, што гэта справа балянсу і абмеркаваньня ў рамках саюзнай дзяржавы.

Прадстаўнік расейскага Інстытуту энэргетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў не бярэцца прагназаваць вынікі перамоваў. Аднак пазыцыі бакоў моцна разыходзяцца, і пакуль больш аргумэнтаў за тое, што Расея ня пойдзе на прапановы Сямашкі:

«У кожнага боку ёсьць свая праўда. Нават тое, што казаў Лукашэнка пра выдзяленьне радовішча для Беларусі. Хоць гэта непрапарцыйны разьмен. Магчыма, сустрэча гэтая, у тым ліку, па запаветах Лукашэнкі — што трэба нечым памяняцца. Памяняць НПЗ на 10 мільёнаў тон нафты ці 10 мільярдаў кубамэтраў газу. Але я думаю, што з такой прапановай у Маскву ехаць бессэнсоўна. Неадэкватны кошт актываў. Беларускія НПЗ шматкроць таньнейшыя. Уласна, чаму Расея ў многім гэта пачала, была вымушана зьвярнуць увагу Беларусі на праблему з растваральнікамі? Бо страты былі даволі істотнымі і былі супастаўныя якраз з тымі ж беларускімі НПЗ».

Экспэрт у энэргетычнай галіне Станіслаў Гусак кажа, што Расея зацікаўленая ў тым, каб трымаць Беларусь на адлегласьці выцягнутай рукі. Ён таксама мяркуе, што даўгі Расеі можна аддаць, але гэта будзе біць па Беларусі. Бо ўжо бачна, што робіцца з цэнамі і заробкамі.
Тут не працуюць законы рынку. Мы апынуліся калёніяй Расеі

«Мы як ні рвемся наперад, а ўвесь час чамусьці ззаду. А гэта таму, што Беларусь вельмі падобная да калёніі, якую атрымала Расея. Ну, калёнію такую хітрую. Інтэграцыя — гэта калянізацыя. У Азэрбайджане і Грузіі наўпрост сказалі, што мы былі калёніяй Расейскай імпэрыі, больш мы калёніяй ня будзем. Гэта трэба сказаць і беларусам. Толькі тады будзем жыць добра і ня будзем думаць пра тое, адкуль прыйдзе нафта, будзе нармальны рынак. Уся гэтая праблема ад таго, што Расея — манапаліст на рынку паліва. А калі манапаліст — як можна ўгадаць, што манапаліст зробіць? Тут не працуюць законы рынку. Мы апынуліся калёніяй Расеі».

Непаразуменьні ў нафтавых дачыненьнях паміж Беларусьсю і Расеяй узьніклі пасьля таго, як расейскае кіраўніцтва абвінаваціла афіцыйны Менск ва ўхіленьні ад сплаты мыта ў расейскі бюджэт. Маўляў, пад выглядам растваральнікаў беларускі бок экспартаваў на эўрапейскі рынак нафтапрадукты. У выніку расейскі бюджэт не далічыўся ў першым паўгодзьдзі каля мільярда даляраў. Ужо ў гэтым квартале Расея зьменшыла пастаўкі нафты ў Беларусь з 5,3 да 4 мільёнаў тон.
XS
SM
MD
LG