Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка не ўпершыню разважае пра дэмакратыю. Але ў інтэрвію ангельскай газэце «Індэпэндэнт», беларускую афіцыйную вэрсію якога паказалі ў сераду па БТ, мусіць, упершыню тэма дэмакратыі была ў цэнтры ўвагі. Тут кіраўнік Беларусі ў канцэнтраваным выглядзе выклаў свае погляды на згаданы прадмет. Трэба сказаць, што гэтым разам Лукашэнка напоўніцу выкарыстаў увесь свой талент дэмагогіі. Паспрабуем раскласьці ягоныя тэзісы па паліцах.

1. Што вы, заходнікі, крытыкуеце нашу дэмакратыю, калі ў вас саміх яе няма? Толькі шырма. І падзел уладаў на Захадзе – толькі фікцыя. У Вялікай Брытаніі няма Канстытуцыі. Гэта ж жах, вы як абарыгены. У ЗША выбарчая сыстэма нікуды ня вартая, бо прэзыдэнта выбіраюць ня большасьцю галасоў па ўсёй краіне, а большасьцю ў кожным штаце. У выніку прэзыдэнт абіраецца меншасьцю.

Гэта клясычная мэтода абвяргаць апанэнта паводле прынцыпу «сам дурны». Гэта ўзровень спрэчкі Шуры Балаганава з Панікоўскім: «А ты хто такі?»

Палітычную, у тым ліку выбарчую, сыстэму любой краіны можна лічыць функцыянальнай пры ўмове, калі адносна яе існуе агульнанацыянальны кансэнсус, яна прызнаная грамадзтвам, элітамі, апазыцыя прызнае вынікі выбараў. У Беларусі ж якраз такога няма, па гэтым пытаньні існуе раскол.

2. Ваша дэмакратыя – з крывёю. Навошта вы разбамбілі Ірак, Лібію? Маючы такія гістарычныя грахі, вы павінны сядзець пад венікам некалькі дзесяцігодзьдзяў і маўчаць, а не вучыць нас жыць.

Гэта звычайная падмена паняткаў. Вы мяне пра маю дэмакратыю, а я вам пра вашу вонкавую палітыку. Вы мне пра абразы, я вам пра гарбузы. Але прэзыдэнт, мабыць, упэўнены, што знайшоў удалы аргумэнт, лёгка зрэзаў апанэнта.

3. Калі б не было ціску з боку Захаду, не было палітыкі экспарту дэмакратыі, то з гэтай справай у Беларусі было б лепш. А так мы мусім адбівацца. А дзеля гэтага трэба аб'ядноўвацца вакол лідэра, нельга гуляць у дэмакратыю. Таму самі вінаватыя. І выснова: перастаньце ціснуць.

Лёгіка цалкам зразумелая. Але такая выснова не пацьвярджаецца досьведам. Была спроба дыялёгу, калі ціск быў слабы. А вынікі аднолькавыя.

4. Дэмакратыя – гэта працэс. Нельга ангельскую мадэль перанесьці ў Беларусь, бо грамадзтва не гатовае, не дасьпела. Трэба, каб усё было паступова, нельга падштурхоўваць.

То бок атрымліваецца, што разумная ўлада беражэ неразумны народ ад хаосу, чакае, пакуль людзі дасьпеюць. Але праблема ў тым, што гэты працэс разьвіваецца якраз-такі ў адваротны бок.

5. Галоўнае ў жыцьці людзей – эканамічны дабрабыт, сацыяльныя правы. Калі гэтага няма, то навошта дэмакратыя? Вось няшчасны народ Літвы, якая страціла прамысловасьць, як пакутуе.

Гэта стары тэзіс савецкай прапаганды, якая цьвердзіла, што для чалавека ў асноўным важныя сацыяльна-эканамічныя, а не палітычныя, грамадзянскія правы. Такія цьверджаньні грунтуюцца на прымітыўным поглядзе на чалавека. Маўляў, калі яго добра карміць і паіць, то яму больш нічога і ня трэба.

6. Вы кажаце, што прэзыдэнт у Беларусі сканцэнтраваў усю ўладу, таму, маўляў, дыктатар. Але гэта было патрэбна для выратаваньня краіны. І да таго ж вялікая ўлада – гэта ж і вялікая адказнасьць. Вось у грамадзяніна цячэ дах – ён лічыць, што вінаваты прэзыдэнт.

Адказнасьць можа быць толькі ва ўмовах дэмакратыі. Калі народ з дапамогай выбараў і іншых мэханізмаў дае сваю ацэнку ўладзе. Калі такіх мэханізмаў няма, то няма і адказнасьці.

Усе прыведзеныя вышэй тэзісы неяк ускосна, падспудна, прыхавана, але прызнавалі, мелі на ўвазе, што з дэмакратыяй у Беларусі ёсьць пэўныя праблемы – але, маўляў, яны маюць аб'ектыўныя прычыны. Далей пайшлі цьверджаньні, што з дэмакратыяй у Беларусі ўсё проста выдатна, лепей і быць ня можа.

7. У Беларусі поўная дэмакратыя, нават лепшая, чым у ЗША. Бо ў Злучаных Штатах прэзыдэнта выбіраюць меншасьцю, а ў нас – большасьцю. А тое, што выбары несправядлівыя – гэта паклёп «пятай калёны». Прывядзіце факты парушэньняў! Іх няма.

Фактаў шмат. Высновы незалежнага назіраньня выкладзеныя ў цэлых кнігах.

8. У Беларусі ня можа быць дыктатуры, таму што тут няма рэсурсаў: нафты, газу і інш.

Якая сувязь паміж рэсурсамі і дыктатурай – незразумела. На Кубе, у Паўночнай Карэі няма рэсурсаў, але гэта ніяк не перашкаджае існаваньню там дыктатарскіх рэжымаў многія дзесяцігодзьдзі.

9. Апошні аргумэнт пра немагчымасьць дыктатуры тычыцца асобы лідэра. Ён варты таго, каб прывесьці цытату цалкам. «Тое, што я не дыктатар, – гэта 100 адсоткаў так, таму што гэта супярэчыць наогул маёй сутнасьці. Я дэмакрат больш, чым вы, нават у вашым разуменьні гэтага працэсу і гэтага слова. Я свабоду чалавека цаню вышэй за ўсё».

Без камэнтароў.

Увогуле, усе гэтыя высновы наўрад ці ўразяць ангельскую публіку. Яны больш разьлічаныя на беларускую аўдыторыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG