Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спроба мабілізацыі ў чатырох гарадах


Жана Солап, Юлія Балакір, Тацяна Караткевіч, Ігар Драко

Жана Солап, Юлія Балакір, Тацяна Караткевіч, Ігар Драко

Кампанія «Гавары праўду» адкрыла офісы «Грамадзянскай дамовы» ў Слуцку, Рагачове, Белаазёрску і Глыбокім.

У адкрыцьці слуцкага офіса ўдзельнічалі Тацяна Караткевіч і Ігар Драко, якія балятаваліся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад кампаніі «Гавары праўду».

Актывісты «Гавары праўду» кажуць, што ў Белаазёрску (Берасьцейская вобласьць) да «Грамадзянскай дамовы» далучыліся 25 чалавек, у Глыбокім (Віцебская) — 20, Рагачове (Гомельская) — 18, у Слуцку (Менская) — 10 чалавек.

«Грамадзянская дамова» — праект «Гавары праўду», мэта якога — у кантакце з жыхарамі пэўнай мясцовасьці дамагацца ад уладаў разьвязаньня праблемаў.

Валянтэрка Юлія Балакір кажа, што бліжэйшымі днямі пачынае зьбіраць подпісы жыхароў вуліцы Сацыялістычнай у Слуцку з патрабаваньнем, каб гарадзкія ўлады залаталі дзіркі ў асфальце. Раней, кажа Балакір, зьвярталіся ў мясцовае ЖКГ, але там заявілі, што на рамонт дарогі няма грошай.

«Гэта першая праблема, за якую мы возьмемся. Думаю, пад патрабаваньнем адрамантаваць дарогу падпішуцца ўсе», — кажа кіраўніца слуцкага офіса Жанна Солап.

Слуцкі офіс месьціцца на прыватнай кватэры. Актывісты прасілі не называць дакладнага адрасу. Трымаць зь імі сувязь лепш праз сайт кампаніі.




Актывісты «Гавары праўду» кажуць, што асноўная мэта «Грамадзянскай дамовы» — мабілізаваць выбарцаў і падрыхтаваць кандыдатаў на мясцовыя выбары, які павінны будуць адбыцца ў 2013 годзе.

«На выбарах мы абяцалі грамадзянам, што застанемся зь імі пасьля выбараў. Перамены ў Беларусі пачнуцца толькі тады, калі мы будзем у штодзённым жыцьці грамадзян. Нашы офісы стануць першым крокам у падрыхтоўцы да мясцовых выбараў», — заявіў адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG