Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Хочаце як у Англіі? Добра, заўтра я буду каралём!


Архіўнае фота

Архіўнае фота

Тэлеканал Беларусь-1 паказаў сваю вэрсію скандальнага інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі газэце «Індэпэндэнт», якое доўжылася 4 гадзіны. БТ паказала крыху больш за гадзіну.

Шмат выказваньняў Лукашэнкі раней былі цытаваныя агенцтвам БелТА.

Што новага паказала БТ?

Пра «тэрытарыяльныя прэтэнзіі»


Лукашэнка заявіў, што былі цэнтрабежныя працэсы ў Беларусі:

«Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў нават у нас ішлі актыўныя размовы пра тое, што Заходняя Беларусь ( яны ў Польшчы і цяпер не сьціхаюць, і мапы надрукавалі, што гэта польская тэрыторыя, якая незаконна ў Беларусі знаходзіцца). А на поўдні Палесься быў нацыяналістычны рух аб аддзяленьні і стварэньні Палескай рэспублікі... А потым вядомая фраза, што някепска зноў зрабіць Беларусь Паўночна-Заходнім краем, каб Беларусь абласьцямі ўвайшла ў склад Расеі. Нам удалося супрацьстаяць гэтаму. Мы павінны быць мастом паміж Усходам і Захадам».


Пра падзел уладаў


«Сутнасьць сыстэмы заключаецца ў тым, што ўрад узначальвае выканаўчую ўладу, не прэзыдэнт, парлямэнт прадстаўляе заканадаўчую ўладу, ёсьць у нас судовая ўлада, і ёсьць прэзыдэнт, які каардынуе і накіроўвае ўсе гэтыя галіны ўлады.

Незалежнасьць галін улады — гэта поўная лухта. Ці так яны незалежныя ва Ўкраіне, Вялікабрытаніі ці Амэрыцы. Калі трэба яны становяцца ў шэраг і ідуць куды трэба», — заявіў Лукашэнка.



Пра маўклівыя акцыі пратэсту


«Было падабенства нейкіх маўклівых акцыяў пратэсту, калі людзі, разумеючы, што нельга больш ламаць дзьверы ў Доме ўраду, стаялі пад вакном маёй рэзыдэнцыі.

Стаялі, апладзіравалі, зьдзекваліся. Але мы нікога не чапалі, бо ім трэба была карцінка. Яны пайшлі на парушэньне закону, калі пабачылі, што мы іх не чапаем. Яны перакрывалі дарогі без дазволу».

«Я ня памятаю, каб міліцыянт у Беларусі прымяніў зброю па законе, мы не прымянялі вадамёты для разгону дэманстрацыяў. Нават калі разламалі дзьверы ў Доме ўраду, мы не прымянілі вадамёты і сьлезацечны газ».

Ня трэба беларускаму народу гэтая дэмакратыя, калі няма эканомікі


На пытаньне, ці не зашмат у яго паўнамоцтваў і ці не пара ад іх адмовіцца, Лукашэнка адказаў:

«Так, шмат. Але нам трэба было выратаваць краіну, аб’яднацца вакол чагосьці і выстаяць. На мяне гэта выпала — быць у цэнтры яднаньня гэтага народу. Я стараўся гэтую ролю адыграць.

Калі б з вашага боку (Захаду) не было гэтага ціску, можна было б ад гэтага адмовіцца, вы нас наадварот штурхаеце ў зваротны бок, вы ня хочаце ў нас дэмакратыі, вы хочаце зрабіць нас, як Літву, Латвію. Ня трэба беларускаму народу гэтая дэмакратыя, калі няма эканомікі, калі чалавек ня можа зарабіць на жыцьцё, калі зьнішчаныя самыя перадавыя вытворчасьці».

Пра стомленасьць ад пасады


Лукашэнка настойвае, што ён не дыктатар: «Я стаміўся ад таго, што мне даводзіцца многія працэсы кантраляваць у Беларусі. Гэта каштуе калясальнай працы, ніхто цябе не заменіць, асабліва ў карупцыйным працэсе, які захапіў увесь сьвет. Можа і ёсьць у нас элемэнты аўтарытарызму… Гэта самая цяжкая праца, калі ты працуеш прэзыдэнтам».

Пра КДБ


«Беларускі КДБ — гэта не савецкі КДБ. Добра, мы пераймянуем КДБ, а што зьменіцца? А за тое, што было раней я не адказваю».

Пра распад СССР


Лукашэнка паўтарыў, што ён адзіны галасаваў супраць распаду СССР.
«Гэта была сур’ёзная геапалітычная памылка. Нават не памылка — гэта злачынства з боку тых, хто гэта зрабіў. А для плянэты — гэта катастрофа».

Пра аднаполыя шлюбы


«Я чалавек клясычны ў гэтым пляне. Галоўная мэта тут — старэньне сям’і і выхаваньне дзяцей. Калі жанчына з жанчынай — ну, гэта нашая, мужыкоў, віна, што замест мужчын жанчыны шукаюць жанчын, я з шкадаваньнем успрымаю лесьбіянства.

А вось што датычыць мужыкоў з мужыкамі — я кажу: сьвят-сьвят. Я не асуджаю іх. Пакуль гэта за мяжою майго разуменьня. Таму мне няма чаго лезьці ў гэтую тэму. Я гэта калі і ўспрымаю, то скрайне нэгатыўна. Калі вы, мужчына, народзіце — то, можа, я па-іншаму буду ставіцца».

Пра немагчымасьць сяброўства Беларусі ў ЭЗ


«Мы ніколі ня будзем у вашай эўрапейскай супольнасьці, бо вы нам ставіце непрымальныя ўмовы: нам трэба памяняць краіну, памяняць канстытуцыйны лад, замяніць усё кіраўніцтва, лепей перадаць „пятай калёне“ ўладу. Ня толькі я, але і наш народ ня прыме такое. Пайсьці на масавы распродаж прадпрыемстваў за бясцэнак. Калі б мы сёньня адвярнуліся ад Расеі й пайшлі ў вашым кірунку, мы былі б вашымі сябрамі. Гэта нам непрымальна».

Пра экспарт дэмакратыі


Лукашэнка настойвае, што Беларусі не патрэбны экспарт дэмакратыі:

«Дэмакратыя, як у Вялікабрытаніі, у Беларусі не прыжывецца. Фармаваньне дэмакратычнай дзяржавы — гэта доўгі працэс, калі ён увогуле прымальны для нас. Ды ў вас і няма дэмакратыі. Гэта не дэмакратыя, гэта шырма».

«Ад гэтай дэмакратыі ўвесь беларускі народ ванітуе, разам з расейцамі і ўкраінцамі».

Брытанцы — абарыгены і варвары


«У вас жа Канстытуцыі няма, абарыгены нейкія, у вас краіна — аплот дэмакратыі, а няма Асноўнага закону... А давайце ў гісторыю заглянем, вы ж зьнішчылі мільёны людзей, мячом і жалезам травілі і забівалі. А цяпер такія пушыстыя і добрыя. А навошта вы зьнішчылі Ірак? Вы там каля мільёна чалавек угробілі. Вы як былі імпэрыялістамі, так імі і засталіся. Вы ж барбары. Вы баязьліўцы, вы з паветра там бамбілі».

Пра прэзыдэнта Сырыі


«У мяне цудоўныя адносіны з Башарам Асадам, мы шмат разоў зь ім сустракаліся. Гэта цудоўны эўрапейскі чалавек».

Пра каралеўскі трон


«У нас парлямэнт, дзьвюхпалатны парлямэнт. Вы хочаце, як у Англіі? Добра, заўтра я буду каралём. Манархіяй будзем, вы ж прапанавалі — сыстэма, як у Англіі. Я як англійская каралева буду. Калі я толькі заўтра заікнуся, што Лукашэнка будзе англійскай каралевай без улады, то вы ў дзясяты раз здрыганецеся ў Амэрыцы, у Англіі. Яны проста не прымаюць Лукашэнку. Вось галоўнае сутыкненьне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG