Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратар прэзыдэнта. Бяз фота і біяграфіі


Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі Павел Лёгкі прызначаны дарадцам амбасады Беларусі ў Расеі.

Пра гэта гаворыцца ў адпаведнай пастанове Савета міністраў Беларусі ад 22 кастрычніка. Дакумэнт зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь, але пакуль афіцыйна не апублікаваны.

Павел Лёгкі ўзначальвае прэс-службу Аляксандра Лукашэнкі з 2003 году і зьмяніў на гэтай пасадзе Дзьмітрыя Жука, які быў прызначаны рэдактарам дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Разам з кіраўніком прэс-службы прэзыдэнта раней у Аляксандра Лукашэнкі таксама быў прэс-сакратар. Апошнім, хто працаваў на гэтай пасадзе (да 2004 года), была Натальля Пяткевіч.

Ані фота, ані біяграфіі Паўла Лёгкага на сайце прэзыдэнта Беларусі няма. Журналісты незалежных СМІ ня могуць прыпомніць, каб ён праводзіў прэсавыя канфэрэнцыі, выступаў па тэлебачаньні, як напрыклад, ягоныя калегі ў Расеі, Літве, Польшчы, ЗША. Прадстаўнікі СМІ адзначаюць, што звычайна Павал Лёгкі даваў камэнтары па тэлефоне. Мала хто бачыў яго асабіста. Афіцыйна не паведамляецца, якую адукацыю ён атрымаў, дзе працаваў раней.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі толькі аднойчы бачыў Паўла Лёгкага. У 2010 годзе падчас саміту АБСЭ ў Астане.

Якаўлеўскі: Больш я яго асабіста ня мог бачыць. Што тычыцца самой пасады, то адрозна ад яго расейскіх калегаў, пасада кіраўніка прэс-службы беларускага прэзыдэнта, не ўплывовая сярод чыноўнікаў. У Лукашэнкі ўвогуле няма асабістага прэсавага сакратара. Ён сам сабе прэсавы сакратар. Пэўны час гэту пасаду выконвала Натальля Пяткевіч. Удала ці няўдала, розныя меркаваньні ёсьць, але я б не сказаў, што гэта фігура ўплывовая.

РС: Прызначэньне дарадцам у амбасаду Беларусі ў Расеі — гэта падвышэньне і паніжэньне?

Якаўлеўскі: Вельмі лягічнае прызначэньне. Напярэдадні было яшчэ цікавае прызначэньне ў маскоўскую амбасаду — Уладзімера Матвейчука, былога шэфа БТ, міністра культуры, а апошнім часам загадчыка прэзыдэнцкай канцылярыі. Такім чынам нібыта ўзмацняецца пэрсанал у беларускай амбасадзе.
XS
SM
MD
LG