Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да юбілею Коласа рыхтуюцца як да «Дажынак»


Рэстаўрацыя дома Якуба Коласа
Рэстаўрацыя дома Якуба Коласа

Сёлета адзначаецца 130-годзьдзе з дня нараджэньня народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Як ідзе падрыхтоўка да юбілею, да якога засталося крыху больш за тыдзень?


Дырэктарка дзяржаўнага літаратурна-мэмарыяльнага музэю Якуба Коласа ў Менску Зінаіда Камароўская на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды юбілею распавяла, што праведзены капітальны рамонт фасаду будынка музэю і рэстаўрацыйныя працы на яго тэрыторыі:

«Будынак набыў новы, лепшы выгляд. Яшчэ там засталіся крышку штрыхі зрабіць».

Вокны на другім паверсе музэя моцна запацелыя, рамантуецца сьцёкавая сыстэма, сьметніцы брудныя. Магчыма, хоць да дня нараджэньня ўсё будзе зроблена. Адны з дзьвярэй, паводле спадарыні Камароўскай, знаходзяцца на рэстаўрацыі:

«Яны на рэстаўрацыі, і рэстаўруе іх спэцыяліст па дрэву. Таму гэта зацягнулася. І так у тэмпе ён працуе, паколькі зачыстка элемэнтаў, замена некаторых, пасьля пакрыцьцё лякам. А надвор’е такое, што не зусім сохне. К сьвяту будуць».

Што да запацелых вокнаў, то спадарыня Камароўская тлумачыць гэта тым, што ідзе няправільны паток паветра. Тры гады таму гэтыя вокны паставілі крыху ня так:

«Яны паставілі шклопакеты. Абалонка сама родная, а самі вокны — яны паставілі падвойныя шклопакеты».

Унучка песьняра Вера Міцкевіч кажа, што ёй не падабаецца, тое, што перарабілі:

«Тэрыторыя каля музэю поўнасьцю зроблена з пліткай. Гэта было пры жыцьці Коласа? Вядома, не. Гэта ж страчана мэмарыяльнасьць тэрыторыі. Калі там былі прысыпаныя дарожкі дробнай гравеечкай, каб экскурсанты маглі хадзіць. А іншая справа, калі гэта ўсё закатана ў плітку. Мне казалі, што плітка, якую зрабілі на бальконе, то яна ўжо адвальваецца. Бо гэта ж трэба ў час класьці, калі добрае, сухое надвор’е».

Спадарыня Камароўская сказала, што плітку паклалі для зручнасьці, «каб не ішла гразь у музэй».

«Пры Коласу тут былі клюмбы. Іх зараз ня зробіш, бо вырас лес і кветкі не растуць, якія былі пры Коласу. Мы калегіяльна вырашылі, што трэба выкласьці, каб было зручна хадзіць наведнікам. Тое што плітку паклалі, — я лічу, што гэта вельмі правільна».

Праведзены рэстаўрацыйна-рамонтныя працы і на мэмарыяльных сядзібах на радзіме песьняра, у філіялах музэю — Акінчыцы, Смольня, Ласток, Альбуць. Паводле Камароўскай, тут дапамаглі мясцовыя ўлады Стаўпецкага раёну:

«Заменены паркан, заменены дахі. У нас у Смольні маецца двухпавярховы будынак літаратурнай экспазыцыі, дзе заменены праёмы дзьвярныя і вокнаў, фасад зроблены. Карацей, набыў крыху лепшы і цікавы выгляд наш філіял. Пляцень памянялі. Там частка дома, дзе жыве пляменьніца Якуба Коласа, паколькі яны трымаюць шмат сабак, мы адгарадзілі, каб гэтыя сабакі не вылазілі. Мы зрабілі прыгожы плот. Мы паставілі плот з мэмарыяльнага, выбралі, які не падгніў, і прыгожа пафарбавалі. Пачышчана, зробленая дарога да Альбуці».

Намесьнік старшыні Стаўпецкага райвыканкаму Сяргей Шэсьцель распавёў на прэс-канфэрэнцыі, што адрамантаваны ўсе пад’езныя дарогі да сядзібаў, адноўлены зьнешні выгляд, часткова праведзена рэканструкцыя драўляных скульптур кампазыцыі «Шлях Коласа».

«Дзякуючы фінансавай дапамозе Менаблвыканкаму зроблены касмэтычны рамонт у школе ў вёсцы Мікалаеўшчына, якая носіць імя Якуба Коласа. Нам удалося аднавіць фасад, сьцены будынка, вокны замяніць, зрабіць ліўневую сыстэму і добраўпарадкаваць школьную тэрыторыю. Усяго было асвоена 650 мільёнаў рублёў. Апроч таго, за сродкі мясцовага бюджэту заасфальтавана вуліца ў горадзе, якая носіць імя Якуба Коласа. На гэта патрачана 756 мільёнаў рублёў».

А ў якім стане помнік на магіле Якуба Коласа на Вайсковых могілках у Менску? Унучка песьняра Вера Міцкевіч распавяла, што зроблены нейкія касмэтычныя працы:

«Нешта мылі, вось такога пляну. Але гэта ня лічыцца рэстаўрацыяй. Ніхто, напрыклад, пліту не здымаў. Я ставіла пытаньне рэстаўрацыі. Там ёсьць моцныя пашкоджаньні. Асабліва барэльефу, гэта работа Азгура. Надмагільная плітка коласаўскага помніка — ніхто яе не здымаў і не паліраваў. Гэтыя трэшчыны, што на помніку мармуровым Марыі Дзьмітрыеўны. Гэтыя помнікі ўваходзяць у дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў».</dash1024
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG